Мінчук паказаў, што рабіць, калі машына трапіла па вокны ў ваду падчас патопу ВІДЭА
Пасля моцных дажджоў у Мінску ў тыктоку з’явілася шмат відэа з аўтамабілямі, якія апынуліся ў вадаёмах на затопленых вуліцах. Адзін з кіроўцаў паказаў, што можна зрабіць, калі машына трапіла ў ваду па вокны і апынулася амаль у воднай плыні, заўважыла выданне Telegraf.news.

У такой сітуацыі лёгка атрымаць так званы гідраўдар — калі вада трапляе ў паветразаборнік і разам з паветрам засмоктваецца ў рухавік, што выклікае моцныя ўдары па шатунных механізмах і іншых дэталях. У выніку рухавік можа заглухнуць і не заводзіцца, а тады з такога месца выбрацца ўжо можна толькі з дапамогай эвакуатара, а рамантаваць аўто будзе дорага.
Звычайна праз глыбокія лужыны раяць ехаць павольна, не глушачы рухавік. Але калі дарога цалкам залітая вадой, гэта можа быць небяспечна для звычайнага легкавіка.
Кіроўца з Мінска падчас аднаго з патопаў паказаў, што для зніжэння рызыкі трапляння вады ў паветразаборнік (які знаходзіцца пад капотам каля рухавіка, звычайна спераду) можна рухацца назад, а не наперад.
«Мужык — красава, задні ход уключыў», — пахвалілі яго каментатары, адзначаючы, што так «меншая верагоднасць у паветранік вады схапіць».
Спецыялісты лічаць, што такі спосаб сапраўды можа паменшыць рызыку трапляння вады ў рухавік, але ехаць у вадзе рэкамендуюць толькі калі ўзровень вады не вышэйшы за парогі і няма моцнай плыні. Пры гэтым варта рухацца павольна назад, сочачы за тым, што адбываецца ззаду, праз люстэркі, і быць вельмі асцярожным.
Як правільна ехаць, калі трапілі ў водную плынь?
- Уключыце першую перадачу (або задні ход) і рухайцеся вельмі плаўна, без рэзкіх рухаў.
- Трымайце рухавік на высокіх абаротах (2500-3000 аб/хв), каб выхлапная сістэма не захлынулася.
- Не глушыце рухавік — калі ён заглухне, паўторны запуск можа прывесці да гідраўдару.
Калі ж узровень вады працягвае падымацца, спецыялісты рэкамендуюць тэрмінова пакінуць машыну.
Каментары