Яму было 69 гадоў.

Вальдэмар Скшыпчак памёр ва ўзросце 69 гадоў. Інфармацыю пра смерць генерала парталу Onet пацвердзіла яго сям’я.
Ваенны ў 2006—2009 гадах быў камандзірам Сухапутных войскаў. У мінулым кіраваў, сярод іншага, Шматнацыянальнай дывізіяй Цэнтр-Поўдзень у Іраку. У 2012—2013 гадах займаў пасаду намесніка міністра абароны па пытаннях узбраення і мадэрнізацыі.
Інфармацыю пра смерць ген. Вальдэма́ра Скшыпчака на партале X перадаў міністр абароны.
«Да нас дайшла сумная навіна пра смерць генерала Вальдэма́ра Скшыпчака. Гэта вялікая страта для яго блізкіх і для нашай ваеннай сям’і. Прафесіяналізм, адданасць Радзіме, патрыятызм — гэтыя словы прыходзяць на розум, калі ўспамінаем пана Генерала. Дзякуй за тысячы падрыхтаваных салдат, за камандаванне імі ў краіне і на місіях. За досвед, якім да канца Пан Генерал дзяліўся з маладым пакаленнем. Сёння нашы думкі і малітвы з сям’ёй, якая знаходзіцца ў жалобе», — напісаў Уладзіслаў Касіняк-Камыш.
Генерал Скшыпчак моцна крытыкаваў рэжым Лукашэнкі, называў беларускую армію небаяздольнай. Таксама ён прапаноўваў задумацца аб фармаванні беларускіх частак у польскай арміі.
Ён меркаваў, што авантурызм Лукашэнкі абумоўлены тым, што ЕС па-ранейшаму мала абмяжоўвае мінскі рэжым. «Трэба сабраць сотні брусельскіх чыноўнікаў і прывезці іх на нашу мяжу з Беларуссю. Можа быць, гэта заахвоціць іх задумацца аб бяспецы і будучыні Еўропы», — прапаноўваў Скшыпчак.
Ён казаў, што «колькасць грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі, вялікая».
«Ва Украіне ваюе полк Каліноўскага, набраны з беларусаў. Што перашкаджае ЕС пачаць ставіць перад Лукашэнкам выразна пэўныя ўмовы?» — меркаваў Вальдэмар Скшыпчак, заклікаючы «выставіць Мінску рахунак за бандытызм».
Каментары