У офіс расійскага тэлеграм-канала Baza прыйшлі сілавікі, галоўны рэдактар затрыманы
У рэдакцыю блізкага да сілавікоў расійскага тэлеграм-канала Baza, а таксама ў кватэру да галоўнага рэдактара выдання прыйшлі з ператрусамі, паведаміў сам канал. Адначасова СК Расіі заявіў аб завядзенні справы ў дачыненні да супрацоўнікаў паліцыі, якія перадавалі інфармацыю «адному з тэлеграм-каналаў». Аналагічныя абвінавачванні гучалі ў адрас уральскага выдання Ura.ru, чый рэдактар быў арыштаваны ў чэрвені, піша Бі-бі-сі.

«У офіс «Базы» з ператрусамі прыйшлі паліцэйскія. Раніцай паліцыя і АМАП таксама наведаліся ў кватэру галоўрэда «Базы». Пазней, як расказалі суседзі, яго вывезлі ў невядомым напрамку.
Прыкладна ў той жа час Следчы камітэт Расіі заявіў, што заведзеная крымінальная справа аб перавышэнні службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі паліцыі. А менавіта: у Краснадарскім і Краснаярскім краях, а таксама ў Белгарадскай вобласці «выяўлены факты незаконнай перадачы інфармацыі абмежаванага доступу».
«У наступстве названыя звесткі апублікоўваліся ў адным з каналаў месенджара Тэлеграм», — паведаміў СКР, не ўказваючы назву канала.
Ці звязана гэта справа з ператрусамі ў рэдакцыі Baza і затрыманнем галоўнага рэдактара, невядома, пракаментаваў заяву следчых сам тэлеграм-канал.
Аднак ананімная крыніца «Інтэрфакса» сцвярджае, што гаворка ідзе пра перадачу службовай інфармацыі менавіта тэлеграм-каналу Baza. ТАСС таксама звязвае справу ў дачыненні да супрацоўнікаў паліцыі з каналам Baza. Сілавікі забіраюць тэлефоны, камп'ютары і дакументы, двое журналістаў знаходзяцца з праваахоўнікамі, іх працэсуальны статус невядомы, гаворыцца яшчэ ў адным паведамленні Baza. Адна з журналістак выдання была вывезена ў паліцэйскі аддзел, у яе забралі ўсю тэхніку.
Пазней стала вядома, што галоўны рэдактар Глеб Трыфанаў затрыманы па справе аб перавышэнні паўнамоцтваў з боку паліцэйскіх, яго працэсуальны статус не вызначаны, паведаміў ТАСС яго адвакат.
Тэлеграм-канал Baza прынята называць блізкім да сілавікоў. Выданне лаяльнае да ўладаў, але пры гэтым вядзе незалежную рэдакцыйную палітыку.
Аналагічная справа была заведзена ў чэрвені ў Екацярынбургу. Там блізкае да ўладаў выданне Ura.ru таксама сутыкнулася з абвінавачваннем у незаконным набыцці інфармацыі ў супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
У рэдакцыі праводзіліся ператрусы. 6 чэрвеня Ленінскі суд Екацярынбурга адправіў пад арышт рэдактара Ura.ru Дзяніса Аллаярава, яму прад’яўлена абвінавачанне ў дачы хабару службовай асобе.
Як пісаў «Інтэрфакс», следчыя дзеянні былі звязаныя з затрыманнем у сакавіку былога супрацоўніка паліцыі, які перадаваў СМІ службовыя звесткі з штодзённай зводкі.
Паводле звестак Ura.ru, Аллаяраву інкрымінуюць перадачу 20 тыс. рублёў былому начальніку аддзела крымінальнага вышуку екацярынбургскага аддзела паліцыі № 10 Андрэю Карпаву, які даводзіцца яму дзядзькам. Самога паліцэйскага адпраўляць у СІЗА не сталі — яго змясцілі пад хатні арышт.
Каментары