У Віцебску пасажыр выпаў з аўтобуса падчас руху і загінуў. Вось як пакаралі кіроўцу
Вадзіцель аўтобуса ўбачыў у люстры, што мужчыну заціснула дзвярыма, але не спыніўся.

Трагедыя адбылася ў віцебскім аўтобусе №3. Пераязджаючы па вуліцы Касманаўтаў у напрамку Кірава, ён спыніўся на прыпынку. За рулём знаходзіўся кіроўца 1972 года нараджэння. Запусціўшы пасажыраў, мужчына зачыніў дзверы і паехаў далей.
Ужо ў дарозе ён у люстэрку ўбачыў, што паміж створкамі заціснуты чалавек. Але шафёр чамусьці спыняцца не стаў і паехаў далей. У выніку пасажыр на поўнай хуткасці выпаў з аўтобуса і моцна ўдарыўся аб праезную частку, пішуць «Віцьбічы».
Мужчына 1958 года нараджэння атрымаў цяжкія цялесныя пашкоджанні. Яго адвезлі ў бальніцу. Больш за месяц медыкі змагаліся за яго жыццё, але выратаваць яго не змаглі.
На кіроўцу завялі крымінальную справу за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, якое пацягнула за сабой смерць. Нядаўна мужчыну судзілі. Ён атрымаў 4 гады абмежавання волі, акрамя таго, яго пазбавілі правоў на пяць гадоў.
На карысць пацярпелых з аўтобуснага парка спагналі 27 тысяч рублёў у кошт кампенсацыі маральнай шкоды.
Каментары