Арыштаваны вядомы неўролаг Руслан Бадамшын. Ён быў на хатняй хіміі
Ад медыка не хочуць адчапіцца ўжо пяты год.

Вядомы неўролаг Руслан Бадамшын арыштаваны, ён знаходзіцца ў СІЗА №1 па абвінавачванні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэкса).
Да моманту зняволення Бадамшын знаходзіўся пад хатняй хіміяй. У маі 2024 года ён быў прысуджаны да трох гадоў абмежавання свабоды за ўдзел у пратэстах.
На працягу 2020-2021 неўролага кідалі на суткі мінімум пяць разоў, агулам ён правёў за кратамі па адміністратыўках некалькі месяцаў. Часам сілавікі Бадамшына забіралі проста з працы — з РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, дзе ён быў доктарам функцыянальнай дыягностыкі.

Руслан Бадамшын спецыялізаваўся на спадчынных і набытых нейрамышачных захворваннях, у тым ліку СМА. Доктар мае 16 гадоў стажу.
На сайце 103.by пацыенты ацанілі яго максімальна высока:
- Хачу выказаць удзячнасць Бадамшыну Р. Р. (неўролагу). Дасканала і ўважліва вывучыў гісторыю хваробы, дакладна правёў абследаванне і прызначыў неабходнае лячэнне. Прыязны і граматны спецыяліст, прафесіянал сваёй справы.
- Пасля візіту да неўролага, доктара Бадамшына Руслана Рафаэлавіча, хочацца выказаць удзячнасць за добры, чулы і прафесійны прыём. Доктар быў вельмі ўважлівы і спагадлівы, адчувалася шчырае жаданне дапамагчы. Вялікі дзякуй!
- Руслан Рафаэлавіч — вялікі прафесіянал! Знайшоў прычыну болю і дапамог палепшыць якасць жыцця. Дзякую яму!
- Працэдуру праводзіў Бадамшын Р. Р. Было відаць, што доктар хоча дапамагчы і знайсці прычыну праблемы. Уражанні ад наведвання цэнтра — станоўчыя. Рэкамендую!
Апошні з водгукаў датуецца маем 2025 года.
Жонку неўролага, Таццяну Бадамшыну (яна таксама медык, эндакрынолаг), таксама судзілі па крымінальнай справе за ўдзел у пратэстах.
Каментары
В крайнем случае переоденут красауца и выдадут за врача.