Студэнта БДЭУ адлічылі за тое, што стаяў спінай да сцяга на лінейцы
Трэцякурсніка БДЭУ Кірыла ў верасні выключылі з ВНУ. Паводле яго слоў — з-за таго, што ён стаяў спінай да дзяржсцяга. Хлопец звярнуўся ў Мінадукацыі, там адказалі, што парушэнняў не знайшлі, піша «Люстэрка».

Кірыл вучыўся на платным, афіцыйна яго адлічылі «за невыкананне або неналежнае выкананне без паважных прычын абавязкаў навучэнца, які мае нязнятае дысцыплінарнае спагнанне», звярнула ўвагу BGmedia.
Дамову на навучанне з ім скасавалі за парушэнне правіл унутранага распарадку БДЭУ, «якое выявілася ў здзяйсненні дзеянняў, за якія заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная або крымінальная адказнасць».
Па словах Кірыла, яго выключылі з-за відэа з лінейкі на 1 верасня, дзе ён стаяў паміж дзвюма дзяўчатамі і рухаўся пад гімн Беларусі. Ролік нібыта дайшоў да Мінадукацыі, і там убачылі «непавагу да дзяржсімвалаў», таму што тройца стаяла спінай да сцяга.
Раней у хлопца былі акадэмічныя запазычанасці і спагнанне, а відэа стала падставай для другога спагнання і адлічэння.

Экс-студэнт паведаміў, што звязаўся з адвакатам, той сказаў, што выключэнне было неправамерным, бо ў відэа няма «непавагі да дзяржсімвалаў». Кірыл звярнуўся ў Мінадукацыі — там адказалі, што ўсё правамерна.

Кірыл мяркуе, што ў Мінадукацыі «з такім адказам маглі не адказваць». Пра далейшыя дзеянні ён не паведамляў, хоць раней збіраўся ісці ў суд. Пакуль толькі вядома, што позву ў ваенкамат яму ўручылі на сакавік 2026 года.
Каментары
А як трэба фоткацца, калі хочаш, каб у кадр на памяць увайшоў фасад універсітэта??
Трэба тварам стаць да будынка? То бок задам да фатографа?
На школьны альбом таксама так трэба станавіцца?? Тварам да школы, задам да фатографа?