Галівудская актрыса Анджаліна Джалі апублікавала ў інстаграме пост, у якім расказала пра свой візіт ва Украіну. Шакуючым уражаннем ад наведвання прыфрантавых гарадоў стала пастаянная прысутнасць і пагроза беспілотнікаў.

«Я наведала Мікалаеў і Херсон ва Украіне на гэтым тыдні, каб сустрэцца з сем'ямі, якія жывуць на лініі фронту. Пагроза дронаў была пастаяннай. Чуеш нізкі гул у небе. Мясцовыя жыхары называюць гэта «чалавечым сафары», калі дроны выкарыстоўваюцца для пастаяннага адсочвання, палявання і тэрарызавання людзей. Быў момант, калі нам давялося спыніцца і чакаць, пакуль дрон праляціць над галавой. Я была ў ахоўным рыштунку, і для мяне гэта было ўсяго пару дзён. Сем'і тут жывуць з гэтым кожны дзень», — напісала яна.
Джалі распавяла, што бачыла, як школы, клінікі і дзіцячыя садкі пераводзілі ва ўмацаваныя сутарэнні, бачыла рашучасць мясцовых жыхароў працягваць жыццё. «Было цяжка, але натхняльна бачыць гэта», — дадала яна.
Многія суразмоўцы расказвалі актрысе пра псіхалагічны цяжар жыцця пад бесперапыннай пагрозай, а таксама пра глыбокі страх быць забытымі светам.
Джалі выказала неўразуменне, чаму ў свеце з такім патэнцыялам дыпламатыі цывільнае насельніцтва ва Украіне, Судане, Газе, Емене, Конга і многіх іншых месцах пакутуе штодня. Яна дадала, што надзею ёй дае «неверагодная мужнасць мясцовых арганізацый і валанцёраў».
«Калі яны могуць знайсці сілы, то ўрады мусяць быць здольнымі зрабіць тое ж самае», — дадала яна.
4 лістапада актрыса прыехала ва Украіну з неанансаваным візітам. Яна не апавясціла ўлады краіны пра свой візіт і перайшла ўкраінскую мяжу пешшу.
Анджаліна Джалі выступае паслом добрай волі ЮНІСЕФ. Гэта яе другі візіт ва Украіну — у 2022 годзе актрыса наведала Львоў.
На пачатку паўнамаштабнай вайны расійская армія акупавала Херсон, аднак у лістападзе 2022 года пакінула горад. Цяпер Херсон знаходзіцца побач з лініяй фронту і ўвесь час цярпіць ад расійскіх абстрэлаў.
Каментары