У Беларусі заявілі пра завяршэнне дэмаркацыі мяжы з Украінай на сушы. У Кіеве адрэагавалі
Вынікі дэмаркацыйных работ павінна зацвердзіць сумесная дэмаркацыйная камісія, якая не працуе з 2022 года пасля таго, як Беларусь падтрымала ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну, піша «Радыё Свабода».

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Канстанцін Моластаў заявіў пра завяршэнне дэмаркацыі мяжы з Украінай на сухапутным участку мяжы.
«Сур’ёзную ўвагу надаем працягу дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на ўкраінскім участку. На сёння мы выканалі работы па дэмаркацыі на ўсім сухапутным участку. Застаўся толькі рачны ўчастак мяжы па рэках Дняпро і Сож», — працытавала Канстанціна Моластава дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Каментуючы гэту заяву, у Дзяржаўнай памежнай службе Украіны адзначылі, што Украіна з 2022 года не праводзіць работ «па вынясенні лініі дзяржаўнай мяжы на мясцовасць і ўсталяванні памежных знакаў на мяжы з Беларуссю».
«Прычына гэтага — развязаная Расіяй вайна і падтрымка яе Беларуссю, бо ўварванне ў нашу краіну адбывалася і з тэрыторыі Беларусі таксама. Я не выключаю, што Беларусь праводзіла нейкія дэмаркацыйныя работы, якія былі ўзгодненыя сумеснай украінска-беларускай дэмаркацыйнай камісіяй да 2022 года, згодна з сумеснай дамовай паміж краінамі аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы», — сказаў «Радыё Свабода» прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
Прадстаўнік украінскай Дзяржаўнай памежнай службы падкрэсліў:
«Якія б работы ні праводзіла Беларусь, вынікі дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы павінна ўзгадніць Сумесная камісія, якая складае апісанне праходжання дзяржаўнай мяжы, дэмаркацыйную карту, пратаколы памежных знакаў, каталог каардынат памежных знакаў і заключны пратакол дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы. Далей вынікі работ павінны зацвярджаць адпаведна з унутраным заканадаўствам бакоў. Таму для таго, каб гэтае пытанне запрацавала паўнавартасна, найперш Беларусі неабходна спыніць падтрымліваць краіну-тэрарыстку Расію».
Андрэй Дземчанка таксама не выключыў, што беларускі бок цяпер хоча выдаць за факт тое, што са свайго боку ўсе работы выкананыя.
«Аднак яшчэ раз падкрэслю, што гэтыя работы ні пра што не гавораць, пакуль іх не зацвердзіць Сумесная дэмаркацыйная камісія», — дадаў прэс-сакратар Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.
Агульная працягласць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1084 кіламетры. Каб правесці дэмаркацыю з беларускага боку, патрэбна было ачысціць каля 760 кіламетраў прасек, усталяваць тры тысячы памежных знакаў, падрыхтаваць дэмаркацыйныя дакументы.
У траўні 2021 года ўкраінскі бок паведамляў, што на той момант 80% лініі дзяржаўнай мяжы перанеслі на мясцовасць і ўсталявалі больш як 1,5 тысячы памежных знакаў. Праз пандэмію каранавірусу гэтая дзейнасць запаволілася.
«Мне казалі: ты з глузду з'ехаў, які пашпарт, тут Кіеў могуць узяць!» Беларус расказаў, як згубіў ва Украіне дакументы і тры гады не мог з яе выехаць
На мяжы з Украінай адкрылі новую памежную заставу
Украінскі вайсковец знайшоў каля беларускай мяжы зубы маманта
На мяжы з Украінай адкрылі яшчэ адну памежную заставу
Каментары