Адвакат патлумачыў, калі бацькі абавязаны здаваць грошы ў школе, а калі — не
З пачаткам навучальнага года многія бацькі зноў сутыкнуліся з просьбамі здаць грошы «на патрэбы школы» — ад рамонту да куплі фіранак і тэхнікі.
Адвакат Дзмітрый Вашкель нагадаў, што заканадаўства Беларусі гарантуе бясплатную агульную сярэднюю адукацыю, а школы фінансуюцца з бюджэту і спонсарскай дапамогі. Пра гэта піша «Мінская праўда».
Паводле слоў юрыста, бацькоўскія зборы можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі:
-
патрэбы школы — мэбля, тэхніка, рамонт. Гэтымі пазіцыямі ўстанова павінна забяспечвацца за кошт бюджэту;
-
патрэбы класа — сурвэткі, вада, прысмакі на святы і іншыя дадатковыя дробязі.
Збіраць грошы на патрэбы класа мае права толькі бацькоўскі камітэт, а пытанні фінансавання патрэб школы можа вырашаць выключна папячыцельскі савет. Любое ўнясенне сродкаў застаецца добраахвотным, падкрэслівае адвакат: бацькі самі вызначаюць суму і могуць пералічваць яе па квітанцыі на рахунак школы. Усталёўваць мінімальныя або максімальныя парогі нельга.
Калі на бацькоў аказваюць ціск або патрабуюць абавязковыя плацяжы, юрыст раіць звяртацца са скаргай да дырэктара, у аддзел адукацыі, выканкам, Мінадукацыі або ў пракуратуру.
Каментары