З-за школьнай парты — у намёт на 15 чалавек. Як старшакласнікаў будуць прымусова рыхтаваць да службы
Навучэнцаў чакаюць армейскія намёты, строгі распарадак дня і харчаванне, максімальна набліжанае да вайсковага.

Беларускія вайскоўцы ў эфіры СТБ прадэманстравалі ўмовы, у якіх будуць праходзіць абавязковыя вучэбна-палявыя зборы для старшакласнікаў, заўважыла выданне «Люстэрка».
Для ўдзельнікаў ужо падрыхтавалі вялікія армейскія намёты, у кожным з іх будуць размяшчаць не больш за 15 чалавек. Агулам брыгада прыме 60 старшакласнікаў з чатырох школ Мінскай вобласці і Мінска.

Вучэбна-палявыя зборы пачнуцца 25 мая і працягнуцца дзесяць дзён. Як расказаў камандзір асобнага радыётэхнічнага батальёна 49‑й радыётэхнічнай брыгады ВПС і войскаў СПА Дзяніс Бобак, умовы для школьнікаў паспрабуюць максімальна наблізіць да армейскіх.
«Матрац, навалачка, выдзяляецца ручнік, асабістыя рэчы першай неабходнасці яны захоўваюць у тумбачках, астатнія рэчы будуць захоўваць акуратна пад ложкам», — расказаў Бобак.
Акрамя таго, намёты абсталююць асвятленнем і дадатковымі сродкамі абагравання, бо «ночы пакуль халодныя, раптам холадна стане».

Раніцай школьнікі будуць карыстацца армейскімі рукамыйніцамі, а ўвечары змогуць наведваць вайсковую лазню. Як адзначыў Дзяніс Бобак, у лазні прадугледжаны асобныя памяшканні для пераапранання і мыцця, а таксама гарачая вада. Харчаванне арганізуюць у армейскай сталовай.
«Спланавана стандартнае меню, набліжанае да армейскага. Сняданак, абед, вячэра, дадаткова прадугледжаны падвячорак. На падвячорак будзем выдаваць дадаткова шакалад і малако. Рацыён дастаткова збалансаваны: рыба, сыр, боршч. Усё для таго, каб хлопцам хапала энергіі на цэлы дзень», — паведаміў камандзір батальёна.

Жыццё на зборах будзе праходзіць паводле строгага распарадку, расказаў намеснік камандзіра 49‑й радыётэхнічнай брыгады па ідэалагічнай рабоце Артур Бабаханян.
«Распарадак дня ў нас уключае ранішні ўздым, ранішнія туалеты, сняданак, пасля сняданку пастраенне, вядома, развод на правядзенне заняткаў, абед. Пасля абеду мы дадзім ім трохі адпачынку, пасля гэтага зноў заняткі, і будуць праводзіць з імі выхаваўчую работу, розныя забавы, гульню ў валейбол, футбол. Што неабходна для іх, усё будзе сканцэнтравана і праводзіцца ў тых жа маштабах, як для ваеннаслужачых тэрміновай службы», — заявіў ён.
Нагадаем, дзесяць дзён збораў уключаюць 60 навучальных гадзін. У школьнікаў пройдуць заняткі па тактычнай, фізічнай, ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы, аказанні першай дапамогі. А яшчэ страявая падрыхтоўка, агнявая падрыхтоўка, абарона ад зброі масавага паражэння, вывучэнне агульнавайсковых статутаў.
Каментары