БЕЛ Ł РУС

У ЗША звольняць больш за 100 супрацоўнікаў разведкі за сэксуальныя і непрыстойныя паведамленні ў працоўных чатах

26.02.2025 / 13:38

Nashaniva.com

Дырэктар нацыянальнай разведкі Тулсі Габард паведаміла пра хвалю звальненняў у Агенцтве нацыянальнай бяспекі.

Тулсі Габард. Фота: Тулсі Габард/Facebook

Больш за 100 супрацоўнікаў амерыканскай разведкі будуць звольнены за ўдзел у непрыстойных перапісках у працоўных чатах Агенцтва нацыянальнай бяспекі. Такое распараджэнне падпісала дырэктар нацыянальнай разведкі Тулсі Габард, піша CNN.

«Больш за 100 чалавек з розных разведвальных структур датычныя да таго, што з'яўляецца відавочным парушэннем даверу. Сёння я выпусціла распараджэнне аб іх звальненні і адкліканні іх дазволаў на доступ да сакрэтнай інфармацыі.

Яны бессаромна выкарыстоўвалі платформу АНБ, прызначаную для прафесійных кантактаў, для такіх сапраўды жахлівых дзеянняў», — сказала Габард у інтэрв'ю Fox News.

Упершыню пра змест паведамленняў у працоўных чатах АНБ расказаў кансерватыўны актывіст Крыстафер Руфо ў City Journal. Паводле яго даных, у шэрагу перапісках супрацоўнікі-трансгендары абмяркоўвалі аперацыі па змене полу і свае інтымныя адчуванні пасля іх. У іншых чатах шчыра абмяркоўваліся поліаморныя і палігамныя адносіны. Існаванне такіх чатаў тлумачылася палітыкай у галіне гендарнай роўнасці і разнастайнасці.

У адміністрацыі Дональда Трампа раней заявілі аб неабходнасці навесці парадак у разведцы, якая «паставіла левы актывізм вышэй за пытанні прафесіяналізму і нацыянальнай бяспекі».

Прэс-сакратар Дырэктара нацыянальнай разведкі Алекса Хэнінг распавяла, што розным разведвальным ведамствам было прапанавана да пятніцы выявіць і звольніць супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў гэтых перапісках, а таксама пазбавіць іх доступу да сакрэтнай інфармацыі.

«Дырэктар нацыянальнай разведкі накіраваў мемарандум, які прадпісвае ўсім разведвальным агенцтвам выявіць супрацоўнікаў, якія прымалі ўдзел у «непрыстойных, парнаграфічных і адкрыта сэксуальных» чатах NSA, і звольніць іх, а таксама ануляваць іх допускі», — заявіла Хэнінг.

Высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі паведаміў, што радавыя супрацоўнікі разведвальнага супольнасці самі звяртаюцца да Габард з гэтай нагоды.

Заява Габард прагучала праз некалькі гадзін пасля таго, як АНБ абвясціла, што ў курсе публікацый, якія змяшчаюць «меркавана непрыстойныя абмеркаванні» сярод супрацоўнікаў разведкі, і пачала расследаванне.

«Патэнцыйнае нямэтавае выкарыстанне гэтых платформаў невялікай групай людзей не адлюстроўвае ўсёй дзейнасці супольнасці. У цяперашні час працягваецца расследаванне выпадкаў неправамернага выкарыстання дзяржаўных сістэм», — гаворыцца ў заяве агенцтва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула