БЕЛ Ł РУС

Бацькі дзяўчынкі, якой сабралі на лячэнне амаль 2 мільёны даляраў, вырашылі не рабіць уколу

6.03.2025 / 20:5

Nashaniva.com

У беларускі Рыты Юшкевіч спінальна-цяглічная атрафія II тыпу. Для лячэння хваробы патрабаваўся адзін укол Zolgensma, які каштуе амаль 2 млн даляраў. Гэтую суму сабраць удалося, але цяпер высветлілася, што зрабіць дзяўчынцы ін'екцыю немагчыма па медыцынскіх паказчыках.

Мама Рыты паведаміла ў інстаграме, што ўжо пасля збору грошай у дзяўчынкі выявілі занадта высокі ўзровень антыцелаў у крыві на прэпарат. На поўнае прыняцце сітуацыі ім спатрэбіўся месяц, і ўрэшце яны вырашылі прэпарат не ўводзіць.

«Два тыдні таму ў нас была кансультацыя з доктарам з клінікі Дубая наконт антыцелаў. Усе нашы асцярогі пацвердзіліся: Zolgensma нельга ўвесці пры высокім узроўні антыцелаў; медыкаментозна нельга знізіць іх узровень. Рэкамендавана было паспрабаваць здаць аналіз праз 6 месяцаў. Мы вырашылі не чакаць», — напісала жанчына.

Паводле яе слоў, узровень антыцелаў у арганізме дзяўчынкі не падае, а толькі павялічваецца.

«Суцяшае тое, што Рыта на падтрымлівальнай тэрапіі. А дзякуючы вам у Рыты будуць сродкі на ўсё жыццё на рэабілітацыю і неабходнае абсталяванне. Будуючы планы, я спадзяюся, што Рыта будзе жыць доўга. І жыццё гэтае будзе ў сталай шпіталізацыі, рэабілітацыі. І гэта будзе нялёгкае жыццё», — піша мама дзяўчынкі.

Паводле яе слоў, значная частка сродкаў будзе пакінутая Рыце на пажыццёва неабходнае. Частка сродкаў будзе паступова раздадзена зборам і дзецям, якія маюць патрэбу ў лячэнні і рэабілітацыі ў Беларусі. Рашэнне па размеркаванні грошай іншым дзецям будзе прымацца сумесна з валанцёрамі, якія вялі збор.

Чытайце таксама:

Як жывуць сем'і, якія сабралі вялізныя грошы на выратавальны ўкол для дзіцяці

Знаёмыя сям'і агучылі версію, дзе тыдзень быў зніклы Сяргей Церабавец — тата дзяўчынкі з СМА

У Расіі зарэгістравалі аналаг «Спінразы» — аднаго з самых дарагіх лекаў у свеце

Беларусы сабралі вялізныя грошы на лекі для яшчэ адной дзяўчынкі з СМА

Каментары да артыкула