БЕЛ Ł РУС

Налёт на кватэру айцішніка: пагражаючы зброяй, патрабавалі крыптавалюту на мільярд рублёў

12.03.2025 / 11:50

Nashaniva.com

Двое мужчын «атрымалі інфармацыю», што ў мінскага айцішніка ёсць буйная сума ў крыптавалюце, і вырашылі перавесці яе на свой кашалёк. Далей было як у кіно пра 90-я гады. 

Скрын відэа з камер назірання

Напад быў днём 15 жніўня 2024 года: двое мужчын у спецвопратцы пастукалі ў дзверы 45-гадовага праграміста і, назваўшыся электрыкамі, сказалі, што трэба праверыць лічыльнікі.

Гаспадар кватэры і падумаць не мог, што сярод белага дня ва ўласнай кватэры стане ахвярай разбойнага нападу.

«Электрыкі» надзелі кайданкі на мінчука і сталі патрабаваць у яго крыптавалюту на агульную суму больш за мільярд беларускіх рублёў.

Для больш пераканаўчай «размовы» пагражалі пісталетам, электрашокерам, а таксама ін'екцыяй наркатычных сродкаў.

Больш за гадзіну мужчыны катавалі гаспадара кватэры, але так і не дамогшыся нічога, збеглі. Нічога каштоўнага з таго, што было ў кватэры, яны не ўзялі. СК піша, што ў пацярпелага сапраўды была крыптавалюта, аднак не ў такой суме, якую патрабавалі фігуранты. У СК мяркуюць, што налёт быў заказны.

Следчыя ўстанавілі асобы выканаўцаў нападу, імі аказаліся грамадзяне Беларусі, 56 і 57 гадоў, адзін з якіх з крымінальным мінулым.

Сілавікі затрымалі 56-гадовага выканаўцу разбойнага нападу. Ён прызнаўся ў зробленым і супрацоўнічае са следствам. Мужчына паказаў месца, дзе яны выкінулі зброю. З прыцягненнем вадалазаў следчыя знайшлі пнеўматычны пісталет з глушыцелем, а таксама кайданкі.

Другі мужчына хаваецца за мяжой, па версіі СК, у Польшчы.

Затрыманаму 56-гадоваму мужчыну прад'яўлена абвінавачанне паводле:

• ч. 3 арт. 207 (разбой, учынены групай асоб з мэтай завалодання маёмасцю ў асабліва буйным памеры);

• ч. 3 арт. 208 (вымагальніцтва, учыненае з мэтай атрымання маёмаснай выгады ў асабліва буйным памеры).

Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула