БЕЛ Ł РУС

У Беларусі мінімум 133 чалавекі асуджаны паводле «тэрарыстычных артыкулаў»

17.03.2025 / 15:4

Nashaniva.com

У Беларусі пераследуюць паводле сямі «тэрарыстычных артыкулах». Паводле іх у сукупнасці з іншымі артыкуламі асудзілі не менш за 133 чалавекі. З іх 40 асуджаных — за падтрымку Украіны ў вайне, 17 асудзілі завочна, дзевяць асуджаных — грамадзяне іншых дзяржаваў, чатыры чалавекі — пенсійнага ўзросту, піша «Вясна».

Самы распаўсюджаны артыкул для палітычнага пераследу — «акт тэрарызму» (арт. 289 КК). Паводле яго ў Беларусі асудзілі 71 чалавекі. З іх 26 — за падтрымку Украіны ў вайне з расейскай агрэсіяй, дзевяць — завочна, восем— па «справе дыверсіі ў Мачулішчах», восем — замежныя грамадзяне.

Паводле арт. 290-4 КК (стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці або ўдзел у ёй) асудзілі мінімум 21 чалавека. Гэта «рэйкавыя партызаны», фігуранты «справы АГСБ» і «Буслы ляцяць», «справы за атаку дронам базы АМАП». Паводле гэтага артыкула, у тым ліку судзілі і Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расіі.

За «арганізацыю дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у такой арганізацыі» (арт. 290-5 КК) асудзілі шэсць чалавек. Сярод іх — фанат з Магілёва Сяргей Ціханаў, жыхар Петрыкава Іван Сухамераў, жыхар Светлагорска Максім Драбніца.

Паводле арт. 359 КК (акт тэрарызму ў дачыненні да дзяржаўнага ці грамадскага дзеяча) у Беларусі асудзілі 11 чалавек — гэта фігуранты «справы Гайдукевіча», «справы АГСБ» і «Буслы ляцяць».

За «пагрозу здзяйснення акта тэрарызму» (арт. 290 КК) у Беларусі асудзілі шэсць чалавек. Сярод іх — Мікалай Аўтуховіч, былы вайсковец Павел Кучынскі

За данаты ініцыятывам і структурам, прызнаных у Беларусі «тэрарыстычнымі арганізацыямі», пераследуюць паводле арт. 290-1 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці). Па гэтым артыкуле асуджана не меней за 17 чалавек. Сярод асуджаных — былы дэпутат Андрэй Брэмшміт, айцішнікі Аляксандр Зіязэтдзінаў і Анатоль Валадзько, трэнер-масажыст Мікалай Васілевіч, менеджар фармацэўтычных кампаніяў Сяргей Шэлег, прадпрымальнік, які вярнуўся з-за мяжы Артур Роліч.

Паводле арт. 126 КК (акт міжнароднага тэрарызму) у Беларусі асудзілі аднаго чалавека — грамадзяніна Расіі Аляксея Кулікова. Так кваліфікавалі яго дзеянні па фотаздымцы генконсульства РФ у Гродне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула