Літоўскія эліты лічаць галоўным выклікам для краіны пагрозы з боку Беларусі і Расіі
17.03.2025 / 15:23
У прадстаўнікоў літоўскіх эліт спыталі аб пагрозах і выкліках для краіны. Яны звязаны з рэжымамі ў Беларусі і Расіі.
Літоўскія эліты лічаць галоўнай пагрозай для краіны ў найбліжэйшыя пяць гадоў пагрозы з боку Расіі і Беларусі. Паводле даных апытання, якое правёў партал Delfi, галоўным выклікам пагрозу з боку Расіі і Беларусі назвалі 257 прадстаўнікоў літоўскай эліты.
На другім месцы, паводле меркавання 226 рэспандэнтаў апытання, знаходзіцца ўзрастаючая нестабільнасць у свеце і ўзмоцненае пачуццё неабароненасці. 209 рэспандэнтаў важным выклікам таксама назвалі дэмаграфічную яму і нізкую нараджальнасць.
Акрамя таго, удзельнікаў апытання папрасілі ацаніць, якімі будуць наступныя пяць гадоў для Літвы. Большасць — 761 — прадстаўнікоў эліты прагназуюць, што суцэльнага прагрэсу ў краіне не будзе. 189 рэспандэнтаў лічылі, што Літву чакае вялікі прагрэс, а 6 заявілі, што краіна сутыкнецца з рэгрэсам.
Апытанне меркавання літоўскай эліты з 27 снежня мінулага года па 27 студзеня гэтага года па заказу Delfi правёў часопіс Reitingai. Было апытана 1 142 чалавекі: палітыкі, прадстаўнікі бізнесу, эканамісты, дзяржаўныя служачыя, кіраўнікі і прадстаўнікі СМІ, грамадскія дзеячы, а таксама дзеячы поп-культуры, моды і інтэрнэту.
Паводле меркавання палітолага, кіраўніка віленскага офіса Freedom House Віціса Юрконіса ў літоўскіх эліт няма веры ў тое, што рэжымы ў Беларусі і Расіі зменяцца.
«Мне здаецца, што суседства Расіі і Беларусі — гэта аб’ектыўная рэальнасць. Пакуль існуюць аўтарытарныя рэжымы, гэтыя краіны заўсёды будуць крыніцамі пэўнай трывогі і пагрозы. Вынікі гэтага апытання зразумелыя і не павінны выклікаць здзіўлення. Адзінае пытанне, якое застаецца — як мы можам на гэта рэагаваць.
Частка грамадства і палітыкаў страцілі веру ў тое, што гэтыя краіны (Расія і Беларусь) могуць змяніцца», — адзначыў Юрконіс.