Вясковец спаліў пуню суседу, а доказы выкінуў
18.03.2025 / 15:58
Здарэнне адбылося ў студзені ў Краснапольскім раёне. Суседзі шмат варагавалі з-за межаў зямельных участкаў.
Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз
Неяк раніцай у вёсцы загарэлася пуня, а паколькі гаспадар адсутнічаў, узнікла версія пра верагодны падпал.
Пазней была ўстаноўлена датычнасць да падпалу 58-гадовага суседа пацярпелага. Як высветлілася, мясцовы жыхар шмат гадоў канфліктаваў з дачнікам праз, на яго думку, няправільныя межы зямельных участкаў і, адпаведна, правы на лазню.
Следчыя ўстанавілі, што каля трэцяй гадзіны раніцы мужчына, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, прыйшоў на ўчастак суседа і падпаліў драўляную пабудову, пасля чаго вярнуўся да сябе дадому і выкінуў у каналізацыйны люк галёшы, у якіх хадзіў на месцы злачынства.
Фота: Дзяржкамітэт судовых экспертыз
Падчас агляду месца здарэння была знойдзена дарожка слядоў галёшаў. Па іх, а таксама па галёшах фігуранта эксперты правялі судовую трасалагічную экспертызу, вынікі якой пацвердзілі супадзенне.
Таксама эксперты адзначылі, што калі б не былі прынятыя меры па тушэнні ўчастка, агонь мог бы распаўсюдзіцца і на жылы дом пацярпелага.
У дачыненні да вяскоўца распачатая крымінальная справа.