БЕЛ Ł РУС

У Мінскай вобласці — выбух атручванняў сурагатным алкаголем. У гэтым годзе ўжо 4 чалавекі загінулі ад яго

19.03.2025 / 10:55

Nashaniva.com

Мінская вобласць сутыкнулася з хваляй атручванняў тэхнічнымі вадкасцямі, колькасць такіх выпадкаў павялічылася, піша СК. За 2,5 месяцы 2025 года ад паленай гарэлкі тут загінулі 4 чалавекі. 

У Барысаўскім раёне двое мужчын памерлі пасля ўжывання вадкасці для ачысткі шкла, якую памылкова прынялі за спіртное. 

Паводле папярэдняй інфармацыі, 18 студзеня 39-гадовы жыхар вёскі Зэмбін Барысаўскага раёна, выпіў дома паўлітра вадкасці, прызначанай для ачысткі аўтамабільнага шкла. 

А днём 14 студзеня з вострым атручваннем у бальніцу паступіў 62-гадовы жыхар Барысава. Ён, піша СК, пераблытаў шчаўевую кіслату з гарэлкай і выпіў яе. 

Крыху больш пашанцавала жыхару Мінскага раёна. У бальніцу брыгадай хуткай дапамогі 25 студзеня быў дастаўлены 48-гадовы жыхар гарадскога пасёлка Мачулішчы з атручваннем. Аналіз крыві паказаў наяўнасць ізапрапілавага спірту.

Як высветлілі следчыя, пасля сваркі з жонкай мужчына пайшоў у свой гараж, дзе пачаў ужываць спіртное з бутэлькі, што захоўвалася ў яго ў ёмістасці з-пад тармазной вадкасці.

Па словах пацярпелага, побач стаяла аналагічная бутэлька з сапраўднай тармазной вадкасцю. Па няўважлівасці ён выпіў каля 100 мл атрутнага рэчыва, пасля чаго адчуў сябе дрэнна і звярнуўся па медыцынскую дапамогу. Цяпер ён знаходзіцца пад наглядам медыкаў.

Падобны, але ўжо смяротны інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Ашмянцы. У бальніцы 19 лютага памёр 60-гадовы жыхар Мінскага раёна, шпіталізаваны напярэдадні з атручваннем сурагатамі алкаголю.

Па ўсіх названых фактах раённымі падраздзяленнямі праводзяцца праверкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула