БЕЛ Ł РУС

Доля беларускіх тавараў у крамах знізілася да мінімуму за 10 гадоў

21.03.2025 / 11:58

Nashaniva.com

Асабліва заўважна змяншэнне па нехарчовых таварах.

У Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю 20 сакавіка прайшоў семінар з удзелам асноўных гандлёвых сетак і прадпрыемстваў-вытворцаў. Абмяркоўвалася павелічэнне продажаў на ўнутраным рынку беларускіх тавараў, доля якіх у рэтэйле ўпала ў 2024 годзе да шматгадовых мінімумаў, піша Office Life.

Антыманапольнае ведамства апублікавала цікавыя даныя, згодна з якімі доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічным тавараабароце зніжаецца шмат гадоў запар. У 2024 годзе яна склала 56,4%, прытым што ў 2015-м перавышала 69%.

У харчовай розніцы за гэты час доля беларускай прадукцыі знізілася з 82,2% ад агульных продажаў да 76,3%. А па нехарчовых таварах — з 51,1 да 37,3%.

Між тым Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі прадугледжвала павелічэнне долі беларускіх тавараў у рознічных продажах да 2025 года да 63%, у тым ліку харчовых — да 85%.

Як паведамляецца, кіраўнік МАРГ ужо зацвердзіў план мерапрыемстваў па павелічэнні аб'ёмаў продажаў тавараў айчыннай вытворчасці, у дачыненні да якіх устаноўлены мэтавыя паказчыкі па долі на ўнутраным рынку.

Якія канкрэтна меры будуць прымацца, пакуль невядома. Але раней у ведамстве распавядалі, што распрацоўваюць спецыяльную праграму па павелічэнні долі айчынных тавараў у гандлі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула