Беларуса некалькі месяцаў перакідалі ад доктара да доктара і не хацелі шпіталізаваць, пакуль нага не пачала гніць
Мужчына атрымаў невялікую драпіну на назе, якая загнаілася. Усе дактары, да якіх ён звяртаўся, накіроўвалі яго да іншых. У раённай бальніцы казалі, што дапамагчы не змогуць, а ў абласной — што ў іх чарга на паўгода. Усё ледзь не скончылася ампутацыяй.
Гнаенне раны на назе. Фота героя публікацыі
Жудаснай гісторыяй пра тое, як чалавек ледзь не страціў нагу праз абыякавасць і бюракратыю ў сістэме аховы здароўя, падзялілася «Мінская праўда».
Павел Мікалаевіч (імя змененае) прызнаецца, што звычайна не ходзіць да дактароў і лечыцца сам — купляе лекі ў аптэцы, бо не верыць маладым спецыялістам. Але вясной мінулага года, калі пасля ліўняў яго лецішча затапіла, ён працаваў некалькі гадзін у ледзяной вадзе і нацёр на назе драпіну, якую проста заклеіў пластырам. Праз некалькі дзён рана запалілася і пачала балець, а дамашнія сродкі — ёд, зялёнка, перакіс вадароду — не дапамагалі.
«Боль узмацняўся, рана расла. У аптэцы параілі мазі — і дарагія, і танныя. Нічога не дзейнічала: рана павялічвалася. Калі спачатку яна была з пяцікапеечную манету, то праз тры месяцы — ужо з двухрублёвую», — расказвае мужчына.
Нават пасля гэтага мужчына адкладаў візіт да лекара — пакуль яго не прымусілі жонка і дачка. Яны самі запісалі яго да тэрапеўта і пайшлі разам.
Але доктар нічога новага не сказаў: параіў не мачыць нагу, рабіць павязкі з маззю і піць абязбольвальныя — тое, што Павел і так рабіў.
Пасля гэтага ён яшчэ чатыры месяцы цярпеў боль, не мог спаць па начах. Стан раны пагаршаўся, па словах мужчыны, ужо была бачная косць.
«Гэта ўжо не жарты: нага гніла! Пайшоў зноў да ўчастковай — яна рукамі разводзіць: «Гэта не да мяне, ідзіце да хірурга». Хірург — да рэўматолага, рэўматолаг — назад да тэрапеўта. Прасіў шпіталізацыю — адмовілі: у раённай не зробяць, у абласной запіс толькі праз паўгода…»
У сярэдзіне кастрычніка Паўла нарэшце шпіталізавалі ў раённую бальніцу. Там ён здаў аналізы, прайшоў абследаванне, яму ставілі кропельніцы і прачышчалі рану сем дзён. Па аналізаў выніках усё было адносна добра: цукар і халестэрын у норме, паставілі дыягназ — трафічная язва.
«Амаль выпісалі з рэкамендацыяй «спрабуйце дачакацца чаргі ў абласной»», — дзеліцца здзіўленнем мужчына.
Аднак ужо на наступны дзень усё змянілася: падчас абходу доктар паведаміў, што пасля выхадных Паўла павязуць у абласную бальніцу на хуткай — усе дакументы туды ўжо пераслалі, і там пагадзіліся яго прыняць.
Цяпер Павел у абласной бальніцы, дзе яму зрабілі поўнае абследаванне і аперацыю па шунціраванні сасудаў ніжніх канечнасцей, каб аднавіць кровазварот у назе.
Праз тры дні запланаваная яшчэ адна аперацыя, пасля якой яго выпішуць дадому. Павел кажа, што рана пачала зацягвацца, і хоць пра поўнае выздараўленне казаць рана, прагнозы добрыя.
Ён прызнаецца: калі б раённая бальніца не накіравала на шпіталізацыю ў абласную бальніцу, усё магло скончыцца ампутацыяй.
Як мусіць быць
Паводле Пастановы Міністэрства аховы здароўя №137 ад 22 кастрычніка 2024 года, у Беларусі ўведзены новы парадак аказання і накіравання пацыентаў для атрымання медыцынскай дапамогі.
Згодна з дакументам, спачатку пацыент ідзе да ўчастковага або ўрача агульнай практыкі, які ставіць папярэдні дыягназ і вырашае, ці трэба накіраваць яго далей.
Калі выпадак складаны, дакументы перасылаюцца ў абласную або рэспубліканскую ўстанову. Там павінны за тры дні прыняць рашэнне аб шпіталізацыі, а калі патрэбна толькі кансультацыя — за адзін дзень.
Звычайныя абследаванні, як УГД, аналізы ці гастраскапія, праводзяцца ў сваёй паліклініцы, без паездак у вобласць.
Акрамя таго, пастанова абавязвае медустановы інфармаваць грамадзян, дзе і калі яны могуць атрымаць дапамогу і да каго звяртацца ў выпадку складанасцяў.