Беларус быў затрыманы ў Маскве і перададзены беларускім сілавікам за ўхіленне ад службы
19‑гадовы хлопец атрымаў тры месяцы арышту за ўхіленне ад службы ва Узброеных сілах Беларусі, піша «Белка».
Хлопец нарадзіўся ў Нью-Ёрку, і таму, імаверна, мае амерыканскае грамадзянства. Жыў і вучыўся ён у Беларусі. У належны час стаў на воінскі ўлік у гомельскім ваенкамаце, аднак два гады таму вылецеў у Ізраіль, не зняўшыся з уліку, і, паводле слоў ягонай бабулі, вяртацца не планаваў, жыў у Ізраілі.
Пасля няяўкі па некалькіх позвах былі распачаты пошукі і заведзена крымінальная справа па артыкуле 435 Крымінальнага кодэкса «Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на воінскую службу».
У Беларусі хлопец не вяртаўся, але вырашыў з'ездзіць у Маскву. Ён быў затрыманы ў аэрапорце Дамадзедава па запыце беларускіх сілавікоў.
Суд Чыгуначнага раёна Гомеля прыгаварыў маладога чалавека да трох месяцаў арышту. Падлетак прызнаў віну і раскаяўся.
Пракурор удакладніў, што гэтае злачынства адносіцца да катэгорыі, якая не ўяўляе вялікай небяспекі для грамадства. Таму праз год з маладога чалавека будзе знята судзімасць, і ён «зноў будзе падлягаць прызыву ў армію».