У сталіцы Індыі выбухнуў аўтамабіль, дзясяткі загінулых і пацярпелых
У Нью-Дэлі, сталіцы Індыі, выбухнуў аўтамабіль. Пры гэтым як мінімум 13 чалавек загінулі, а 24 атрымалі раненні, паведамляе CNN. Выбух адбыўся на святлафоры паблізу гістарычнай крэпасці Чырвоны форт, тут жа паблізу размешчаная станцыя метро.
Фота: Prakash Singh/Bloomberg via Getty Images
«Аўтамабіль, які павольна рухаўся, спыніўся на чырвоны сігнал святлафора. У гэтым аўтамабілі адбыўся выбух, і ў выніку выбуху былі пашкоджаныя аўто, якія былі паблізу», — паведаміў камісар сталічнай паліцыі Саціш Голча.
«Я была на станцыі метро, спускалася па лесвіцы, калі пачула выбух. Я павярнулася і ўбачыла агонь. Людзі пачалі хаатычна разбягацца», — расказала агенцтву Reuters жонка ўладальніка гатэля ў суседнім раёне.
Іншы сведка расказаў выданню, што пасля выбуху на месца прыбылі прыкладна 30‑40 карэт хуткай дапамогі. Ён таксама расказаў, што бачыў рэшткі зламаных аўтамабіляў і натоўп, які мітусіўся навокал.
Што менавіта сталася прычынай выбуху, пакуль невядома, паліцыя высвятляе гэта.
У Нью-Дэлі і Мумбаі пасля гэтага ўведзены рэжым павышанай гатоўнасці. Таксама ўзмоцненае патруляванне на мяжы з Пакістанам.
Чытайце таксама:
У турме ў Эквадоры знайшлі дзясяткі павешаных вязняў
УСУ разнеслі базу захоўвання «шахедаў» у Данецку
У Босніі падчас пажару ў доме састарэлых загінулі 10 чалавек