БЕЛ Ł РУС

«Госці хацелі сесці за сталом з канапамі, але гэта небяспечна». Мінскае кафэ пракаментавала скандал з дзяўчынкай з інваліднасцю

7.12.2025 / 20:41

Nashaniva.com

У Golden Coffee сцвярджаюць, што адбылося непаразуменне. А ў абслугоўванні гасцям нібыта ніхто не адмаўляў.

Скрыншот відэа: Golden Coffee

Golden Coffee у гандлёвым цэнтры Dana Mall афіцыйна пракаментавала скандал з 8‑гадовай дзяўчынкай на інвалідным вазку. Маці 8‑гадовай Каці Вінаградавай расказала, што іх кампанію з яшчэ адной жанчынай на вазку адмовіліся пускаць ва ўстанову.

У кафэ свая версія падзей. Там патлумачылі, што адбылося непаразуменне.

«Госці з асаблівымі патрэбамі заўсёды жаданыя ў Golden Coffee. Выйшла непаразуменне праз затрымку для пошуку камфортнага месца для іх знаходжання. Гасцей з асаблівымі патрэбамі мы звычайна размяшчаем у зале ў непраходных пазіцыях з мэтай іх камфортнага знаходжання і бяспекі.

На відэа вы можаце звярнуць увагу, што хостэс не адмовіла ў абслугоўванні і размяшчэнні гасцям, а пайшла звярнуцца па дапамогу да адміністратара.

Далей на відэа бачна, як хостэс вяртаецца і паведамляе гасцям пра тое, што свабодных месцаў для іх камфортнага размяшчэння ў зале няма, а адміністратар разглядае варыянты іх размяшчэння на тэрасе», — адзначыла прадстаўніца кафэ.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Golden Coffee ☕️ (@golden_coffee_minsk)

Паводле яе слоў, затрымка ўзнікла праз тое, што адміністратар шукаў столік, які пасаваў бы, і вызваляў месца для гасцей. А пасадзіць кампанію ля століка з канапамі было б небяспечна для самой дзяўчынкі.

«Адміністратару спатрэбілася крыху больш часу, каб падабраць і вызваліць камфортны і бяспечны стол, за якім потым гасцей і размясцілі. Госці хацелі размясціцца за сталом з канапамі, што выключае іх якаснае абслугоўванне. А таксама парушае іх бяспеку, бо госці і персанал, якія праходзяць міма, закраналі б іх вазкі», — гаворыцца ў заяве.

У Golden Coffee падкрэслілі, што ніколі не адмаўляюць у абслугоўванні гасцям.

«У Golden Coffee мы ніколі не абмяжоўваем і не адмаўляем у абслугоўванні ніводнаму нашаму госцю, а імкнёмся забяспечыць якасны ўважлівы сэрвіс і камфорт. У нашым рэстаране паспяхова праходзяць банкеты з удзелам людзей на інвалідных калясках. Мы трапятліва ставімся да гасцей з асаблівымі патрэбамі і заўсёды дапамагаем ім у размяшчэнні і абслугоўванні», — адзначыла прадстаўніца ўстановы.

Чытайце таксама:

8‑гадовую дзяўчынку з інваліднасцю не хацелі пускаць у мінскае кафэ. Казалі, што яе вазок займае шмат месца

Каментары да артыкула