БЕЛ Ł РУС

Забітую ў Ерэване чачэнку Айшат Баймурадаву маглі атруціць, памірала яна цяжка і доўга

8.12.2025 / 15:1

Nashaniva.com

Было меркаванне, што яна спрабавала выбрацца з кватэры, спрабавала ўратавацца.

Забітую ў Ерэване чачэнку Айшат Баймурадаву маглі атруціць. Пра гэта карэспандэнтцы «Дождя» Валерыі Кірсанавай распавяла крыніца, блізкая да следства.

Армянскія ўлады за два месяцы так і не назвалі меркаваныя прычыны смерці ўцякачкі з Чачэніі. Паводле слоў дырэктара крызіснай групы «СК SOS» Давіда Ісцеева, цела Баймурадавай знайшлі ў ейнай арэндаванай кватэры каля ўваходных дзвярэй, футболка на ёй была задраная ўгару.

«Было меркаванне, што яна спрабавала выбрацца з кватэры, спрабавала ўратавацца. Памірала яна цяжка і доўга. Кватэра была ўся ў крыві. І атрымліваецца, што ейныя забойцы сядзелі і чакалі, пакуль яна памрэ», — расказаў праваабаронца.

«Дождю» таксама ўдалося высветліць, што Карына Імінава — сяброўка Баймурадавай з інстаграма, пасля сустрэчы з якой дзяўчына і загінула — з’яўляецца ўраджэнкай Кыргызстана. У злітых базах звестак ёсць яе адрасы ў дарагіх жылых комплексах у Маскве, у кантактах у многіх людзей яна пазначана як эскортніца. Вядома, што яна спрабавала наладзіць кантакты і з іншымі ўцякачкамі з Чачні.

Праваабаронцы баяцца, што армянскія ўлады могуць «замяць» справу аб забойстве чачэнкі.

Айшат Баймурадаву знайшлі мёртвай у здымнай кватэры ў Ерэване 20 кастрычніка.

Заснавальніца праекта «Каўказ без маці» Лідзія Міхальчанка заяўляла, што меркаваныя забойцы маглі задушыць чачэнку і з’ехаць у Расію. СК Арменіі толькі праз месяц завёў крымінальную справу, у забойстве падазраюць двух чалавек, іх імёны не раскрываюцца, піша «Новая газета Европа».

У дзень забойства Баймурадавай у яе кватэры ў Ерэване знаходзіліся яе сяброўка з інстаграма Карына Імінава, а таксама 30‑гадовы ўраджэнец Чачэніі Саід-Хамзат Байсараў, якога абвінавачвалі ў Расіі ў фінансаванні «Ісламскай дзяржавы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула