З наступнага года з педагогамі пачнуць праводзіць псіхалагічныя сумоўі
У Беларусі з 2026 года пачнуць увядзенне псіхалагічных сумоўяў для тых, хто працуе ў сферы адукацыі або збіраецца працаваць педагогам. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў №706 ад 5 снежня 2025 года, апублікаванай на Нацыянальным прававым партале.
Здымак ілюстрацыйны. Крыніца: Расоны online
Дакумент зацвярджае новы парадак, які вызначае, калі і як наймальнікі — як арганізацыі, так і індывідуальныя прадпрымальнікі, — павінны праводзіць псіхалагічнае сумоўе з асобамі, што плануюць займацца педагагічнай дзейнасцю, у тым ліку ў сферы спорту і фізічнай культуры.
Абавязковае сумоўе будзе датычыць не толькі педагогаў, але і ўсіх, чыя праца звязаная з пастаянным кантактам з дзецьмі і выкананнем выхаваўчых функцый. Наймальнік мае права накіраваць чалавека на такую праверку, калі ў характарыстыках з папярэдняга месца працы або вучобы згадваюцца негатыўныя маральныя рысы.
Акрамя таго, на сумоўе могуць адправіць і ў выпадку, калі пра супрацоўніка паступае негатыўная інфармацыя ад іншых асоб або дзяржаўных структур, якая ставіць пад сумнеў яго прафесійныя, дзелавыя або маральныя якасці. Гэта ж тычыцца сітуацый, калі ў дачыненні да яго сям’і вядзецца сацыяльнае расследаванне.
Праводзіцца псіхалагічнае сумоўе будзе ў дзяржаўных установах, дзе ў штатным раскладзе ёсць пасада псіхолага або педагога-псіхолага. Плануецца, што працэдура будзе часткова камп’ютарызаванай. Агульнае метадычнае кіраўніцтва даручана Міністэрству адукацыі сумесна з Міністэрствам аховы здароўя.
Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 17 студзеня 2026 года.
Чытайце таксама:
Самая вялікая беларускамоўная гімназія ў Мінску адзначыла 35‑гадовы юбілей
У Дзятлаве жыве блогер-мільённік, які раскруціўся праз мастацтва