У Мінску выкрылі групу лжэнарколагаў
У Мінску выкрылі групу людзей, якія пад выглядзе нарколагаў аказвалі медыцынскія паслугі без адукацыі і ліцэнзіі. Яны абяцалі «выводзіць з запою» і выкарыстоўвалі назву адной з расійскіх клінік — з дазволу яе кіраўніка, паведамляе Следчы камітэт.
Фота ілюстрацыйнае
Як высветлілі следчыя, схема дзейнічала з 2021 года і прынесла яе ўдзельнікам значны прыбытак — у агульнай суме больш за 250 тысяч рублёў.
Пачалося ўсё з таго, што 34‑гадовы беларус пасля лячэння ад нарказалежнасці ў Расіі атрымаў ад дырэктара той клінікі прапанову арганізаваць аналагічныя «паслугі» ў Мінску. Медыцынскай кваліфікацыі ён не меў, але ўзяўся за працу і хутка знайшоў сабе напарніка — 36‑гадовага жыхара сталіцы.
Прыкрываючыся назвай расійскай медустановы, яны размяшчалі ў інтэрнэце агрэсіўную рэкламу, у якой абяцалі ананімнасць, аператыўнасць і «гарантаваны вынік». Для надання выгляду легальнасці яны наймалі медработнікаў, але ўсе працэдуры праводзіліся фактычна дома, без абследавання, неабходных умоў і дазволаў. Заробленыя грошы дзялілі паміж тым, хто «лячыў», і арганізатарамі.
Праз некаторы час адзін з фігурантаў вырашыў працаваць самастойна, каб не дзяліцца прыбыткам. З вясны 2023‑га да лета 2024 года ён паспеў зарабіць больш за 120 тысяч рублёў, пасля чаго яго дзейнасць спынілі сілавікі.
Следства ўстанавіла ўсіх удзельнікаў незаконнай схемы. Абвінавачаныя прызналі віну і вярнулі атрыманыя нелегальна сродкі. Суд прыгаварыў аднаго з іх да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штрафу ў 105 тысяч рублёў, а таксама забараніў займацца пэўнай дзейнасцю на пяць гадоў. Другі атрымаў тры гады пазбаўлення волі з такой жа забаронай.
Арганізатар схемы цяпер у вышуку.
Чытайце таксама:
Махляры рассылаюць навагоднія паштоўкі з вірусамі
З 1 верасня беларусы 191 раз пагарэлі на спробах аформіць візы ці гарачыя туры праз сацсеткі
Махляры абдурылі 87‑гадовую пенсіянерку на 100 тысяч рублёў
Беларусам можна не плаціць па крэдытах, якія аформілі махляры. Вось у якіх выпадках