З 1 мая ўводзіцца абавязковая маркіроўка сокаў і безалкагольных напояў
У Беларусі рыхтуюцца да ўвядзення абавязковай маркіроўкі для безалкагольных напояў і сокаў. Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 мая.
Фота: Minsk.online.24
З 1 сакавіка па 30 красавіка маркіроўка будзе добраахвотнай. Гэты час даецца вытворцам і імпарцёрам, каб пратэсціраваць абсталяванне і працэсы. Тыя, хто пачне маркіраваць тавары загадзя, змогуць без праблем увайсці ў новы рэжым з мая.
Важны нюанс датычыцца таварных рэшткаў. Уся прадукцыя, якая будзе знаходзіцца на складах прадпрыемстваў на 1 мая 2026 года без спецыяльных кодаў, таксама падлягае абавязковай маркіроўцы. Галоўная мэта новаўвядзення — празрысты ўлік тавараў і абарона рынку ад нелегальнай прадукцыі.
Каб бізнэс мог спакойна прамаркіраваць свае запасы яшчэ да наступлення дэдлайну, аператар сістэмы маркіроўкі (РУП «Белбланкавыд») ужо з 1 жніўня 2025 года пачаў выдачу кодаў ідэнтыфікацыі. А з 8 верасня мінулага года даступны функцыянал для перадачы даных аб нанясенні метак на ўпакоўку.