У Нідэрландах археолага затрымалі за ўтойванне парэшткаў д'Артаньяна
У Нідэрландах затрымалі археолага Віма Дэйкмана, якога падазравалі ў тым, што ён утойваў косткі, якія могуць належаць легендарнаму французскаму мушкецёру Шарлю дэ Бацу дэ Кастэльмору, правобразу знакамітага д’Артаньяна з раманаў Аляксандра Дзюма.
Калаж: hln.be
Гэтыя парэшткі — фрагмент плечавой косткі і два зубы — былі знойдзеныя ў Маастрыхце ў сярэдзіне сакавіка. Мяркуецца, што яны могуць належаць таму самаму д’Артаньяну, які загінуў у 1673 годзе падчас аблогі гэтага горада войскамі французскага караля Людовіка XIV.
Паміж археолагам і мясцовымі ўладамі ўзнік канфлікт: паколькі знаходка была зроблена на тэрыторыі горада, муніцыпалітэт хацеў атрымаць парэшткі для далейшага вывучэння. Аднак Дэйкман забраў іх сабе і захоўваў дома, сцвярджаючы, што перадаў іх надзейнай асобе і што яны знаходзяцца ў сейфе.
З-за гэтага ў маі інспекцыя па ахове спадчыны запатрабавала перадаць косткі, але археолаг адмовіўся. У выніку яго затрымалі, аднак пасля таго, як ён усё ж перадаў парэшткі, яго вызвалілі.
Паводле некаторых звестак, на месцы знаходкі былі знойдзеныя прыкметы, якія могуць пацвярджаць высокі статус пахаванага: напрыклад, французская манета і месца пад алтаром у царкве, дзе ў той час хавалі толькі важных асоб. Таксама паведамляецца, што ў рэбрах шкілета знайшлі рэшткі кулі, што адпавядае вядомым абставінам смерці д’Артаньяна.
Канчатковае пацвярджэнне павінны даць ДНК-даследаванні, якія яшчэ не завершаныя.
Чытайце таксама:
У Люксембургу эксгумавалі прах колішняга кіраўніка АУН, яго перапахаваюць ва Украіне
Літоўскі даследчык назваў канкрэтнае месца, дзе схаваныя парэшткі Вітаўта Вялікага
У Анголе знайшлі парэшткі паўтысячы чалавек. Гэта ахвяры палітычных рэпрэсій