Пасажыры жорстка збілі жанчыну-таксістку — яна апынулася ў бальніцы
Пра жорсткі напад на жанчыну-таксістку распавялі ў суполцы «Таксабро» — аб’яднанні людзей, што працуюць у таксі. Здарэнне адбылося ў Барысаве ў ноч з 9 на 10 мая, піша Onliner.
Па інфармацыі суполкі, інцыдэнт здарыўся пасля звычайнага начнога заказу.
Жанчына-таксістка ўзяла паездку з маладой парай і маленькім дзіцем. Падчас руху пасажыры заснулі, а на канчатковым пункце кіроўца не змагла іх разбудзіць.
Калі таксістка чарговы раз паспрабавала прывесці пасажыраў у пачуцці, мужчына раптам накінуўся на яе з кулакамі, пазней да збіцця далучылася і яго спадарожніца — жанчыну-таксістку білі проста ў машыне.
У рэдакцыю трапіла відэа з рэгістратара, знятае падчас канфлікту.
На кадрах бачна, як жанчына-кіроўца спрабуе разбудзіць пасажыраў і просіць аплаціць паездку. Пасля гэтага мужчына раптам пачынае збіваць таксістку, а пазней да яго далучаецца і яго спадарожніца. На фоне пры гэтым чуваць плач маленькага дзіцяці. Мяркуючы па відэа, жанчыну білі не толькі рукамі, але і нагамі — у тым ліку па твары.
У выніку кіроўца атрымала сур’ёзныя траўмы і апынулася ў бальніцы. Вядома, што ёй зрабілі аперацыю. «Мяне прааперыравалі, паднялі вось гэтую костку. Так, у бальніцы ляжу», — распавяла пацярпелая.