Следства ўстанавіла асобу забойцы польскага салдата, забітага на беларускай мяжы. Падазраваны можа хавацца ў Беларусі
Раней была інфармацыя, што забойцу ўдалося пранікнуць у Заходнюю Еўропу, яго бачылі ў Францыі і Бельгіі.
Польскія следчыя вызначылі асобу мігранта, які ў маі 2024 года смяротна параніў нажом праз плот на польска-беларускай мяжы жаўнера Матэвуша Сітака. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё RMF FM, падазраваны цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
У снежні ў Мінск быў накіраваны запыт аб арышце падазраванага і яго экстрадыцыі ў Польшчу. Дагэтуль беларускія ўлады не адказалі на гэты запыт. Праз адсутнасць адказу расследаванне было прыпынена ў маі.
Малаверагодна, што Беларусь экстрадуе гэтага чалавека ў Польшчу, паведамілі карэспандэнту RMF FM людзі, знаёмыя са следствам. Паводле слоў суразмоўцаў, калі б мужчыну адправілі ў Польшчу, яго б падчас допыту распыталі, сярод іншага, пра тое, як ён трапіў у Беларусь.
У лістападзе 2024 года з'явілася інфармацыя, што нападнік змог уцячы ў Заходнюю Еўропу і быў заўважаны ў Францыі і Бельгіі.
Таксама была інфармацыя, што польскага салдата забіў грамадзянін Марока. Аб гэтым паведаміла мігрантка, якая нелегальна перайшла беларуска-польскую мяжу і падала заяўку на міжнародную абарону. Польскія службы афіцыйна не каментавалі гэтую інфармацыю.
21‑гадовы Матэвуш Сітак, салдат 1‑й Варшаўскай танкавай брыгады, памёр 6 чэрвеня ў Ваенна-медыцынскім інстытуце Варшавы ад ранення, атрыманага 28 мая падчас службы.
Тады мяжу штурмавала група з прыкладна 50 мігрантаў. Яны паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы памежнікаў галінамі дрэў, палкамі і камянямі. У аднаго з іх быў нож, прымацаваны да палкі. Ім ён праз агароджу пырнуў польскага салдата. Саслужывіца пачала аказваць яму першую дапамогу, але мігранты атакавалі і яе. Сітак быў шпіталізаваны, але, нягледзячы на намаганні дактароў, выратаваць яго не ўдалося. Момант смяротнага ранення трапіў на відэа камер назірання, што дазволіла стварыць партрэт забойцы і ідэнтыфікаваць яго з дапамогай іншых мігрантаў.