Культура

Паэтка Наста Кудасава: Лепш настроіцца на доўгае чаканне, тады ў нас хопіць сіл дажыць да перамогі

З-за пандэміі Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце», які штогод у лютым адбываецца ў Мінску, сёлета праходзіў сціпла, часткова ў анлайн-рэжыме. Але гэта не паўплывала на традыцыйную і галоўную дзею мерапрыемства — уручэнне Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Чацвёртым яе лаўрэатам — пасля Алега Мінкіна, Анхелы Эспіносы Руіс і Анатоля Вярцінскага — стала паэтка з Рагачова Наста Кудасава, з якой «Народная воля» фестывальных кулуарах пагаварыла не толькі пра літаратуру.

— Наста, віншую! Мне здаецца, Міхась Стральцоў на нябёсах задаволены такой лаўрэаткай — прыгожая, таленавітая ды яшчэ зямлячка. У вас, нягледзячы на малады ўзрост, ужо з паўтузіна розных прэмій. Стральцоўскую спадзяваліся атрымаць?

— Дзякуй за віншаванне! Вядома ж, не спадзявалася, для мяне гэта было вельмі прыемнай нечаканасцю і сапраўдным гонарам. Увогуле, я думаю, калі паэт пачынае чакаць прэмій і думаць, што ён іх заслугоўвае, яму можна толькі паспачуваць. Наўрад ці ён працягвае быць шчырым са сваёй музай. Усё ж паэзія — гэта пастаянная рана, якая не мусіць загойвацца, бо, калі табе не баліць па-сапраўднаму, атрымліваюцца так сабе вершы.

— Стральцоўская прэмія мае істотны дадатак — выдаецца новая кніга лаўрэата. У вас назвы кніг заўсёды незвычайныя — «Лісце маіх рук», «Маё невымаўля», і вось цяпер — «Вясна. Вуснам цесна». За адну назву ўжо трэба прэміяваць! Іван Мележ назву «Людзі на балоце» цэлы год шукаў. А вы доўга шукаеце?

— Так, звычайна назва выношваецца доўга, разам з кнігай — пакуль чакаеш гэтае дзіця, падбіраеш імёны… У дадзеным жа выпадку шукаць доўга не было магчымасці, бо і кніга стала нечаканасцю. Давялося арганізавацца хутка. Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч прапанаваў мне некалькі варыянтаў з маіх жа радкоў, і я зразумела, што нічога больш так не хочацца ў гэтыя дні, як вось гэтага жыватворнага пачуцця, калі вясна і вуснам цесна… Бо апошні год усіх вельмі змучыў.

— Вось я гартаю вашу новую кнігу і, як жарынкі з вогнішча, выграбаю прыдуманыя вамі словы: нізкімныя ночы, ехаць чалавекаспынам, у вачах сабакі невыгаўкны свет. Вам бракуе слоў у беларускай мове?

— Можна і так сказаць. У нашай мове безліч слоў, але можа быць яшчэ больш. Я ж не ствараю словы-абракадабры, яны ўсе маюць нармальную беларускую структуру. Напрыклад, слова «невыгаўкны» ўтварылася па аналогіі з «невымоўны». Думаю, ніводзін мовазнаўца не зможа мне патлумачыць, чаму такое слова не можа існаваць у нашай мове. Ці тыя ж «нізкімныя ночы». Калі ёсць «нішчымны», чаму не можа быць «нізкімны»?

— Яшчэ як можа! А калісьці нашы мовазнаўцы складуць слоўнік паэткі Кудасавай. Наста, вам бы ў конкурсах прыгажосці ўдзельнічаць (і там прэміі былі б вашы — я перакананы), а на вашым профілі ў «Фэйсбуку» — чорны авал. Чаму?

— Дзякуй за камплімент, сказаць па шчырасці, я ніколі не адчувала сябе надта прыгожай, усё жыццё прымушаю сябе працаваць над павышэннем самаацэнкі. Чаму замест фота чорны авал? Не ў мяне адной цяпер такі профіль.

Я змяніла яго пасля смерці Рамана Бандарэнкі. І пакуль не бачу нагоды змяніць яго на штосьці каляровае. На вялікі жаль.

— Неяк у адным з інтэрв’ю вы саманазваліся іншапланецянкай. І гэта выглядала праўдападобна. Скажыце, падзеі пасля 9 жніўня канчаткова вярнулі вас на зямлю?

— Ведаеце, мая «іншапланетнасць» ніколі не замінала мне бачыць, у якім свеце мы жывём. То-бок я не магу назваць сябе чалавекам, далёкім ад палітыкі. Я ж нават думала пэўны час паступаць на гістарычны факультэт, бо ў школе моцна захаплялася гісторыяй Беларусі і ўжо тады была грамадскай актывісткай. Калі мне было 17, у 2001 годзе, са мной здарылася першая абарона Курапатаў, знаёмства з Паўлам Севярынцам, «Малады фронт». Карацей, я не магу сказаць, што падзеі апошняга часу збілі мяне з ног і сарвалі з вачэй ружовыя акуляры. Я заўсёды ведала, у якой краіне жыву.

— І я ведаў, але той дзікі гвалт, які пачаўся пасля 9 жніўня (і працягваецца да сёння), мяне проста агаломшыў.

— Ну так, ступень гвалту ў жніўні і мяне прымусіла на нейкі час анямець. Бо гэта было жахліва — усвядоміць, наколькі ж гісторыя не вучыць нічому, наколькі лёгка нацкаваць адных людзей на іншых і абудзіць усё самае нізкае і бесчалавечнае ў чалавеку.

Гэтага я не чакала. Падалося, што стагоддзі эвалюцыі і культурнага развіцця былі марнымі. Але потым я неяк здолела гэта асэнсаваць. Да таго ж я ўбачыла і станоўчыя змены ў грамадстве.

І, дарэчы, цяпер іншапланетнай я сябе ўжо не адчуваю настолькі моцна, як раней. Раней гэта была самота, неактуальнасць, несвоечасовасць. Цяпер жа ўбачыла, што я не такая ўжо і самотная ў гэтай краіне, са мной мой народ — прыгожы, мужны і шчодры.

З Уладзімірам Някляевым

— У снежні мінулага года вы разам з паэткамі Вальжынай Морт, Юляй Цімафеевай ды іншымі бралі ўдзел у Жаночым паэтычным маршы. Наколькі для вас гэта важна — удзельнічаць у падобных акцыях?

— Цяпер для мяне гэта важна, як ніколі. Спачатку мне здавалася: ну каму сёння патрэбны вершы, калі ў людзей такія праблемы, такі боль?.. А потым я ўбачыла, што мае словы здольны прыносіць іншым палёгку. У апошні час паэзія стала вельмі запатрабаванай, бо менавіта яна можа даваць імгненныя кароткія водгукі на тое, што адбываецца. І людзі такім чынам лечацца ад болю і роспачы.

— Калі я ўспамінаю ваш Рагачоў, то ўваччу паўстае адно відовішча: шырокае Дняпро падмывае берагі разам з магутнымі дрэвамі, і яны падаюць кронамі ў рачную плынь… Беларускую нацыянальную культуру таксама «падмывае», асабліва апошнія паўгода. Упадзём ці выстаім?

— Я ўпэўнена, што выстаім. Чым больш нам даводзіцца перажыць, тым больш чулымі людзі робяцца да свайго. Думаю, неўзабаве нас можа чакаць росквіт нацыянальнай культуры. Адзінае, што не хацелася б святкаваць яго ў падпольных умовах. Хочацца дачакацца таго «залацістага яснага дня», калі мы выйдзем на вуліцы, каб абдымацца, піць шампанскае, спяваць уголас беларускія песні і чытаць беларускія вершы.

— У Стральцова ёсць знакамітае эсэ «Загадка Багдановіча». А для мяне існуе і загадка Кудасавай. Вы скончылі рускую школу ў Рагачове, рускае аддзяленне філфака ў Мінску, пэўны час жылі ў Пецярбургу і — сталі выдатнай беларускай паэткай. У вас ёсць гэтаму нейкае рацыянальнае тлумачэнне?

— Я ж у школе чытала не толькі рускую літаратуру, а ўсё, што траплялася на вочы. Была такім апантаным чытачом, што мяне ўсе рагачоўскія бібліятэкаркі ведалі. І ў нейкі момант я проста адчула навакол беларускамоўны свет. Пачала свядома вучыць беларускую мову, выпісваць з кніг незразумелыя словы. Але ж аснова была ўва мне — ад бабулі, ад прабабулі, ад гэтай зямлі. Проста зерне ў патрэбны час упала не на камень.

— Ёсць двухмоўныя і нават трохмоўныя паэты. А вы можаце пісаць вершы не па беларуску?

— Не магу. Сёння часам нязручна быць беларускамоўным, але гэтыя ўмовы нам штучна навязалі. Можна навязаць іншыя ўмовы, і ўсім будзе зручна быць беларускамоўнымі. Усё павінна быць добра з беларускай мовай, я гэта адчуваю. І ведаю адно — мне трэба пісаць. Паэзія прыходзіць аднекуль, як музыка, і яна гучыць у маёй галаве толькі на беларускай мове.

— І ўсё ж які магніт прыцягнуў вас да беларушчыны?

— Па-першае, я веру ў моцную генетычную сувязь, якая выяўляецца менавіта праз мову, а ўсе мае найбліжэйшыя продкі — беларусы. А яшчэ мне заўжды здавалася, што мовы нараджаюцца ў адпаведнасці з краявідам. То-бок менавіта гэтаму краю пасуе менавіта гэтая мова, толькі яна можа дакладна адчуць усе яго каменьчыкі, імхі, рэкі, палі, пагоркі, яго рыб і звяроў. Таму яна не можа не трапіць у само сэрца, гэта як ключ-разгадка да навакольнага свету. Я пражыла на гэтай зямлі большасць свайго жыцця, тут жылі ўсе мае продкі, таму ніякі іншы ключ мне не падыходзіць.

— А кім былі вашы продкі? Адкуль вашы карані?

— Тыя, пра якіх я ведаю, паходзяць з Рагачоўшчыны. І з мамінага, і з татавага боку. Род мой, здаецца, просты, сялянскі. Хочацца неяк знайсці час і магчымасці, каб атрымаць больш звестак пра свае карані. Мяне даўно цягне паглыбіцца ў вывучэнне свайго радаводу.

— Літаратурнай працай сёння беларускі пісьменнік пражыць не можа. Як выжываеце вы? Якім чынам зарабляеце на хлеб надзённы? У вас жа на руках яшчэ і двое непаўналетніх дзетак.

— Я сяджу дома з дзецьмі і займаюся рознымі падпрацоўкамі, часам іранічна называю сябе «дурніцай шырокага профілю». На жаль, сын хварэе на эпілепсію ад нараджэння, таму я не мела шанцаў наладзіць свой працоўны побыт так, як хацелася б. Але, з іншага боку, нішто не даецца дарэмна.

Магчыма, менавіта такі жыццёвы рытм дазваляе мне больш пісаць. Я, дарэчы, мару зарабляць на хлеб надзённы літаратурнай творчасцю, каб можна было жыць, хай сабе і бедна. Пакуль што я бачу праблему не ў тым, што ў нас пісьменнікі кепскія ці чытачоў бракуе. З гэтым якраз усё добра. Проста ў Беларусі адсутнічае механізм падтрымкі і прасоўвання літаратуры, а гэта абавязкова мусіць рабіцца на дзяржаўным узроўні.

— Калі вы з раніцы чытаеце апошнія навіны, які настрой пераважае ў вашай душы — злосць, разгубленасць, адчай?

— Цяпер усё часцей адчай і бяссілле. Але гэта толькі з раніцы. Потым цягам дня абавязкова здараецца якая-небудзь цудоўная дробязь, якая вяртае раўнавагу і нагадвае аб тым, што дабра на свеце ўсё ж болей, чым зла.

— Няўмольна набліжаецца сакавік, на беларускіх рэках ужо шэпчуцца крыгі. Чаго вы чакаеце ад вясны — для сябе, для родных вам людзей, для краіны?

— Для сябе я чакаю шчасця і здзяйснення адной вельмі важнай мары. Хоць жыццё, здавалася б, прымусіла не чакаць нічога добрага… Але нават калі задуманае не здзейсніцца, я не буду адчайвацца. А вось для краіны я баюся чагосьці чакаць.

Я разумею, што змены да лепшага непазбежныя, сама логіка жыцця іх дыктуе. Але як хутка чакаць тых змен? Тут я не бяруся прагназаваць. Лепш настроіцца на доўгае чаканне, не спадзявацца на імгненны вынік, тады ў нас хопіць сіл дажыць да перамогі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»9

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Кіроўцы фур, з якіх атакавалі вайсковыя аэрадромы ў Расіі, не ведалі пра аперацыю «Павуцінне»1

Колькі каштуюць ягады, гародніна і садавіна на «Камароўцы»3

У Беларусі няма бульбы, а ў Японіі дэфіцыт рысу1

Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»

Ліса перайшла дарогу на зялёнае ў Гродне ВІДЭА

У мінскай краме прадаюць «нарвежскі» сыр ад беларускага вытворцы па 160 рублёў за кілаграм9

Пяць гадоў таму арыштавалі Паўла Севярынца1

Эдуарда Малафеева не запрасілі на адкрыццё Нацыянальнага стадыёна6

Трамп: Украіна сама справакавала расійскія ўдары40

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»9

Беларус стаў Героем Украіны. «Яго мужчынскі пачатак быў вельмі моцны»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць