Грамадства

«Гатовая была памерці». Беларуска cцвярджае, што наглыталася таблетак у РУУС, пратэстуючы супраць затрымання — даведаліся дэталі гісторыі

У навагоднюю ноч бізнэс-трэнерка і адна з актывістак руху «Маці-328» Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі таксікалагічнага аддзялення Бальніцы хуткай меддапамогі. Яе сябры сцвярджалі, што жанчына наглыталася таблетак у РУУС пасля свайго затрымання. «Наша Ніва» высветліла дэталі гэтай гісторыі.

У таксікалогіі Бальніцы хуткай меддапамогі нам пацвердзілі, што да іх паступала такая пацыентка.

Цяпер Марына Кісялевіч пераведзеная ў звычайную палату і змагла распавесці, якім чынам трапіла ў бальніцу з атручаннем.

Марына Кісялевіч. Фота з Фэйсбука.

«30 снежня мне патэлефанавалі з міліцыі і спыталі, дзе я знаходжуся. Нібыта трэба апытаць мяне наконт нейкіх допісаў ва «УКантакце» пад маім прозвішчам. Я сказала, дзе я, бо ва «УКантакце» не сяджу і мне няма чаго баяцца. Але ўсё адно без аніякіх дакументаў трое супрацоўнікаў Крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС прыехалі за мной і забралі ў аддзяленне разам з тэхнікай», — расказвае Марына. 

У РАУС жанчына распавяла, што актыўная толькі ў Фэйсбуку, і тады ёй пачалі паказваць допісы адтуль, распытваючы пра аўтарства.

«Тут я ўжо адмовілася сведчыць супраць сябе, спасылаючыся на 27-ы артыкул Канстытуцыі. На што мне выдалі, што я ўсё адно затрыманая як падазраваная па 188-м артыкуле Крымінальнага кодэкса (Паклёп, — заўв. «НН»). Нібыта вось ёсць нейкая заява нейкага грамадзяніна па факце паклёпу (мне нават не сказалі, на каго), і будзе праводзіцца праверка».

Жанчына расказвае, што ў РУУС яе пакінулі на ноч у халоднай камеры з каменнай падлогай памерам паўтара на паўтара метра.

«Там было вельмі халодна, так, што я не магла ні сядзець, ні спаць, і ўсю ноч прахадзіла. Адпускалі толькі ў прыбіральню», — расказала яна.

Зранку Марыну Кісялевіч павезлі ў раённы аддзел Следчага камітэта, але там яе справу вярнулі назад.

«Я звярнула ўвагу на тое, што такім чынам супрацоўнікі РУУС парушаюць 108 артыкул КПК: калі мяне затрымалі да завядзення крымінальнай справы, то гэтае пытанне павінна вырашыцца цягам сутак. Калі ж яно не вырашаецца — мяне трэба адпусціць. Але тут мне сказалі, што я буду затрыманая па адміністрацыйнай справе, пачалі патрабаваць пароль ад Фэйсбука. На мяне сталі крычаць, пагражаць. У мяне чамусьці не забралі таблеткі з асабістых рэчаў. І я не вытрымала, і выпіла сваё снатворнае. У мяне з сабой была пласцінка — дастаткова, як я лічыла, каб памерці».

Пасля гэтага жанчына памятае толькі як ёй выклікалі хуткую, спрабавалі справакаваць ваніты, паклалі на насілкі — яна знепрытомнела і прыйшла ў сябе першага студзеня ў рэанімацыі. 

У бальніцу да Марыны прыходзілі з міліцыі — высвятляць акалічнасці справы. Яна сказала, што для яе гэта відавочнае давядзенне да суіцыду.

«Я цяпер, канечне, разумею, што гэта было неразумна з майго боку, я моцна рызыкавала, і мой сын толькі пацярпеў ад маіх дзеянняў. Але ў мяне здалі нервы. Я гатовая была памерці, толькі б не ў турму па сфабрыкаванай справе. Відаць, паўплывала і тая ноч у камеры-халадзільніку: холад стаў для мяне сапраўдным катаваннем», — сыходзіць на слёзы Марына.

Пакуль яна на кропельніцах і ўколах у бальніцы, дзень выпіскі ёй яшчэ не анансавалі.

«Я буду пісаць на супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС заяву: «давядзенне да суіцыду». Гэта не першы выпадак ціску на мяне. Не ведаю, з чым гэта звязана. Магу выказваць толькі здагадкі. З 2017 года я спрабую змагацца за сына, асуджанага па «наркатычным» артыкуле. У 2020-м падавала скаргі на бяздзейнасць улады падчас пандэміі і ў ЦВК на тое, што Лукашэнку зарэгістравалі незаконна.

А ў лістападзе бягучага года я напісала заяву на Лукашэнку ў КДБ па частцы 3 артыкула 357 КК (Змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады, — Заўв. рэд). Думаю, за гэта мне могуць помсціць, бо гэта не першая спроба адправіць мяне за краты. Раней абыходзілася штрафамі», — выказвае здагадкі жанчына.

***

«Наша Ніва» звярнулася па каментарый у Кастрычніцкі РУУС Мінска, а таксама ў прэс-службу ГУУС Мінгарвыканкама. Атрымаць аператыўны адказ не ўдалося. Як толькі мы яго атрымаем, адразу ж апублікуем.

Памятаеце 14-гадовага футбаліста, якога затрымліваў АМАП? Злілі размовы сілавікоў пра яго справу, а «Наша Ніва» даведалася, чым скончылася гісторыя

Каментары

Цяпер чытаюць

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком2

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком

Усе навіны →
Усе навіны

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску32

Еўрасаюз хоча ўвесці поўную забарону на закупку прадуктаў з расійскай нафты6

Расія і Украіна правялі чарговы абмен целамі загінулых вайскоўцаў. Ён ішоў праз Беларусь

«Раз'язджаліся проста па тратуарах». Каля новага стадыёна пасля матча адбыўся калапс3

Украінцы нанеслі ўдар высокадакладнымі снарадамі па базе расійскіх войскаў у Курскай вобласці ВІДЭА1

Спецслужбы выходзяць на кантакт з актывістамі праз фэйсбук: што вядома і як сябе абараніць1

Мінздароўя баіцца, што пакістанцы прывязуць у Беларусь ліхаманкі Крым-Конга і Чыкунгунья8

Відэа, у якім кіраўнік Крычава прасіў жыхароў ахвяраваць на прыпынкі, выдалілі пасля рэзанансу1

Ад 5 рублёў за штуку і букеты да 45 рублёў. На Камароўцы зацвілі півоні

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком2

Як быць маладым бацькам у 66 гадоў, пра мару і пра новы альбом — у гутарцы з легендаю фолку Іванам Кірчуком

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць