Грамадства

«Праца цяжкая, 6 дзён на тыдзень, моцна схуднеў». Два гады таму арыштавалі журналіста Андрэя Кузнечыка

Першы «юбілей» 10-гадовая дачка Андрэя Кузнечыка Яніна сустрэла без таты. Але бацька ўважліва сочыць за тым, як растуць дзеці, дае парады па выхаванні і марыць пра вандроўкі з імі, піша Радыё Свабода.

Андрэй Кузнечык. 

25 лістапада спаўняецца два гады, як журналіст Свабоды Андрэй Кузнечык знаходзіцца за кратамі. У той лістападаўскі дзень 2021 года ён увечары паехаў на роварную прагулку. Каля пад’езда Андрэя чакалі чацвёра сілавікоў у цывільным. Канфіскавалі тэхніку, забралі ў пастарунак, спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, а праз месяц завялі крымінальную справу.

У чэрвені 2022 года Магілёўскі абласны суд прызнаў Андрэя Кузнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармавання» і прысудзіў 6 гадоў турмы.

«Цешуся з любоўна і ідэальна сабранай перадачы»

Ужо больш за год Андрэй адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі № 1, працуе на дрэваапрацоўцы. Праца цяжкая, 6 дзён на тыдзень. Палітвязень моцна схуднеў, старое адзенне звальваецца, Андрэй не адзін раз яго ўшываў. Днямі атрымаў перадачу з новай вопраткай.

«Цешуся з любоўна і ідэальна сабранай перадачы. Толькі ўчора ўпораўся далічыць-перабраць вашы дарункі. У тэрма (тэрмабялізне. — РС) упрэў. Спаць у ёй мякчэй, але працаваць у поце спіны — не ўпэўнены, праверу, калі вернуцца снягі і халады. Ну а куртка — агонь! Скажы? Праўда, пакуль не ўпісваюся новымі сваімі габарытамі ў старыя траекторыі. Анекдот пра «трывалы матэрыял« на некалькі гадоў падарыў ужо не адну ўсмешку», — Андрэй і за кратамі не траціць пачуцця гумару.

«Пра лацінку навіна прыкрая»

Андрэй Кузнечык выпісвае шмат беларускамоўнай перыёдыкі, усё ўважліва чытае:

«У «Звяздзе» прыгадалі 110-годдзе Сяргея Грахоўскага. Пэўна, нешта мусіць быць у «Белкнізе». Я б што купіў і пачытаў. Мо якое «Выбранае» ці нешта падобнае выдалі? І дашлі мне, калі ласка, ягоны легендарны верш пра ветразь», — просіць Андрэй жонку.

«Пра лацінку навіна прыкрая, але нічым не выбіваецца з лініі тых прыкрых навін, ад якіх даўно стаміўся засмучацца. Зрэшты, не сумняваюся, што даробак Лемцюговай не прападзе і будзе ацэнены і выкарыстаны больш удумлівым наступнікам», — спадзяецца Андрэй, згадаўшы слыннага філолага Валянціну Лемцюгову, пры непасрэдным удзеле якой быў прыняты Закон аб геаграфічных назвах, дзе была юрыдычна замацаваная практыка першаснага прысваення назваў геаграфічным аб’ектам на беларускай мове, перадача іх на лацінку ды іншыя мовы.

Дзеліцца Андрэй уражаннямі ад прачытанага ў «Звяздзе» ліставання Яўгеніі Пфляўмбаўм і Максіма Лужаніна. І ад працягу гісторыі ў літаратурным часопісе.

«У «Дзеяслове» з нагоды выхаду зборніка паэткі Пфляўмбаўм усчалася фемінісцкая дыскусія пра тое, як не ацаніў яе Лужанін, здраджваў і выкарыстоўваў ейны талент. Такія ўрокі гісторыі і выпадковае маё знаёмства з сацыяльна-літаратурнымі трэндамі», — піша Андрэй.

«Родныя, падобныя і розныя нашы дзетачкі»

У Андрэя і Алесі двое дзяцей — 10-гадовая Яніна і 3-гадовы Мацвей. Ужо два гады дзеці жывуць без таты. Яны растуць, мяняюцца, і бацька адчувае, што не заўсёды разумее, што ім цяпер цікава, як з імі кантактаваць і нават якія вершы ім пісаць. Што адбываецца зараз з сынам, ён яшчэ можа сабе ўявіць, прыгадаўшы дачку такіх гадоў. А Яніна паспела стаць ужо загадкай для таты.

«Думаў над тым, як дапамагчы Яніне ў пазіцыянаванні сябе ў дзіцячым калектыве. Дадумаўся толькі да таго, што знайшоў бы і прачытаў адпаведную літаратуру, каб разабрацца ў сутнасці працэсаў і бацькоўскай і педагагічнай ролі ў іх. Як калісьці тое зрабіў з білінгвістычнымі пытаннямі на тле ціску лагапедаў і бабуляў. Кніжка была доўгай, нуднай, але ўсё стала на палічкі. Усе мае расстаўленыя палічкі дачка ўжо перарасла», — разважае Андрэй.

Каб бацька бачыў, як растуць і сталеюць дзеці, жонка дасылае Андрэю шмат іх фатаграфій, а таксама малюнкі дачкі.

«Дзякуй, што звадзіла мяне на Мацвееў ранішнік. Усё так жыва ўявіў, тым больш што глядацкі досвед ёсць. Ну і прыгадаў Янчыны ранішнікі з нагоды, папесціў успаміны».

«А што да дурэння пры апрананні і «ўцёкаў» ад фоціка, то тая ж рыса, што і ў Яніны ў ягоным веку. Родныя, падобныя і розныя нашы дзетачкі».

«Першы Янчын малюнак у гуртку атрымаўся вельмі прыгожым. Праўда, не зразумеў, ці спадабалася ёй, ці таго яна чакала. З радасцю пачытаў пра яе іншыя прыдумкі і фантазіі — каштанавыя рытуалы, папяровых папугайчыкаў, радасць для іншых школьнікаў».

«Пра Янчыну карціну я, уперад фоткі паглядзеўшы, падумаў, што гэта туманны цмок з круглым шчытом. Вельмі жывая, атмасферная, як для мяне — карціна з астральнага сусвету», — пяшчотай піша Андрэй пра сваіх дзетак.

Верш для дачкі навыраст

Яніне Кузнечык нядаўна споўнілася 10 гадоў. Бацька даслаў ёй верш на першы «юбілей». Праўда, піша, што «не да канца ўпэўнены ў назве геаметрычнай фігуры Нацыяналкі».

Дзесяць — круглы юбілей,
Знакавая дата!
Трэба вылічыць хутчэй:
А ці ёсць квадратны?

Бо тры тысячы шэсцьсот
Пяцьдзясят і трошкі
Дзён паміж такіх нагод
Утрываць няможна!

На чатыры падзяліць?
Ці на тры памножыць?
Тры… А што! Трохкутным быць
Юбілей жа можа!?

У разумных кнігах шмат
Для фігураў назваў -
І для юбілейных дат
Найбліжэйшым часам!

Мае нават мо свае
Дні для святкавання
Ромбакубаактаэ…
(Фух!)…актаэдральны!

Скажаш, з літар вінегрэт?
Пачакай сварыцца.
Так завецца сілуэт
Кніжніцы ў сталіцы.

Але перш, чым пачынаць
Лінаваць і крэсліць,
Час жаданні памнажаць
Мінімум на дзесяць!

Зычу я ў твой першы дзень
Кругла-юбілейны
Шчасця спраўджаных надзей
З крыламі натхнення!

Праўда, Андрэй сам прызнаецца, што «з вершам Яніне трошку залішне паразумнічаў, напісаўшы навыраст», але спадзяецца, што жонка дапаможа яго зразумець:

«Ты ж патлумачыш дачушцы цьмяныя месцы, ці мне яшчэ трэба штосьці падказаць? Увогуле вядома, сінхранізацыя з дзецьмі не можа не кульгаць у мяне. У каталогу кніг думаў нават купіць кніжку пра дзяцей 8—13 гадоў, там яшчэ назва была са словамі «Самы цяжкі ўзрост», але схамянуўся, бо ж на практыцы мне тыя веды прымяняць пакуль не давядзецца. А практычным досведам хутчэй і карысней ты са мной падзелішся», — разважае Андрэй.

Вандроўкі па Беларусі

У ягоных лістах шмат успамінаў, як сям’я Кузнечыкаў разам бавіла час раней

«Чытаючы пра папугайную экскурсію, згадваю, як мы з Янінай ездзілі на выставу павукоў. Як яна гадзіну хадзіла па невялічкім пакойчыку і як мне пазнавальна і цікава было назіраць за ёй, ейнай цікаўнасцю да дробязяў і дэталек, не зважаючы на час. Спрабаваў уявіць, якія эмоцыі былі на выставе папугаеў, разумеючы, што насамрэч дзяўчынка вырасла і ўсё крыху ці не крыху ўжо інакш».

Трохгадовы сын Андрэя, як і многія хлопчыкі ў ягоным узросце, цікавіцца аўтамабілямі, і Андрэй успамінае пра свае захапленні.

«Што да аўтамабільных сынавых перспектыў, дык я малым таксама марыў стаць трактарыстам ці кіроўцам аўтобуса. Ездзіў з дзядзькам на «Кіраўцы» і ўяўляў сябе двайным жоўтым «Ікарусам». Але вырас во — і «зраварысціўся«. Зрэшты, аўтамабілісты ў радні — гэта нават зручна. Будзем ездзіць з сынам у вандроўкі па Беларусі», — марыць Андрэй.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Астравецкім раёне 65‑гадовы вясковец страляў у міліцыянераў. Яго забілі10

У Астравецкім раёне 65‑гадовы вясковец страляў у міліцыянераў. Яго забілі

Усе навіны →
Усе навіны

Адміністратарка «Штаба Аношак» валодае беларускай кампаніяй, датычнай да паставак санкцыйных паўправаднікоў у ваюючую Расію28

Мільёны спроб узлому. Банкі, авіякампаніі, дзяржустановы па ўсім свеце адключаюць анлайн-сэрвісы праз дзіркі ў бяспецы PHP1

Ці можа Беларусь стаць дэмакратычнай пры жывым Пуціне? Карбалевіч пра страхі Лукашэнкі і тое, што будзе пасля яго17

За хабар арыштавалі кіраўніка Аршанскага мясакансервавага камбіната. Два месяцы таму ён прымаў на заводзе прэм'ера Турчына

Магчыма, узламалі «Белдзяржстрах» — даныя мільёнаў беларусаў пад пагрозай7

Вядуцца размовы пра новыя візіты амерыканскай дэлегацыі ў Беларусь1

На форуме ў Маскве расказалі пра фота забітага вайскоўца з неанацысцкай «Эспаньёлы», якое нібыта заміраточыла8

Украінскія вайскоўцы заявілі пра паспяховую аперацыю «Велес», якой яны сарвалі расійскія планы наступу на Купянск1

«Хлусня ледзь не каштавала жыцця больш чым 10 ветэрынарам». Ветклініка расказала пра выпадак шаленства10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Астравецкім раёне 65‑гадовы вясковец страляў у міліцыянераў. Яго забілі10

У Астравецкім раёне 65‑гадовы вясковец страляў у міліцыянераў. Яго забілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць