Грамадства1313

«Ледзь не памёр са страху». Айцішнік расказаў, як ездзіў у Беларусь прадаваць кватэру

Кірыл пераехаў у Польшчу ў першых чыслах 2021 года і з таго моманту ні разу не ездзіў у Беларусь. А потым прыйшлося: на сваё жыллё ў Польшчы не хапала грошай, затое ў Мінску пуставала кватэра. Ён расказаў каналу Dzik Pic, як гэта было.

— Я тры гады не ездзіў у Беларусь: спачатку былі кавідныя абмежаванні, потым адмена авіязносін, а потым — банальны страх. У мяне былі пэўныя рызыкі, што канкрэтна мяне могуць затрымаць. Зрэшты, нават калі б іх не было, я б без патрэбы ў Беларусь не паехаў, бо калі ты доўгі час жывеш у бяспецы, нават 1% адыгрывае вялікую ролю. 

Я чытаў, як затрымлівалі людзей, якія вярнуліся з Літвы ці Польшчы, і не хацеў выпрабоўваць лёс. У рэшце рэшт занадта высокі кошт — мая бяспека і свабода. 

Шчыра кажучы, я бачыў сваё вяртанне ў Мінск толькі ў страшных снах (у поўным сэнсе гэтага слова — думаю, многія, хто пераехаў, ведаюць гэтую зʼяву). 

Але мы з жонкай вырашылі купляць кватэру ў Варшаве, і ў канцы 2023 года нам спатрэбіліся грошы. А для гэтага трэба было неяк паспрабаваць прадаць кватэру ў Мінску. Вырашылі рызыкнуць, але мінімізуючы ўсе магчымыя рызыкі. 

Я выставіў адэкватную цану (крыху больш, чым кватэра абышлася мне), і пакупнік знайшоўся літаральна за дзень. Прадаваў праз агенцтва, таму ўсе дакументальныя пытанні мне дапамаглі вырашыць. Мне трэба было толькі прыехаць на момант здзелкі, таму што даверанасці ў нас не было. 

Ехаць праз наземную мяжу з Польшчай я не рызыкнуў, бо да мяне відавочна былі б пытанні. 

У выніку паехаў на аўтобусе з Гданьска ў Калінінград, а адтуль самалётам у Маскву. Я разумеў, што мяне наўрад ці стануць затрымліваць у Расіі, ды і дакументы там правяраюць толькі супрацоўнікі авіякампаніі. Вось ляцець з Калінінграда адразу ў Мінск я б дакладна не стаў. 

На месцы высветлілася, што расійскія авіякампаніі не прымаюць польскія і нават беларускія банкаўскія карты. Прыйшлося шукаць знаёмых у Расіі, хто зможа купіць білет. 

Пасля самалёта была нейкая напаўразваленая маршрутка да Мінска, на цягніку я не паехаў — трэба купляць квіток па сваім пашпарце. 

Безумоўна, я не карыстаўся беларускай сімкай і старым тэлефонам, не паведамляў нікому пра свой прыезд. Нават маці не ведала, што я прыехаў. 

Мае знаёмыя, якія праз некалькі гадоў эміграцыі ездзілі ў Беларусь, казалі прыкладна адно і тое ж: страшна, калі ты думаеш пра паездку, а калі знаходзішся ў Мінску — страх знікае. 

Дык вось, нічога падобнага: некалькі дзён, што мне давялося пабыць у Беларусі, у мяне зашкальваў пульс (пра гэта добрасумленна паведамляў мой Apple Watch) і я баяўся нават выйсці з дому (ну як з дому — я начаваў у сяброў).

Маці я ў выніку таксама наведаў мімалётам, зладзіў ёй сюрпрыз. І, карыстаючыся выпадкам, мы вырашылі зрабіць даверанасць. 

Для гэтага паехалі ў адзін з райцэнтраў і пайшлі да натарыуса, які знаходзіўся ў мясцовым будынку суда. Увайсці туды можна праз стандартную прахадную, на якой сядзіць супрацоўнік міліцыі і правярае ўсіх на ўваходзе. Ён папрасіў нашы пашпарты: маці аддаў хутка, а мой пашпарт узяў у рукі, нешта там праверыў і накіраваўся да выхаду са сваёй кабінкі. 

Я гляджу на яго, а ён мэтанакіравана ідзе да мяне. Гэта быў самы страшны момант за ўсю паездку. І тут ён кажа: «Давайце праверым, што ў вас у заплечніку». Цяпер смешна, але тады я ледзь не памёр са страху. 

Як толькі я закрыў здзелку з кватэрай, праз гадзіну ўжо ехаў маршруткай назад у Маскву, каб вылецець у Калінінград. Толькі калі прайшоў расійска-польскую мяжу, я нарэшце выдыхнуў — адчуў сябе ў бяспецы і пачаў шанаваць сваё жыццё ў Польшчы яшчэ больш.

Каментары13

  • хтосьці
    26.03.2024
    "Баіцца мой сябар, калі навальніца..." (c)
    N.R.M.
  • Kate
    26.03.2024
    Спадзяюся, яму шкарпэткі дораць на дзень абаронцы айчыны.
  • Максим Дизайнер
    26.03.2024
    Ойтишное провинциальное сцыкло.

Цяпер чытаюць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць2

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Усе навіны →
Усе навіны

БЧБ-нявеста звярнулася да беларусаў, якім няпроста за мяжой23

На станцыі метро «Трактарны завод» памёр чалавек

Белстат заявіў, што на заробкі за мяжу выехала рэкордная колькасць беларусаў. МУС кажа, што ўсё наадварот4

67-гадовага расійскага дысідэнта Аляксандра Скобава прыгаварылі да 16 гадоў калоніі5

Зноў на дзве капейкі даражэе бензін

Новая тканіна можа сама награвацца больш чым на 30 градусаў, каб ратаваць у экстрэмальна халоднае надвор'е2

На гродзенскай трасе паставілі агароджу, якая ўратуе нават пры наездзе на хуткасці 130 км/г1

У Беларусі застаўся ўсяго адзін прыватны дзіцячы садок5

ГУБАЗіК затрымаў групу сектантаў «Метагалактыка»4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць2

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць