Грамадства

У Беларусі рассцілаліся перад гендырэктарам МАГАТЭ. Чаму?

Афіцыйны Мінск выкарыстаў гендырэктара МАГАТЭ ў чарговай камбінацыі, а той вырашаў свае прафесійныя задачы.

Аляксандр Лукашэнка і Рафаэль Гросі. Фота: БелТА

Візіт гендырэктара МАГАТЭ Рафаэля Гросі стаў галоўнай тэмай афіцыйных СМІ.

У часы, калі афіцыйны Мінск стаў шэрай зонай для вялікіх міжнародных візітаў, а парогі Палаца незалежнасці абіваюць у асноўным расійскія губернатары, гендырэктар МАГАТЭ стаў для Аляксандра Лукашэнкі жаданым госцем.

У Мінску Гросі чакала аўдыенцыя ў Палацы Незалежнасці, у Астравецкім раёне яго паслужліва сустракалі губернатар Каранік і віцэ-прэм'ер Каранкевіч. А таксама натоўп работнікаў афіцыйных СМІ, гатовых запісаць і распаўсюдзіць словы Гросі. Мала краін, дзе гендырэктару МАГАТЭ настолькі радыя. 

Дырэктар МАГАТЭ ўсіх прысутных не падвёў і адрапартаваў: «Аперацыйныя працы, што праходзяць на станцыі, цалкам адпавядаюць міжнародным нормам». І дадаў: «Я пераканаўся, што там выконваюцца абавязацельствы па бяспечнай і надзейнай эксплуатацыі». 

За гадзіну Гросі нічога істотнага праверыць і ацаніць не мог. Бяспеку АЭС кампетэнтная ацэньваць камісія МАГАТЭ, якую ў Беларусі чакаюць пазней. Тым больш, што заўвагі ў мінулай справаздачы былі. Але ў цэлым МАГАТЭ — гэта лабіст атамнай энергетыкі, ад яе нельга чакаць крытычных ацэнак у цэлым. У свой час эксперты МАГАТЭ былі схільныя нават мінімізаваць наступствы Чарнобыля.

Гросі не прывыкаць ездзіць па краінах з аўтарытарнымі і нават таталітарнымі палітычнымі рэжымамі. Ён ездзіць усюды, дзе ёсць ядзерная энергетыка — ці то Іран, ці захопленая расейцамі Запарожская АЭС. Яго не чакаюць хіба што ў КНДР, якая з МАГАТЭ даўно выйшла, каб ніхто не перашкаджаў працаваць над ядзернай зброяй.

Лукашэнка пакуль на такое не адважыўся. Наадварот, ён выкарыстаў візіт Гросі для сваёй палітычнай прапаганды.

«Вы гэта бачыце ў Літве: ім карціць не толькі ад нашай атамнай станцыі, але і наогул у сувязі з тым, што адбываецца ў нашай Беларусі», — паскардзіўся Лукашэнка Гросі.

БелАЭС была каменем спатыкнення яшчэ да 2020-га. І праблема атамнай станцыі, пабудаванай фактычна пад Вільняй, нікуды не падзелася. Літва перыядычна публічна скардзіцца, што Мінск, насуперак правілам, не трымае яе ў курсе таго, што адбываецца ў Астраўцы, выказвае сумненні ў бяспецы станцыі. І просіць МАГАТЭ нешта з гэтым зрабіць. 

Нядаўна кіраўнік МЗС Рыжанкоў выбухнуў даўно збітымі прапагандысцкімі штампамі ў артыкуле аб адносінах з Літвой. Лукашэнка гэтую гульню працягвае.

Камбінацыя разыграна без актыўнага ўдзелу самога Гросі — Лукашэнка проста карыстаецца момантам. Таму падыгрываць палітыку з краіны з адной атамнай станцыяй няма ніякай рацыі. Аргенцінца сапраўды турбуе ядзерная бяспека ў рэгіёне, дзе адразу дзве буйныя АЭС знаходзяцца ў зоне баявых дзеянняў. 

Даволі дзіўным момантам сустрэчы стала іншае выказванне Лукашэнкі. Ён раптам, без усялякай на тое нагоды, загаварыў пра Чарнобыльскую станцыю. І заявіў: ні ў Мінска, ні ў Масквы няма планаў яе захопліваць, пра што нібыта пішуць нейкія ўкраінскія СМІ.

«Я вас абсалютна запэўніваю, што гэта глупства поўнае, якое мяне нават здзівіла. Мы ў страшным сне нават не маглі ўявіць, што нам давядзецца захапіць Чарнобыльскую атамную станцыю і за яе потым адказваць», — адказваў Лукашэнка на пытанне, якое Гросі нават не задаваў.

Насамрэч, гэтыя словы разлічаны на людзей з кароткай памяццю. У першы ж дзень уварвання 24 лютага 2022 года расійскія вайскоўцы зайшлі з тэрыторыі Беларусі, захапілі ЧАЭС і ўтрымлівалі яе крыху больш за месяц. 

Новая згадка пра Чарнобыль, у выніку, дадала напружання, а не знізіла яго.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс3

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Усе навіны →
Усе навіны

Лакалізавана месца падзення беспілотніка ў Слуцку2

Былога кіраўніка Беларускага цэнтра акрэдытацыі асудзілі па справе Гаюна7

Кемлівы беларус, які 23 гады пражыў у Чэхіі нелегальна, успомніў пра сваю палітычную актыўнасць, калі яго спыніла паліцыя11

У БНТУ ўводзяць электронную чаргу пры падачы дакументаў на паступленне

Былы віцэ-прэм'ер з урада Румаса чацвёрты год не можа прадаць катэдж у Драздах. Але цану паднімае8

У Аўстрыі пятыя суткі шукаюць зніклага месяц таму 19‑гадовага беларуса. Вось што кажа сям’я13

Памерла Любоў Санкевіч з Бабруйска. Яна публічна прасіла прабачэння за тое, што ў 1994‑м галасавала за Лукашэнку1

У Ждановічах будуюць мост, які злучыць два раёны сталіцы. Якім ён будзе2

Чаму цяпер так шмат кляшчоў і што з гэтым рабіць?6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс3

Беларусы ніколі не жылі так багата, як цяпер. Але ёсць важны нюанс

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць