Ад рэдакцыі3232

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм

Паляк, які гатовы сядзець у турме за права застацца жыць у Беларусі, на сваёй радзіме, дзе ён нарадзіўся і вырас, — што можа быць мацнейшым сімвалам сапраўднага адзінства нашай нацыі. 

Андрэй Пачобут

2024 год — час ціхіх беларускіх герояў. Махавік рэпрэсій раскруціўся з такой шалёнай сілай, што не дае магчымасці нікому ўстаць з акопу. Як толькі прыўзняўся і агучыў пазіцыю — хоць ужывую, хоць у інтэрнэце, — ты мішэнь для лукашысцкіх зграяў.

І нават у такіх абставінах тысячы-мільёны беларусаў робяць, ствараюць, ажыўляюць краіну. Кожны з іх робіць што можа ў часам немагчымых умовах. Хтосьці папраўляе ідыёцкія гаспадарчыя рашэнні, хтосьці настойвае на гуманізме, хтосьці працягвае руку дапамогі суседу. Хтосьці запісвае беларускамоўныя тыктокі, хтосьці расказвае праўдзівую гісторыю краіны, хтосьці лечыць, хтосьці вучыць.

І пры гэтым даводзіцца быць гатовым, што нейкі даносчык, інтрыган, чарнасоценец зламае табе жыццё. Проста таму што такі час і таму што яму далі адмашку: «Можна, навальвайся са спіны!»

Мы захоплена назіраем за фантастычнымі ўчынкамі людзей у Беларусі. І доўга вагаліся, а ці можам мы называць Чалавекам года кагосьці з беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры Беларусі на свабодзе? І прыйшлі да высновы, што не можам. Бо нельга рызыкаваць бяспекай людзей дзеля хвілінных прыгожых жэстаў.

Нельга казаць «усе дарослыя людзі, усе ўсё разумеюць і бяруць на сябе адказнасць». Нельга даваць падставу розным «швалям з Гродна», як іх назваў дэпутат Марзалюк, крычаць на ўвесь інтэрнэт: «Паглядзіце, каго піяраць экстрэмісцкія фарміраванні!» — і заклікаць да чарговага арышту.

Наш Чалавек года — з іншай Беларусі. З тых, у каго ўжо забралі фізічную свабоду, ужо забралі нават голас, але не могуць забраць годнасць і ўнутраную свабоду. Нават за кратамі гэтыя людзі свабаднейшыя і прыгажэйшыя за насельнікаў і панявольных наведнікаў залатой клеткі Палаца Незалежнасці.

Андрэй Пачобут

Адзін з міжнародных сімвалаў рэпрэсій у Беларусі — гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. Чацвёрты год яго спрабуюць выпхнуць з Беларусі ў Польшчу. «Ты крымінальны злачынец, мы прысудзілі табе 8 гадоў зняволення, але едзь адсюль, мы хочам памяняць цябе на адкрыццё памежнага пераходу ў Баброўніках». Канечне, гэта не «міласэрнасць», а палітычная кан’юнктура. І Пачобут, для якога гэта ўжо трэці арышт, разумее гэта не горш за астатніх. 

У гэтых палітычных гульнях лукашысты зазывалі прыехаць у Беларусь міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага і нават прапанавалі выдаць Пачобута ў абмен на Латушку.

Аднак менавіта ў 2024 годзе пытанне Пачобута ўзнялася да міжкантынентальнага ўзроўню — Польшча і Кітай абмяркоўвалі, як вызваліць журналіста з Наваполацкай турмы-катавальні.

Можа, для Польшчы і Кітая ўмовы лукашыстаў і прымальныя — у іх свая мэтазгоднасць. Але выглядае, што гэтыя ўмовы непрымальныя для самога Андрэя Пачобута. Калі вызваляеце невінаватага чалавека — то проста вызваляйце.

Былы палітвязень расказваў, што да Пачобута не раз прыязджалі і прасілі напісаць прашэнне аб памілаванні. Нават гатовыя бланкі падсоўвалі. Але яму няма ў чым каяцца.

Этнічны паляк, які хоча мець магчымасць знаходзіцца ў Беларусі, дзе ён нарадзіўся і вырас — што можа быць сімвалічней? Што можа быць мацнейшым сімвалам сапраўднага адзінства нашай нацыі? Гэта адзінства, мацнейшае за лукашызм. Усе мы любім Беларусь і хочам, каб яна стала свабоднай — незалежна ад нашай нацыянальнасці, паходжання, колеру скуры, палітычных поглядаў і месца жыхарства. 

І яны прыйдуць, іншыя часы. Нішто не бывае бясконцым. Галоўнае — каб усе гэтыя людзі, загартаваныя цяжкімі выпрабаваннямі, знайшлі сваё месца ў адбудове новай Беларусі.

Каментары32

  • note
    29.12.2024
    Як па мне дым чалавек году гэта Франак Вячорка.
  • Свабодны чалавек
    29.12.2024
    Павел Шурмей! Дзядзька - чалавек года. Узяў адказнасць узначаліць Полк. Пры ўсё павазе, пачобут сядзіць за кратамі ўвесь год, і адмовіўся ад памілавання толькі
  • Неверагодныя
    29.12.2024
    Для мяне сімвал году - нязломная Святлана Ціханоўская.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць12

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі расказаў пра план па заканчэнні вайны і чырвоныя лініі для Украіны8

У Мінску з'явіцца дзіцячы садок у стылі дзіцячага канструктара1

З 15 сакавіка падаражэе паліва, і гэта пачатак вялікай карэкціроўкі цэнаў2

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?7

У Беларусі ВНУ незаконна збірала даныя студэнтаў — умяшаліся дзяржорганы. Вы такія даныя, імаверна, таксама давалі1

У Віцебску кот-герой абараніў сваю гаспадыню ад ядавітай змяі8

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць12

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць