Грамадства66

Дзяржвыданне размазала прадпрымальніка-лукашыста, які праз тыкток скардзіўся Лукашэнку на мясцовыя ўлады

Віталь Драбышэўскі слёзна прасіў Лукашэнку выратаваць ягоны бізнес, бо, паводле Віталя, яго кафэ «па-бандыцку знішчана» ўладамі Гомеля. Але ў гомельскіх уладаў ёсць абласное выданне «Гомельская праўда», якое не стала маўчаць і прыпомніла прадпрымальніку ўсё. 

«Гучны відэазварот гомельскага прадпрымальніка: звычайная мышыная валтузня і шкурны інтарэс», — адразу расставілі кропкі гомельскія прапагандысты. 

Як распавядае выданне, прадпрымальнік арэндаваў зямлю каля Цэнтральнага рынку ў Гомелі да 2020 года. У 2022-м дагавор быў падоўжаны яшчэ на два гады, але з умовай, што індывідуальны прадпрымальнік правядзе мадэрнізацыю павільёна. Тэрмін пазначылі да 26 чэрвеня 2024-га. Але патрабаванне ён не выканаў, не вызваліў участак і адмовіўся пераехаць на прапанаванае іншае месца, хоць іншыя гандляры гэта зрабілі.

Чыноўнікі распрацавалі праект добраўпарадкавання гэтай тэрыторыі, але Драбышэўскі праігнараваў патрабаванні вызваліць зямлю і звярнуўся ў суд, які адмовіў яму. Пасля гэтага павільён быў знесены адміністрацыяй.

Так выглядала імправізаваная зона барбекю ў гандлёвым аб'екце — напісала «Гомельская праўда», якая знайшла здымак

Да таго ж, жыхары раёна раней скардзіліся на шум, неахайнасць і парушэнні санітарных нормаў з боку прадпрымальніка.

«Павільён прыбралі ўсяго некалькі дзён таму, але раённая адміністрацыя ўжо паспела атрымаць падзяку ад гараджан за наведзены парадак. У Год добраўпарадкавання гэта асабліва важна», — піша выданне.

Прайшлася газета і па патрыятызму лукашэнкаўскага прыхільніка.

«Драбышэўскі ўсюды знарочыста малюе з сябе патрыёта. Але калі б ён сапраўды ім быў, то не дапускаў бы парушэнняў заканадаўства і ўтрымліваў свой гандлёвы аб'ект у належным выглядзе, добраўпарадкаваў прылеглую тэрыторыю», — мяркуюць прапагандысты.

І яшчэ некалькі заўваг знайшлося ў гомельскага выдання да прадпрымальніка. Напрыклад, той недастаткова добра ведае цытаты Сталіна.

«На відэа гамяльчук кажа: «Гэтыя людзі зрывалі партрэт Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна ў год 80-годдзя Перамогі над фашыстамі». Што ён мае на ўвазе? Нейкі час таму Драбышэўскі здагадаўся размясціць на сваім павільёне, дзе прадавалі піва і закускі, вялікі банэр з партрэтам правадыра. Пры гэтым сваю ідэю не ўзгадніў з органамі ўлады. Затое ў партрэта горда красавалася цытата: «Наше дело правое, враг будет разбит, победа будет за нами!» Толькі вось яна Сталіну не належыць. Гэта заключная фраза звароту да савецкага народу, якое намеснік Старшыні Савета народных Камісараў СССР Вячаслаў Молатаў зачытаў 22 чэрвеня 1941 года — у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Як гаворыцца, вучы матчастку, прадпрымальнік!» — саромее сталініста выданне. 

Да таго ж, пішуць прапагандысты, на момант зносу палаткі банера на ёй не было. 

«Ды і ўвогуле напружвае тэндэнцыя, што людзі, якія загадзя ведаюць, што яны не маюць рацыі, спрабуюць вырашаць свае пытанні з дапамогай тыктока», — наракае выданне.

Прапагандысты апублікавалі здымак, які падпісалі, што ўладальніка павільёна не бянтэжыла суседства дзяржаўнага сцяга і піва

Дабіваючы прадпрымальніка, які выступіў супраць мясцовых уладаў, выданне расказвае «ўсю праўду»: прыцягваўся да адказнасці за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць — прадаваў алкаголь без ліцэнзіі; захоўваў алкаголь без дакументаў на тэрыторыі Цэнтральнага пляжа, дзе ў яго знаходзіцца яшчэ адзін гандлёвы аб'ект; самавольна заняў плошчу, большую за выдзелены яму зямельны ўчастак.

«І вішанька на торце. У красавіку гэтага года Драбышэўскі атрымаў штраф у памеры дзесяці базавых велічыняў (420 рублёў) за падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы. Ён з рашэннем не пагадзіўся, абскардзіўшы яго ў абласным судзе. Пасяджэнне адбудзецца 25 чэрвеня», — паведамляе выданне.

І апошнім выданне называе тое, што «відэазварот Драбышэўскага тут жа падтрымаў і мусоліць экстрэмісцкі тэлеграм-канал. «Супадзенне? Не думаю», — забівае апошні цвік «Гомельская праўда».

Заснавальнікамі абласной газеты «Гомельская праўда» з'яўляюцца абласныя ўлады — Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Гомельскі абласны Савет дэпутатаў.

Каментары6

  • Барадзед
    19.06.2025
    Возможно дробышевский наркоторговец и педофил.
  • Hooch
    19.06.2025
    За што бароўся, як кажуць, на тое і нвпароўся. Гэта своеасаблівая такая д'ябальская "падзяка" ад лукашэнькі. Трэба было ягоны партрэт выстаўляць. Можа б тады й не кранулі. Хаця, як я ўжо пісаў, зладзей і дыктатар рбшны не прымае ніякай незалежнай ініцыятывы, якаб не сыходзіла ад яго самога.
  • Жабагадзюкінг
    19.06.2025
    I'm lovin' it💛

Цяпер чытаюць

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Усе навіны →
Усе навіны

У Пецярбургу 15‑гадовы школьнік напаў з нажом на настаўніцу — яны абодва шпіталізаваныя6

Аляксандра Здаравеннава з Рэчыцы за «здраду дзяржаве» асудзілі да 10 гадоў калоніі і буйнога штрафу1

Журналіст Дзмітрый Семчанка расказаў, як яго спрабавалі зламаць у СІЗА9

Справай вертухая Шынвізэ занялася крымінальная паліцыя Германіі9

На палітвязняў ужо сабралі ўдвая больш за запланаваную суму. Збор яшчэ можна падтрымаць

Памёр кампазітар Віктар Капыцько

Сярод вызваленых 13 снежня — самая пажылая палітзняволеная

Як выглядае касцёл у Сапоцкіне пасля пажару ВІДЭА2

Максім Рыжанкоў трапіў у базу ўкраінскага «Міратворца»3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім12

«Вельмі добра разумею беларускую мову. Нават не думаў». З'явілася ВІДЭА размовы беларускіх палітвязняў з Зяленскім

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць