Грамадства22

Лявончык: У пошуках Мельнікавай прысылаюць шмат фальшывых звестак

Спікерка Каардынацыйнай рады знікла амаль пяць месяцаў таму. Ейны след губляецца на Шры-Ланцы. Тыя, хто яе шукае, лічаць, што маюць зачэпку. Але зачэпку яшчэ трэба верыфікаваць.

Анжаліка Мельнікава ў Лондане, Вялікая Брытанія. 27 снежня 2024 года. Фота: Anzhelika Melnikova / Facebook

Зніклую ў сакавіку спікерку Каардынацыйнай рады Анжаліку Мельнікаву шукаюць розныя людзі каманды. Сярод іх — сузаснавальнік фондаў «By_help» і «BYSOL» Аляксей Лявончык, які нават абвяшчаў грашовую ўзнагароду за звесткі, што дапамогуць у пошуку. Ён расказаў «Белсату», што дагэтуль супрацоўнічае з камандай журналістаў-расследавальнікаў. Цяпер з’явіліся звесткі, якія могуць дапамагчы ў пошуках Мельнікавай, але гэтыя звесткі яшчэ трэба спраўдзіць.

Апошнія звесткі пра лакацыю Мельнікавай — расследаванне выданняў «Polityka» і «The Insider», якія высветлілі, што Мельнікава лятала на Шры-Ланку з каханкам, які аказаўся агентам спецслужбаў Беларусі Аляксеем Лабеевым: ён меў пашпарт прыкрыцця на іншае імя. Пасля Шры-Ланкі, паводле «Polityka», Мельнікава паляцела ў Дубай. На гэтым ейны след згубіўся.

Узнагароду за інфармацыю, якая пакажа, дзе Мельнікава, усё яшчэ прапануюць: Лявончык нагадвае, што беларусы сабралі 5 тысяч еўраў, яшчэ 5 тысяч даў прыватны донар, разам 10 тысячаў.

«Мы атрымалі ўжо некалькі — мякка скажу, некалькі — відэа, на якіх сцвярджаецца, што Анжаліка знятая там, жывая, знаходзіцца там і там, — расказвае Лявончык. — На жаль, мы не змаглі пацвердзіць на дадзены момант аўтэнтычнасць ніводнага з гэтых відэа».

Ён прыводзіць прыклад: на адным прысланым відэа Мельнікава была знятая тры гады таму, і нават няўзброеным вокам было відаць, што відэа старое — выгляд людзей з гадамі мяняецца. Такія зусім відавочныя фэйкі, якіх бальшыня сярод прысланых відэа, адсейваюць. Заўсёды будзе шмат тых, хто прысылае відэа ў надзеі «зрубіць бабла», наракае Лявончык. Ён не выключае, што сілавікі і могуць спрабаваць павесці расследавальнікаў фальшывым шляхам.

Таксама намагаюцца верыфікаваць людзей, якія прысылаюць відэа. Лявончык расказвае: адзін сцвярджаў, што працаваў са спецслужбамі ў Беларусі, мае «аператыўныя здымкі», але не ўдалося пацвердзіць, што ён сапраўды працаваў на спецслужбы, а ягоныя матэрыялы былі больш падобныя да аматарскіх здымак на тэлефон, а не на аператыўныя здымкі сілавікоў.

Калі прысылаюць відэа, якія больш-менш падобныя да сапраўдных і актуальных, іх перадаюць на тэхнічны аналіз, аналіз асяроддзя і атачэння. Напрыклад, прысылаюць відэа, на якім, як сцвярджаюць, Мельнікава ў Карканошах — гарах на мяжы Польшчы і Чэхіі. Але ў Карканошах проста няма такіх абрысаў гор, як на відэа. Былі некалькі відэа, на якіх проста немагчыма было вызначыць час і лакацыю.

Цягам апошняга месяца прыслалі «некалькі цікавых матэрыялаў», якія прыходзілі ад некалькіх крыніцаў. Але больш Лявончык не можа сказаць, бо відэа яшчэ не спраўджаныя і могуць быць фальшывымі. Цяпер гэтыя матэрыялы на стадыі тэхнічнай верыфікацыі, а калі пройдуць яе, пойдуць на верыфікацыю асяроддзя і акалічнасцяў.

«Але ў прынцыпе людзі прысылаюць матэрыялы, якія мы аналізуем, — кажа Лявончык. — Я спадзяюся, што праз нейкі час нам прышлюць нешта актуальнае. Калі, канешне, яна яшчэ жывая».

Лявончык падкрэслівае: ён хацеў бы, каб Мельнікава была жывой. Але з практыкі працы з пацярпелымі ад рэпрэсіяў ён ведае, што немагчыма абсалютна цалкам схаваць інфармацыю пра чалавека: калі чалавек жывы, інфармацыя пра гэта ў 99 % выпадкаў працячэ. Таму Лявончык не выключае, што Мельнікава ўжо нежывая.

Мельнікаву шукаюць і іншыя. Так, шэф-рэдактар «The Insider» і адзін з суаўтараў расследавання знікнення Мельнікавай Цімур Алеўскі месяц таму казаў «Белсату», што ёсць важная зачэпка, якую «трэба адпрацаваць». Звесткі пра Мельнікаву шукаюць і часам публікуюць «Кіберпартызаны».

Таксама Лявончык расказвае, што працуе з камандай журналістаў-расследавальнікаў, якая спрабуе зразумець з гісторыі жыцця самой Мельнікавай і ейнай сямейнай гісторыі, дзе зніклая жанчына можа быць цяпер, спрабуе аднавіць сетку ейных патэнцыйных кантактаў.

Расследаванне вядзе і польская пракуратура. Але ад яе даўно не было навінаў. Прэс-сакратар Нацыянальнай пракуратуры Пшэмыслаў Новак нядаўна тлумачыў «Белсату»: пракуратура не мусіць сістэматычна даваць новую інфармацыю ў кожным выпадку, «асабліва ў тым, дзе ключавыя высновы яшчэ не зробленыя». Расследаванне знікнення Мельнікавай, запэўніў ён, працягваецца.

Каментары2

  • Давераная крыніца Лявончыка
    14.08.2025
    Народ, скажу не так дыпляматычна, як Аляксей: з улікам тых капеек, якія вы заданацілі, пакуль змаглі ідэнтыфікаваць толькі дыкпік Стрыжака. Хочаце Мельнікаву - данацім больш!
  • Ну вось і ўсё ..
    15.08.2025
    На правільным шляху, таварышы! А без гумару:... Яна прыляцела ў Дубай і зьнікла. У дубаі толькі пясок і шэйхі. Шмат хто зь іх сябры Лу&К⁰. Нафту не разглядаем. І таму яна альбо дзесьць пясках... КДБ там можа гэта арганізаваць. Альбо у гарэме якого "шэйха". Шмат хто зь іх хоча мець еурапейскую жанчыну ў сябе. Такое паскуцтва ёй так сама маглі ўчыніць. І сваякі ў Беларусі не хвалююцца. Бо яна для іх у "камандзіроўцы", раз на месяц тэлефануе. Гэта так, мае прыватныя развагі.

Цяпер чытаюць

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме3

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме

Усе навіны →
Усе навіны

Еўрасаюз замарозіў крэдытны план на 16 мільярдаў еўра для Венгрыі за тое, што тая замарозіла 90 мільярдаў для Украіны5

Рада БНР вярнула частку дзяржаўнага архіва, што заставалася недасяжнай паўстагоддзя. Яе перададуць у лонданскую Скарынаўку1

Паказалі першы тызер новага серыяла пра Гары Потэра ВІДЭА1

У Варшаве Палац культуры і навукі падсвяцілі бел-чырвона-белымі колерамі ФОТАФАКТ2

У цэнтры Мінска ў Свіслачы злавілі чырвонакніжную стронгу. Няўжо яна ў ёй завялася?

Іран прыгразіў у выпадку наземнай аперацыі ЗША перакрыць выхад з Чырвонага мора1

«Свабода патрэбна ўсім еўрапейскім народам без выключэння». Зяленскі па-беларуску павіншаваў беларусаў з Днём Волі14

Курэнне сярод беларусаў робіцца ўсё менш папулярным3

«Камунарка» стала выпускаць новую «Любімую Алёнку»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме3

Cцяпан Латыпаў трэці раз спрабаваў здзейсніць суіцыд у турме

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць