Гісторыя3535

З раскошным катафалкам і жалобнай працэсіяй. Каго з беларусаў хавалі ў Вільні з найбольшай помпай?

Нядаўна апублікаваныя Віленскім беларускім музеем фотаздымкі і сканы даюць магчымасць бліжэй разгледзець дэталі пахавання Францішка Аляхновіча, праведзенага з незвычайным для таго часу размахам.

Катафалк з труной Францішка Аляхновіча ў скверы перад Кафедральнай плошчай у Вільні. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча / палепшана і каларызавана з дапамогай ШІ

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча апублікаваў у інтэрнэце калекцыю з 711 матэрыялаў, якія ахопліваюць 1890—1950-я гады. Сярод іх — паштоўкі, лісты, дзённікі, канспекты, гістарычныя фотаздымкі, творы жывапісу і графікі, вышыўкі, а таксама дробныя друкаваныя матэрыялы: рэцэпты, білеты, квітанцыі, улёткі, нават засушаныя кветкі. Асобнае месца займаюць кнігі і перыёдыка, што выходзілі ў Вільні ў 1920—1940-я гады.

Сярод іх таксама фотаздымкі з пахавальнай працэсіі, якая праводзіла ў апошні шлях вядомага беларускага драматурга Францішка Аляхновіча.

Францішак Аляхновіч (1883—1944) быў адным з пачынальнікаў сучаснай беларускай драматургіі і тэатра. Яго творы ставіліся ў Беларусі, Латвіі, Чэхіі і асабліва ў трупе Уладзіслава Галубка. За значны ўнёсак у сцэнічнае мастацтва яго называлі «бацькам найноўшай беларускай драматургіі». Аляхновіч быў не толькі драматургам, але і публіцыстам, празаікам, арганізатарам тэатральнага руху. Асаблівае месца ў яго спадчыне займае аповесць «У капцюрох ГПУ» — адзін з першых у свеце мастацкіх твораў, напісаных чалавекам, які прайшоў праз савецкія лагеры, і засведчыў тамтэйшыя парадкі з уласнага досведу. Кніга зрабіла яго вядомым далёка за межамі Беларусі і стала важным дакументам эпохі.

Труна з целам Францішка Аляхновіча. Фота: «Новы шлях», № 6

Падчас Другой сусветнай вайны Аляхновіч працаваў у Вільні, але ў складаных і небяспечных умовах апынуўся паміж некалькімі палітычнымі сіламі. 3 сакавіка 1944 года яго застрэлілі ў ягонай кватэры на вуліцы Ясінскага, за шэсць дзён да 61-годдзя.

Хто менавіта стаяў за гэтым забойствам, тады дакладна не было вядома: адны крыніцы прыпісвалі яго савецкім партызанам (што пацвердзілі сучасныя даследаванні), іншыя — Арміі Краёвай ці нават немцам. 

Забойства «беларускага Мальера» ўскалыхнула беларусаў Вільні. Пахаванне адбылося з вялікай урачыстасцю і сабрала шмат віленчукоў, ператварыўшы яго ў адзін з найбольш значных момантаў у грамадскім жыцці беларусаў Вільні за часамі нямецкай акупацыі і, бадай, апошні праз хуткае наступленне савецкай арміі.

Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Пра пахаванне пісаў і акупацыйны часопіс «Новы шлях» (№6), нумар якога таксама апублікаваны ў вольным доступе Віленскім музеем:

«Вільня не бачыла яшчэ такіх беларускіх паховінаў. якія былі для Фр. Аляхновіча. Вялікія паховіны былі для пісьменніка Ядвігіна Ш. (Антона Лявіцкага) у 1922 г.; вялікімі былі паховіны для песняра Казіміра Сваяка (кс. Канстанціна Стэповіча) у 1926 годзе, але такіх паховінаў Беларуса, якія Вільня ўбачыла 8-га сакавіка 1944 году для Францішка Аляхновіча, яшчэ не было. Амаль уся Беларусь прыняла ў іх удзел.

На чале хаўтурнага паходу пасярод жывых кветак быў крыж; за крыжам школьная моладзь несла 26 вянкоў, з іх 22 ад беларусаў, 3 ад немцаў і 1 ад ліцьвіноў. На чале быў несены вельмі дарагі вянок ад Прэзідэнта Цэнтральнае Рады Беларусі — праф. Радаслава Астроўскага; за ім быў несены вянок ад Генеральнага Камісара Беларусі і дальш і дальш вянкі і вянкі. За вянкамі стройнымі чацвёркамі ішлі моладзь з усіх віленскіх беларускіх школаў; за школамі аркестры, за імі духавенства, за якім чатыры кані цягнулі абвіты беларускімі нацыянальнымі сцягамі караван.

За караванам пасоўвалася мора народу, які прыйшоў ушанаваць Францішка Аляхновіча. Гэта былі ў поўным значэнні гэтага слова грандыёзныя наховіны беларускага патрыёты».

Жалобная працэсія ў скверы перад Кафедральнай плошчай у Вільні. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Фотаздымкі з пахавання Францішка Аляхновіча, выкладзеныя музеем, перадаюць урачыстасць і маштаб гэтага дня, які стаў падзеяй для ўсяго беларускага асяродку Вільні. Усе шэсць здымкаў зроблены на былым Юр’еўскім праспекце (цяпер гэта праспект Гедыміна), Кафедральнай плошчы і саміх могілках. 

Катафалк з труной Францішка Аляхновіча ў скверы перад Кафедральнай плошчай у Вільні. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Усе гэтыя фотаздымкі захаваліся дзякуючы сямейнаму альбому Міраславы Русак, якая зберагла ўнікальныя сведчанні таго дня. У невялікіх па памеры, але выразных кадрах паўстае жалобнае шэсце, на чале якога ехаў раскошны катафалк, на якім стаяла труна з нябожчыкам, пакрытая бел-чырвона-белым сцягам. Не аўтамабіль, а сапраўдная чорная калясніца з балдахінам з чорнага аксаміту, у якую былі запрэжаны чацвёра коней з чорнымі вэлюмамі на аглоблях. Коней вялі чацвёра мужчын у доўгіх шынялях з вялікімі гузікамі і двухвуголках на галовах, яшчэ двое ішлі абапал труны. 

Жалобная працэсія за катафалкам з труной Францішка Аляхновіча. На першым плане, магчыма, Радаслаў Астроўскі і Юрый Сабалеўскі. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

За катафалкам, які рухаўся павольна, ішлі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і калабарацыянісцкіх структур. На адным з здымкаў можна пазнаць Радаслава Астроўскага, тады прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады, і Юрыя Сабалеўскага, яе другога віцэ-прэзідэнта, — сведчанне таго, што развітанне адбывалася на найвышэйшым «дзяржаўным» узроўні. 

Беларускія школьнікі з дырэктарам настаўніцкай семінарыі ў Вільні Анатолем Карнюком. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Таксама на адным са здымкаў разам са школьнікамі можна пазнаць дырэктара настаўніцкай семінарыі ў Вільні Анатоля Карнюка. 

Апошні са здымкаў паказвае пахавальную працэсію ўжо за брамай лютэранскіх могілак. Фотаздымак фіксуе момант, калі беларускія дзеячы праносяць труну па могілкавых сцежках да магілы. Абапал праходу стаяць рады школьнай моладзі. 

Уваход праз браму Віленскіх лютэранскіх могілак на гары Духаў у напрамку да капліцы. На пярэднім плане дырэктар гімназіі Францішак Грышкевіч. Фота: Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча
Перанос труны з целам Францішка Аляхновіча з капліцы да магілы. Фота: «Новы шлях», № 6

Агульную карціну дапаўняюць звесткі і здымкі з артыкула пра пахаванне ў часопісе «Новы шлях». 

Над магілай выступіў старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні доктар Баляслаў Грабінскі. Ён сказаў, што памяць пра Францішка Аляхновіча застанецца вечнай, а ягоная магіла будзе месцам пілігрымак для беларусаў. Не спраўдзілася.

Над магілай Аляхновіча прамаўляе Марыян Пецюкевіч, рэферэнт беларускай культуры і асветы пры Генеральным камісары Беларусі. Фота: «Новы шлях», № 6

Аляхновіч некалькі разоў уратоўваўся ад бальшавікоў, але яны заўсёды вярталіся па яго душу. Яны змаглі дастаць яго нават пасля смерці: у 1960 годзе могілкі былі знесены савецкімі ўладамі і ператвораны ў парк.

Толькі ў часы перабудовы ў 1989 годзе адбылося сімвалічнае перапахаванне беларускага драматурга на могілках Росы, дзе сёння стаіць помнік-кенатаф.

Магіла Францішка Аляхновіча на лютэранскіх могілках Вільні. Фота: «Новы шлях», № 6

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары35

  • %
    28.08.2025
    Вельмі цікавыя фотаздымкі
    Але ж запытайце ў "новай хвалі" бабарыканцаў і ціханоўцаў (пра лукамольцаў і казаць няма чаго), то вельмі няшмат хто зь іх прыгадае хто такі Аляхновіч. Таму сапраўды, як тут і пісалі самі - не спраўдзілісь словы пра працяглую памяць
  • cv
    28.08.2025
    з найбольшай помпай хавалі Кастуся і Сыракомлю.
  • Gorliwy Litwin
    28.08.2025
    cv, рацыя, але яны ніякія не беларусы

Цяпер чытаюць

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі12

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заклікаў прыцягнуць да адказнасці Джорджа Сораса11

Імпарт казахскай фанеры ў Польшчы ўпаў на 95%. Насамрэч яна была беларускай і расійскай3

«Задзел праедзены». Прадпрыемства, якое распрацавала ўсе касмічныя ракеты СССР, знаходзіцца ў крытычным стане4

У чвэрці еўрапейскіх сем'яў дома ёсць сабака. А ёсць краіны, дзе такіх сем'яў палова6

У Барысаве знялі, як у двары раскашуюць пацучыныя зграі, а камунальнікі не рэагуюць ВІДЭА6

У Расіі адкінулі еўрапейскія прапановы адносна гарантый Украіне3

Абельская расказала пра ўнука22

У Даніі раскрылі аперацыю ўплыву ЗША, скіраваную на захоп Грэнландыі10

Мінскі рэстаран Mon Nom пасля скаргаў на атручэнні закрыла санстанцыя

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі12

Зніклы Котаў выехаў з Турцыі морам — магчыма, у бок Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць