Эканоміка2828

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

12‑гадзінныя змены, холад у памяшканнях і штрафы, якія з’ядаюць заробак, гаруюць людзі, якія не маюць выбару.

Фота ілюстрацыйнае

«Хто-небудзь працуе або працаваў на складзе WB ці Ozon у Мінску? Ці варта ўвогуле?» — з гэтага пытання пачаўся адзін з пастоў у Threads. За некалькі дзён пад ім сабраліся дзясяткі каментароў. Хтосьці піша пра цяжкія 12‑гадзінныя змены, хтосьці — пра холад у памяшканнях і штрафы, якія з’ядаюць заробак. Як высветлілася, такія ўмовы працы характэрныя не толькі для Мінска.

Праца на складах маркетплэйсаў у Беларусі выглядае як адна з самых даступных. У вакансіях, якія можна знайсці на сайтах з пошукам працы, фігуруюць шырокія вілкі заробку: у Мінску абяцаюць каля 1500—5000 рублёў у месяц, у рэгіёнах — прыкладна 500—4000 рублёў. У аб’явах пазначана штотыднёвая выплата і магчымасць працаваць без досведу. У абавязках — прымаць, упакоўваць і сартаваць тавары. 

Склады WB пад Мінскам: «умовы ніякія», усё на хуткасць, а штрафы — як пастаянны фон

Беларусы, якія працавалі на складах Wildberries пад Мінскам, шмат распавядаюць пра штрафы і залежнасць заробку ад тэмпу працы.

«Умовы ніякія, адчуванні на Шчоме (склад у Шчамысліцы. — НН) такія, быццам ты пад наглядам турэмшчыка адбываеш тэрмін. Штрафы можна звесці да мінімуму, калі працаваць акуратна і па рэгламентах. Але тады моцна прасядзеш у заробку, бо там усё працуе на хуткасць», — піша адна з карыстальніц.

Іншая каментатарка з Мінскага раёна апісвае свой досвед:

«Каб атрымліваць хаця б 2000 рублёў, трэба знаходзіцца там 24/7. Калі выходзіць чыста на пяцідзёнку — максімум заробіш каля 1000, і вельмі энергазатратна. Штрафы ёсць, і іх шмат (у асноўным неабгрунтаваных)».

Некаторыя згадваюць пра холад у складскіх памяшканнях і доўгія змены:

«На складзе вельмі халодна, вароты на загрузку пастаянна адкрытыя на вуліцу. У сярэднім навічок можа зарабіць каля 100 рублёў за 12‑гадзінную змену».

«Мяне хапіла на месяц. Скажу адкрыта: праца дрэнь. Абяцаюць залатыя горы, а па факце ў штрафах як у золаце. Бясконцыя пастаўкі, трэба разбіраць вельмі хутка. Хамства, абыякавае стаўленне. Калі зменшчык захварэў — будзеш жыць на працы, бо замяніць няма кім. І графік не 12 гадзін — бывае і 14, і 16», — піша адзін з удзельнікаў абмеркавання.

«Першы месяц не штрафуюць. Я якраз і звольнілася пасля месяца працы. Аплата вельмі маленькая. За 9 гадзін бесперапыннай працы ўсяго 70 рублёў», — распавядае беларуска пра ўмовы працы на складзе ў Хацежыне.

Яшчэ адзін часты матыў — «свабодны графік» толькі на словах: у каментарах сцвярджаюць, што пасля выхаду на працу высвятляецца патрэба ў больш жорсткім рэжыме (кшталту 2/2), інакш «месца аддадуць іншаму».

Склад WB у Брэсце: «Зарабіла 200 рублёў, са штрафамі выйшла мінус 85»

У Threads разгарнулася таксама абмеркаванне ўмоў працы на складзе Wildberries у Брэсце. Адна з каментатарак адзначае, што за праверку могуць плаціць каля 20 капеек за адзінку, але адначасова:

«Там лётаюць штрафы за кожную дробязь. Калі дадатак лагуе — з цябе здымаюць грошы, і не дакажаш, што віны тваёй няма. Не заўважыў брак — з цябе здымаюць суму гэтага тавару. У выніку праца ў мінус, нават пры вельмі старанным падыходзе».

Іншая ўдзельніца абмеркавання згадвае, што спачатку заробак выплачвалі штотыдзень, але потым пачалі ляцець штрафы:

«Прыйшла са сваімі завушніцамі — штраф, пярсцёнак на пальцы — штраф, не заўважыў брак — штраф. На складзе вельмі халодна. Пасля першай зарплаты пайшла ў мінус і два тыдні працавала, каб выйсці ў нуль».

Гісторый пра штрафы даволі шмат:

«Працавала месяц нядаўна. Першыя два тыдні яшчэ больш-менш, а потым паляцелі штрафы: спачатку невялікія, з кожнай зменай больш і больш. У выніку зарабіла 200 рублёў і павінна была іх атрымаць, але іх спісалі і яшчэ штраф прыйшоў — выйшла мінус 85. Звольнілася», — пішуць у сацсетках. 

Склады Ozon: строга, фізічна цяжка, але больш прадказальна

У тых жа дыскусіях карыстальнікі параўноўваюць Wildberries з Ozon. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што ў Ozon таксама доўгія змены і фізічна цяжкая праца, але сістэма выглядае больш прадказальнай.

«Працую на Ozon у штаце, умовы больш-менш. Значна лепш, чым на ВБ. У аўтсорса 100—140 рублёў змена 12 гадзін, чатыры перапынкі: тры па 10 хвілін і 30 хвілін на абед. На склад без упрыгожванняў, тэлефонаў і г.д. Але старшыя на змене нармальныя, людзі адэкватныя, усё падкажуць», — пішуць у каментарах.

«З плюсаў: мінімальны кантакт з людзьмі, грошы на наступны дзень. З мінусаў: за тавар прыходзіцца біцца, штрафы ў асноўным за няўважлівасць (у мяне больш за 450 рублёў штрафаў у месяц не было), 12 гадзін на нагах бегаць туды-сюды. Калі выбіраеш вялікі склад, гэта наогул самазабойства, там вельмі цяжка», — распавядае іншая карыстальніца.

Іншыя водгукі з адкрытых сайтаў з водгукамі пра працу таксама апісваюць Ozon як фізічна цяжкую працу:

«Работа аднастайная, але стабільная. Інструкцыі ёсць на ўсё, зарплату плацяць своечасова».

Пры гэтым згадваюць строгі кантроль і высокую нагрузку:

«Фізічна цяжкая праца, шум, высокая цякучка навічкоў, строгія правілы».

У параўнанні з Wildberries карыстальнікі часам фармулююць розніцу так:

«На Wildberries штрафы шалёныя. На Ozon іх менш, але ўмовы таксама строгія».

Каментары28

  • Ха
    14.02.2026
    Умовы як на польскіх заводах ды жабках
  • Ау, профсоюзы
    14.02.2026
    А профсоюзы ничего не сделают. Они карманные. И непрофессиональные. Кучка блатных дамочек во главе с отставным таможенным взяточником.
  • Паўлюк
    14.02.2026
    А гэтыя чэрці ўвогуле чулі, што паводле працоўнага кодэксу штраф не можа быць спагнаннем на працы: артыкул 198 ПК РБ. Ці на якія трэба бізнэсы дзеянне ПК не распаўсюджваецца?

Цяпер чытаюць

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Усе навіны →
Усе навіны

Акцёра Шая Лабафа арыштавалі за бойку падчас святкавання масленіцы ў Новым Арлеане1

У Даніі выдалі першы пашпарт замежніка грамадзянцы Беларусі без статуса ўцекача2

Гэты спартсмен самы хуткі на лёдзе. Эксперты бачаць яго будучыню і ў веласпорце

У Кобрыне хацелі выкрасці дзіця? Міліцыя праводзіць праверку

Зяленскі даручыў украінскай камандзе на перамовах арганізаваць сустрэчу з Пуціным у Жэневе2

Скандал у Лізе чэмпіёнаў: матч «Бенфіка» — «Рэал» перапынілі на 10 хвілін з-за скаргі Вінісіуса на расісцкую абразу3

Беларуская фігурыстка Вікторыя Сафонава заняла 26‑е месца ў кароткай праграме і закончыла выступ на Алімпіядзе2

А вось і не ў 20. Калі мужчыны насамрэч дасягаюць піку сэксуальнага жадання?6

«Для нас гэта шок, не можам паверыць». Жыхары вёскі пад Смалявічамі расказалі, як перажылі начны налёт расійскіх падлеткаў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Спевака з «Марафону адзінства» асудзілі за палітыку — прыгадалі каментары 2020-га. Бараніць у суд яго хадзілі сёстры Груздзевы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць