З надыходам вясновага цяпла асобныя рэгіёны Беларусі — асабліва ваколіцы Буга, Сожа і Дняпра — сутыкаюцца з сапраўдным нашэсцем мошак. Цёплае надвор’е і хуткацечныя рэкі ствараюць ідэальныя ўмовы для размнажэння гэтых насякомых. Расказваем, як ад іх абараніцца.

Паводле прагнозаў спецыялістаў, асабліва шмат мошак чакаецца ў другой палове мая і на пачатку чэрвеня ў поймах рэк Пабужжа, Палесся і Падняпроўя. Найбольш актыўныя яны звычайна ўвечары, пасля дажджоў і ў цёплыя вільготныя дні. Для многіх гэта азначае сапсаваныя прагулкі, рыбалку, адпачынак на прыродзе або працу на агародзе.
Мошкі, у адрозненне ад камароў, не проста праколваюць скуру. Яны выкусваюць яе верхні пласт і выпускаюць сліну, якая змяшчае абязбольвальныя рэчывы і антыкаагулянты (рэчывы, што не даюць крыві згортвацца). Менавіта таму іх укусы часта больш балючыя, чым камарыныя, і выклікаюць моцны сверб ды ацёкі.
Як абараніцца ад насякомых?
Найперш спецыялісты раяць выкарыстоўваць простыя механічныя сродкі абароны. На прыроду лепш надзяваць светлае і шчыльнае адзенне з доўгімі рукавамі, а штаны запраўляць у шкарпэткі або закрыты абутак, каб насякомыя не маглі дабрацца да цела. Дапамагаюць таксама рэпеленты для скуры і адзення, а дома і ў палатках — маскітныя сеткі на вокнах і дзвярах. Акрамя таго, варта пазбягаць прагулак каля вады і лесу ў прыцемках, калі насякомыя найбольш актыўныя.
Для дачных участкаў і месцаў адпачынку таксама можна выкарыстоўваць спецыяльныя фумігатары або прафесійную апрацоўку тэрыторыі.
Ці сапраўды дапамагае ванілін?
Многія беларусы традыцыйна карыстаюцца народнымі сродкамі, самы вядомы з якіх — ванілін. Лічыцца, што яго рэзкі пах адпужвае менавіта мошак.
Важна: Супраць камароў ванілін практычна не эфектыўны. Таксама нельга блытаць звычайны ванілін з ванільным цукрам: цукар, наадварот, прыцягвае насякомых.
Найбольш папулярныя спосабы прыгатавання:
ванільны спрэй: пакецік ваніліну разводзяць у шклянцы цёплай вады, пасля чаго раствор пераліваюць у пульверызатар. Некаторыя дадаюць для ўзмацнення эфекту гваздзік. Гэты сродак распыляюць на скуру і адзенне;
ванільны крэм: пакецік ваніліну змешваюць з 50 мл дзіцячага або любога іншага тлустага крэму для цела. Атрыманую сумесь наносяць на адкрытыя ўчасткі скуры. Для лепшага эфекту часам дадаюць эфірныя алеі лаванды, ядлоўцу або гарбатнага (чайнага) дрэва.
Заўважым, што сур’ёзных навуковых доказаў высокай эфектыўнасці ваніліну няма. Ён можа часова знізіць колькасць атак мошак, але па сіле і працягласці дзеяння значна саступае сучасным аптэчным рэпелентам. У месцах вялікай канцэнтрацыі насякомых лепш спадзявацца на прафесійныя сродкі.
Што рабіць пасля ўкусу?
Калі мошкі вас усё ж пакусалі, месцы ўкусу варта прамыць чыстай вадой з мылам. Пры моцным свербе можа дапамагчы халодны кампрэс. Таксама можна выкарыстоўваць гелі або спецыяльныя «бальзамы пасля ўкусаў», калі яны ёсць у хатняй аптэчцы.
Калі пасля ўкусу з’яўляецца моцны ацёк, дыхавіца або іншыя прыкметы алергічнай рэакцыі, трэба звярнуцца да доктара.
Каментары