Навука і тэхналогіі11

Спрабуючы абысці канкурэнтаў, Google прэзентуе новую, больш танную мадэль штучнага інтэлекту

Кампанія Google прэзентавала новую версію сваёй мадэлі штучнага інтэлекту Gemini 3.5 Flash, якая павінна дапамагчы ёй дагнаць Anthropic і OpenAI. У кампаніі сцвярджаюць, што яна больш эфектыўная ў напісанні кода і аўтаномнай працы, але пры гэтым мае ніжэйшы кошт, чым распрацоўкі канкурэнтаў.

Офіс кампаніі Google. Фота: tadviser.ru

Як піша Financial Times, на штогадовай канферэнцыі I/O у Маўнцін-В’ю 19 мая Google прадставіла новую мадэль Gemini 3.5 Flash, з дапамогай якой кампанія спадзяецца скараціць адставанне ад Anthropic і OpenAI у гонцы штучнага інтэлекту. Прадстаўнікі кампаніі заявілі, што новая сістэма стала істотным крокам у развіцці інтэлектуальных агентаў — праграм, здольных самастойна выконваць задачы паводле інструкцый карыстальніка.

У Google сцвярджаюць, што паводле прадукцыйнасці Gemini 3.5 Flash супастаўная з мадэлямі Claude Code ад Anthropic і Codex ад OpenAI, аднак працуе хутчэй, а выкарыстанне мадэлі можа каштаваць амаль удвая менш. У наступным месяцы кампанія таксама плануе выпусціць больш маштабную і магутную версію Gemini 3.5 Pro.

Як заўважае FT, запуск новай мадэлі адбываецца на фоне рэзкага росту попыту на вылічальныя магутнасці сярод лабараторый ШІ. У той час як некаторыя канкурэнты сутыкаюцца са збоямі і вымушаныя абмяжоўваць доступ кліентаў да сваіх сэрвісаў, Google робіць стаўку на ўласныя чыпы. Кампанія спадзяецца, што гэта дазволіць ёй падтрымліваць працу мадэляў з меншымі выдаткамі і больш стабільна, чым канкурэнты.

Менавіта інструменты для напісання кода і аўтаматызацыі бізнэс-працэсаў цяпер лічацца самым перспектыўным спосабам зарабляць на штучным інтэлекце. Аднак, паводле ацэнак аналітыкаў, доля Google у гэтым сегменце складае толькі 10-15%, тады як меншыя канкурэнты кантралююць каля 40% рынку.

Кампанія Anthropic паведаміла інвестарам, што яна набліжаецца да атрымання 45 мільярдаў даляраў гадавога даходу, што ў пяць разоў больш, чым на канец мінулага года (9 мільярдаў). Гэта адбылося амаль цалкам дзякуючы папулярнасці яе мадэлі для напісання кода і прадукту Cowork для бізнэсу.

Генеральнага дырэктара Google Сундара Пічаі раней неаднаразова крытыкавалі за тое, што кампанія дазволіла OpenAI і Anthropic выйсці наперад, нягледзячы на шматгадовае лідарства Google і DeepMind у даследаваннях ШІ.

Цяпер Пічаі робіць стаўку на пашырэнне выкарыстання інтэлектуальных агентаў. Калі раней такія інструменты прызначаліся пераважна для распрацоўшчыкаў і карпаратыўных кліентаў, то цяпер кампанія хоча зрабіць іх даступнымі для масавага карыстальніка.

Гэтая стратэгія абапіраецца на так званы «поўны цыкл» — уласную вытворчасць чыпаў, будаўніцтва дата-цэнтраў, стварэнне базавых мадэляў і распрацоўку канчатковых прадуктаў. На развіццё гэтай інфраструктуры Google плануе выдаткаваць у бягучым годзе да 190 мільярдаў даляраў.

Перспектывы пошукавіка Google

Як паведамляе FT, асобная ўвага на канферэнцыі была нададзеная перабудове пошукавай сістэмы Google. Кампанія працягвае ператвараць пошук у платформу для працы з ШІ. Цяпер карыстальнікі змогуць ствараць інтэлектуальных агентаў непасрэдна ў браўзеры. Такія боты могуць самастойна шукаць навіны, падбіраць тавары або браніраваць квіткі.

Кампанія збіраецца ўбудаваць у пошук інструменты для праграмавання, што дазволіць карыстальнікам ствараць уласныя інтэрфейсы і мадэляваць розныя сцэнары.

Ранейшыя новаўвядзенні — «рэжым ШІ» (AI Mode) і кароткія «агляды ШІ» (AI Overviews) — ужо выкарыстоўваюцца больш чым мільярдам чалавек штомесяц. Аднак гэта прывяло да зніжэння колькасці пераходаў на сайты-першакрыніцы, што выклікала незадаволенасць выдаўцоў і рэкламадаўцаў.

Нягледзячы на тое, што колькасць карыстальнікаў прыкладання Gemini вырасла за год да 900 мільёнаў у месяц, сэрвіс усё яшчэ саступае ChatGPT па памеры аўдыторыі, які мае столькі ж карыстальнікаў за тыдзень.

Каб узмацніць канкурэнцыю, Google зніжае кошт сваёй прэміяльнай падпіскі на ШІ да 200 даляраў у месяц. Гэта адпавядае тарыфам OpenAI і Anthropic, але Google прапануе больш высокія ліміты выкарыстання і дадатковыя сэрвісы, уключаючы YouTube і некалькі тэрабайтаў воблачнага сховішча.

Такім чынам кампанія спрабуе выкарыстаць свае маштабы і фінансавыя магчымасці, каб узмацніць ціск на меншых канкурэнтаў, якія пакуль працягваюць працаваць са значнымі стратамі.

Сярод іншых анансаваных прадуктаў вылучаецца Gemini Omni — мультымадальная мадэль, здольная ствараць і рэдагаваць відэа на аснове тэксту, малюнкаў і галасавых каманд.

Каментары1

  • политзек
    20.05.2026
    Если их Flash сравнивать с Haiku, то он в 2 раза дороже.
    а если с Sonnet, то да, дешевле.
    вопрос в том, кому же он всеже конкурент?

Цяпер чытаюць

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку1

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

МЗС пракаментавала агнястрэльнае раненне беларускага грамадзяніна ў Польшчы5

На Гродзеншчыне ў аварыі загінулі жанчына і гадавалае дзіця2

Прайшлі ператрусы ў офісах кампаніі Royal Partners у Мінску

Лёс Ціхана Клюкача да канца не ясны8

Пяцярых польскіх святароў і аднаго манаха высылаюць з Беларусі4

17‑гадовага блогера Міхаіла Драгуна, які збіраў грошы для лячэння Вані Сцяцэнкі, будуць судзіць. А ягоную 37‑гадовую сяброўку — не4

Mark Formelle выпусціў калекцыю адзення з трактарам Belarus3

Сі Цзіньпін зноў адмовіў Пуціну ў новым кантракце на расійскі газ11

Чарговая ўдзельніца «Міс Беларусь» уладкавалася на працу на СТБ11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку1

Што вядома пра экс-афіцэра Службы бяспекі Лукашэнкі Андрэя Спасава, якога пасадзілі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць