Грамадства3535

Сваякі махляроў запісалі зварот да Лукашэнкі. Кажуць, што тыя — звычайныя бізнэсмены, проста скуплялі тэхніку за капейкі

Асудзілі людзей па справе «хуткіх пазык». Па даных следства, ад дзеянняў групы пацярпелі больш за 200 чалавек і тры банкі. Агульны кошт шкоды — 875 тысяч рублёў. Але сваякі не бачаць у гэтым ніякага злачынства і кажуць, што заявы ў пацярпелых вымагаў ГУБАЗіК.

Сваякі асуджаных па справе «хуткіх пазык». Скрыншот відэа ў тыктоку

Відэазварот да Лукашэнкі з’явіўся ў тыктоку. Людзі ў кадры кажуць, што з’яўляюцца сваякамі 13 асуджаных па справе «хуткіх пазык».

Яны распавядаюць, што сёлета вясной у судзе Цэнтральнага раёну Гомеля асудзілі трынаццаць маладых людзей (адзінаццаць з іх цяпер знаходзяцца пад вартай). Усіх іх прызналі вінаватымі па 4 частцы артыкулу 209 (махлярства, здзейсненае групай асоб або ў асабліва буйным памеры). Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле — ад 3 да 10 гадоў.

Сваякі даволі туманна тлумачаць, чаму іх блізкія апынуліся за кратамі. Кажуць, што няма ў тым, што людзі рабілі, складу злачынства. Маўляў, працавалі як звычайныя прадпрымальнікі.

Мужчына ў кадры кажа:

— Абвінавачанне нашых родных створана штучна. Ніводны з 238 кліентаў, прызнаных пацярпелымі, не звяртаўся з заявай у праваахоўныя органы альбо з прэтэнзіяй да прадпрымальніка. Іх выклікалі супрацоўнікі ГУБАЗіК і СК, прымушалі пісаць заявы. Многім пагражалі, што інакш яны будуць саўдзельнікамі. Паказанні пацярпелых запісваліся не з іх слоў, пра што многія з іх адкрыта сказалі ў судзе. Указвалі на ціск з боку следства, паказанні пацярпелых напісаны ўсе пад капірку: аднолькавыя фразы, аднолькавыя высновы. Хаця як 238 чалавек, незнаёмых адзін з адным, маглі даваць аднолькавыя паказанні?

Ён жа дадае, што ніводны з пацярпелых не заявіў, што яму не была выплачана загадзя абумоўленая сума. Кажа, пацярпелыя ў судзе пацвердзілі, што ўмовы здзелкі былі выкананы. Але суд палічыў, што людзей падманулі.

Другі мужчына тлумачыць: іх сваякоў асудзілі за тое, што яны праз падман забралі чужую маёмасць. З яго слоў ужо можна крыху зразумець, аб чым ідзе гаворка.

Калі казаць коратка, то гэтая схема старая як свет. Людзі займаліся мікрапазыкамі. Чалавеку прапаноўвалі аформіць на сябе ў крэдыт ці растэрміноўку нейкую тэхніку ў краме. А калі той атрымліваў у рукі пакупку, яе выкупалі па значна заніжаным кошце. Пасля перапрадавалі гаджэт ужо за нармальныя грошы.

З аднаго боку, чалавек хутка атрымліваў грошы, з іншага — потым быў вымушаны месяцамі (а то і гадамі) выплачваць той крэдыт па высокай стаўцы.

Сваякі кажуць, што не бачаць у гэтым махлярства. Сцвярджаюць, што ніякага падману не было, а іх родныя сумленна тлумачылі ўсе нюансы здзелкі — ну а іншыя ж дарослыя людзі, якія самастойна прымалі рашэнні, пасуе ім схема ці не.

Аргумент такі: людзі самі афармлялі крэдыт ці растэрміноўку. Умовы пагашэння павінны былі растлумачыць у краме. Дык, маўляў, якія пытанні да тых, хто не мае ніякага дачынення да дамовы на тыя крэдыты ды растэрміноўкі?

— Яны проста потым выкупалі тэхніку па канкрэтнай цане, якую агаворвалі загадзя, грошы аддавалі адразу. Пры гэтым пісьмова афармлялі куплю-продаж.

Насамрэч, справа «хуткіх пазык» была рэзананснай — «Гомельская праўда» пісала пра сямейны падрад. Арганізатар з Гомеля падказаў жонцы-бухгалтарцы ідэю, як можна хуценька зарабіць. А потым яшчэ знайшоў супрацоўнікаў у рэгіёнах.

Мэтавай аўдыторыяй махляроў-бізнэсоўцаў былі пенсіянеры, беспрацоўныя, студэнты — словам тыя, каму тэрмінова патрэбна хоць колькі грошай.

Рэкламныя ўлёткі расклейвалі па ўсёй краіне, а на сайце прадпрымальнікаў віселі лагатыпы вядомых банкаў. Працавалі проста: збіралі заяўкі, менеджары па тэлефоне прызначалі сустрэчы ў гандлёвых цэнтрах. Ужо на месцы хуценька людзей угаворвалі ўзяць у растэрміноўку нейкую дарагую тэхніку. Яе махляры выкупалі за палову кошту. Потым гаджэты прадавалі па аб'явах і дзялілі прыбытак.

Адзначаецца, што ахвяры праз пачуццё віны рэдка звярталіся ў міліцыю.

Налічаны агульны кошт шкоды — 875 тысяч рублёў. Каля паловы было сплачана яшчэ да суда.

Фігурантам справы прызначылі тэрміны ад 3 да 8 гадоў калоніі. Таксама яны павінны выплаціць штраф — ад 100 да 400 базавых велічынь, гэта значыць ад 4500 да 18000 рублёў.

Сваякі ж кажуць, што гэта ўсё несправядліва.

— Следства і судовы працэс суправаджаліся беспрэцэдэнтным ціскам і жорсткасцю. Падчас пасяджэнняў суда было заяўлена аб недазволеных метадах следства, пагрозах і гвалце над нашымі роднымі на этапе следства. Больш за тое, факты фізічнага гвалту з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія ажыццяўлялі канваіраванне, адбываліся проста ў перапынках паміж судовымі пасяджэннямі.

Мужчына кажа, што сваякі прасілі выклікаць хуткую дапамогу ў суд, адрэагаваць на парушэнні, але суд і прадстаўнік пракуратуры праігнаравалі гэта.

@sasha.ch81

Обращение к президенту Республики Беларусь

♬ оригинальный звук - sasha ch

Жанчына ў кадры цытуе Лукашэнку: той казаў пра недапушчальнасць фальсіфікацыі матэрыялаў крымінальных спраў і ціску на абвінавачаных.

— Просім вас узяць пад асабісты кантроль разгляд гэтай справы з мэтай забяспечыць законны, аб'ектыўны і справядлівы разгляд справы ў судзе апеляцыйнай інстанцыі. Мы вельмі спадзяёмся на вашу ўвагу да гэтай праблемы. І што вы не дапусціце парушэння законнасці і справядлівасці ў нашай цудоўнай краіне. Хочацца верыць, што гэты выпадак з'яўляецца выключэннем з агульнай практыкі праваахоўнай сістэмы нашай дзяржавы.

Менш чым за суткі відэа набрала каля паўмільёна праглядаў у тыктоку. Меркаванні каментатараў падзяліліся: адны шкадуюць сваякоў, другія лічаць, што ўсё зроблена слушна, трэція наракаюць на тое, што закона ў краіне даўно няма.

Каментары35

  • Дмитрий
    10.06.2026
    А кто они, если на мошенники?
  • Калі добра паразважаць...
    10.06.2026
    тут справа такая... Зразумела ж, гэта несправядлівая і не роўная дамова: узяць (свядома) больш, чым аддаць. Але ні прымусу не падману не было. Але такімі ж няроўнымі дамовамі займаюцца ўсе банкі і, напрыклад, страхавыя канторы. І тут я б хутчэй згадзіўся з судом і дзяржавай - такіх дамоў не мае быць, але толькі ў тым выпадку, калі яны былі б недапушчальныя ні для каго - для банкаў таксама... Дарэчы, тут хутчэй не махлярства (бо падману не было), а хутчэй выкарыстанне вымушаным становішчам, то бок хутчэй прымус да дамовы (а гэта значыць - усе дамовы павінны быць скасаванымі і грошы з таварамі павінны быць павернуты у першапачатковы стан да першапачатковых уладальнікаў).
  • Цырк на дроце
    10.06.2026
    У мяне іншае пытанне. Дык а дах у гэтых махляроў хто? Не веру, што самі 2 гады працавалі, без дапамогі тых жа ментоў

Цяпер чытаюць

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску 60‑гадовы жанаты зваршчык заняўся сэксам з 40‑гадовай выпадковай жанчынай на вачах у людзей39

Прылукі пад Мінскам на хвалі хайпу — беларусы масава паехалі туды па здымкі ў стылі «Прыцемак». Мясцовыя не ў захапленні17

Пуцін хоча новай «Ялты» — падзелу свету на сферы ўплыву між Масквой, Вашынгтонам і Пекінам. Над галовамі Еўропы і Украіны39

МАЗ паказаў новую аўтакраму на колах, якая будзе ездзіць па вёсках6

«Я не маю намеру з гэтым мірыцца». Кіраўнік МУС Літвы хоча праверыць дзейнасць Вольгі Карач17

Z-блогерцы Таццяне Манцян далі 1,5 года калоніі. Яна заклікала да гвалту ў дачыненні да «сацыяльнай групы асоб «ахранота»19

Дроны з пярцовым спрэем, чатырохногія робаты і штучны інтэлект. Як Японія тэхналогіямі абараняецца ад мядзведзяў2

Жанчына са Смаргонскага раёна дапамагла вярнуць бацькам чатырохгадовага хлопчыка10

«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»17

23‑гадовага афіцэра брыгады спецназа асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць