«Пачаў мяне душыць». Мінчукі пабіліся пад офісам забудоўшчыка праз ільготны крэдыт
Крэдыт пад 1% узрушыў беларусаў. Задоўга да старту банкаўскай праграмы патэнцыйныя дольшчыкі паспяшаліся ў офісы забудоўшчыкаў, каб забраніраваць за сабой квадратныя метры, якія ім спадабаліся. У асадзе апынуліся ўсе папулярныя дэвелаперы. Без сутычак у чэргах не абышлося. І калі ў адных выпадках усё абмяжоўвалася толькі слоўнымі атакамі, то ў іншых дайшло да рукапрыкладства.

Пра канфлікт, які адбыўся перад офісам продажаў жылога комплексу «Паўночны бераг», выданню Onliner расказаў мінчук Алег. Усё здарылася 6 жніўня — у дзень, калі забудоўшчык адкрыў продажы чарговага дома. Увогуле, у «Паўночным беразе» мала які запуск абыходзіцца без чаргі, а гэтым разам у ёй яшчэ і адбылася бойка.

— Продаж кватэр пачаўся а 9‑й гадзіне раніцы 6 жніўня, — расказвае мінчук. — Але за некалькі дзён да гэтага ў офісе продажаў з'явіўся сшытак са спісам-чаргой, у які я запісаўся пад дзясятым нумарам.
Як сказаў менеджар «Паўночнага берага», гэты сшытак ніякага дачынення да іх не мае, маўляў, гэта «народная ініцыятыва», да якой ім усё роўна.
А так любы чалавек можа прыйсці, заняць чаргу і купіць кватэру.
Па гэтым сшытку стварылі групу ў тэлеграме, пачалі размяркоўваць дзяжурствы за 5 дзён да старту продажаў — для таго, каб людзі там сядзелі і чагосьці чакалі.
Я напісаў у групу, што ў мяне няма магчымасці дзяжурыць: у мяне жонка з немаўлём, а я працую. Тады гэта «народная ініцыятыва» проста ссунула мяне з 10‑га месца на 15-е.
6 жніўня, у дзень старту продажаў, я паехаў да офіса «Паўночнага берага» на вуліцы Свярдлова, каб заняць жывую чаргу. Там ужо было два чалавекі, яны мне пачалі расказваць пра спіс, пра тое, што тут ужо сфарміравана чарга. На што я ім сказаў, што я па жывой чарзе, а раз тут нікога няма акрамя вас, я буду трэцім.
Усю ноч я стаяў проста каля дзвярэй, да 8‑й раніцы народу станавілася ўсё больш.
У 09:00 адчыніліся дзверы ў офіс, але зайсці адразу мне не ўдалося — чалавек, які стаяў ззаду, схапіў мяне за шыю ўдушальным прыёмам, пачаў адцягваць ад увахода. Я схапіўся за дзверы, тады яшчэ некалькі чалавек пачалі мяне адцягваць.
Натоўп пайшоў унутр, я апынуўся апошнім.
Увогуле, дзяжурствы пад дзвярыма забудоўшчыка — даўняя практыка мінчукоў. Той, хто сочыць за навінамі свету нерухомасці, цудоўна ведае, што людзі, змяняючы адзін аднаго, кругласутачна знаходзяцца каля офісаў і ў зімовую сцюжу, і ў летнюю спякоту. Менавіта для таго, каб ніхто «пабочны» не пранік першым у запаветны кабінет. Традыцыя даўно склалася і ўкаранілася.
— Зайшоўшы ў офіс, я падышоў да стойкі рэгістрацыі і сказаў дзяўчыне, каб яна мяне зарэгістравала, раз ужо я стаяў у пачатку і мяне проста выцягнулі з дзвярэй (яна гэта бачыла). Але яна проста не звяртала на мяне ўвагі. Тады я паклікаў менеджара, на што той сказаў, што ў людзей спіс і прымаюць па ім. Я запярэчыў, што спіс нічога не значыць. Аднак нічога не змянілася.
Падышла іншая менеджарка, спытала, чаму я не запісаўся ў сшытак. На што я ёй паказаў нататнік, у якім лічуся пад нумарам дзесяць. Тут ужо людзі сталі крычаць, што той спіс нічога не значыць, у іх ёсць новы — на аркушы А4, у якім я таксама быў, але пад нумарам 15.
У выніку мяне не зарэгістравалі ні пад якім нумарам, ні дзесяць, ні 15. Хаця я быў трэцім па факце.
Пры гэтым чалавек, які напаў на мяне, быў паспяхова зарэгістраваны, яму прадалі кватэру, хаця, лічу, яго ўвогуле павінны былі выгнаць з будынка, бо ён прычыняе шкоду здароўю іншых людзей, як мінімум, парушае грамадскі парадак.
Я выклікаў нарад міліцыі, напісаў заяву на гэтага чалавека, зняў пабоі. Вырашыў надаць агалоску гэтай гісторыі, бо ўсё, што адбылося, — дзіч. Дзівіць, што ў офісе продажаў нават няма аховы. І агулам атрымліваецца замкнёнае кола, у якім супрацоўнікі супярэчаць самі сабе: кажуць, што спіс нічога не значыць, а потым рэгіструюць строга па ім.
Спіс ці жывая чарга?
Гісторыя Мінска ведае і значна больш скандальныя сітуацыі пад дзвярыма забудоўшчыкаў. У 2017‑м «чаргавікі» нават патрабавалі адмены праектнай дэкларацыі праз тое, што рана раніцай на ганку з'явіліся «захопнікі». Але тое быў УКБ і метр па $610 у эквіваленце (эх, былі часы). А тут — камерцыйны забудоўшчык, дарагі «квадрат» і крэдыт пад 1%.
Вось як сітуацыю пракаментавалі ў кампаніі «Рыверсайд Дэвелапмент Лімітэд».
— Нам вядома пра інцыдэнт, які адбыўся ў дзень старту продажаў кватэр у жылым комплексе «Паўночны бераг» 6 жніўня 2026 года.
Старт продажаў выклікаў высокую цікавасць. На працягу некалькіх дзён да старту ахвотныя набыць кватэры самастойна арганізавалі парадак чакання. Устаноўлены грамадзянамі парадак дзяжурстваў не з'яўляецца ініцыятывай або афіцыйным інструментам забудоўшчыка. Кампанія не фарміруе графікі дзяжурстваў або іншыя спісы тых, хто чакае старту продажаў, не ўстанаўлівае правілы ўдзелу ў іх і не рэгулюе ўзаемадносіны паміж грамадзянамі ў перыяд чакання адкрыцця офіса.
Да моманту адкрыцця офіса продажаў «Паўночнага берага» пераважная большасць тых, хто сабраўся, прызнавала чарговасць, якая склалася паміж імі, і заявіла супрацоўнікам пра гатоўнасць рэгістравацца менавіта ў такой паслядоўнасці. У сітуацыі, калі каля ўваходу адначасова знаходзілася вялікая колькасць людзей, супрацоўнікі офіса не маглі самастойна вызначаць, хто з прысутных фактычна прыйшоў першым, другім ці трэцім, або вырашаць спрэчкі пра чаргу, якія ўзніклі паміж імі.
Асобна пракаментуем інфармацыю пра прымяненне фізічнай сілы. Канфлікт паміж грамадзянамі адбыўся на вуліцы, за межамі офіса продажаў. Кампанія не надзелена паўнамоцтвамі ў забеспячэнні парадку за межамі офіса продажаў. Паколькі гаворка ідзе пра дзеянні адной фізічнай асобы ў дачыненні да іншай, прававую ацэнку таму, што адбылося, управе даць кампетэнтныя дзяржаўныя органы.
Кампанія катэгарычна не падтрымлівае любыя формы агрэсіі і шкадуе, што сітуацыя паміж тымі, хто чакаў, перарасла ў фізічны канфлікт.
Са свайго боку кампанія пры неабходнасці гатовая аказаць садзейнічанне праваахоўным органам у межах праверкі інцыдэнту, растлумачыў забудоўшчык.
Каментары
Сацыялізм змяніўся на капіталізм (з агаворкамі), а прынцып той жа.
[Зрэдагавана]