«Чытайце, зайздросьце. Я — грамадзянін Расіі!» Рускамірац Агафонаў пахваліўся новым пашпартам
Прарасійскі актывіст шчасліва перайначыў Маякоўскага.

«Пашпарціну трэба будзе забраць пазней, але гэта ўжо фармальнасці. Сёння а 10:04 я стаў грамадзянінам Расеі. Усё прайшло хутка і нават неяк будзённа. Назвалі тры прозвішчы, мы зайшлі, я ўпісаў свае даныя ў тэкст прысягі, зачытаў яе перад акенцам служачага аддзела міграцыі, атрымаў ад яго віншаванне з атрыманнем грамадзянства. Усё. Мурашкі хвалявання. Усведамленне сябе ў новай якасці прыналежнасці да вялікай краіны. Я — рускі рэпатрыянт. Не таму што прайшоў нейкую юрыдычную працэдуру рэпатрыяцыі. А проста таму што вярнуўся на радзіму», — напісаў Арцём Агафонаў.
Арцём Агафонаў нарадзіўся ў 1976 годзе ў Казахстане ў сям'і вайскоўцаў. Урэшце пераехаў у Беларусь, стаў актывістам АГП. Аднак пасля захопу Крыма рашуча падтрымаў расійскую агрэсію і абазначыў выразныя антыбеларускія пазіцыі.
Пасля адміністратыўнага пераследу і крытыкі з боку прапагандыстаў накшталт Рыгора Азаронка палічыў за лепшае з'ехаць з Беларусі.
«На жаль, палітыкі ў Беларусі скончыліся. Акрамя аднаго. Засталіся функцыянеры. Людзі — функцыі, ад перастаноўкі месцаў якіх мала што зменіцца», — наракаў тады Агафонаў.
Каментары