Прэзідэнтам FIDE стаў былы расіянін з казахстанскім пашпартам. Ён знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі
Прэзідэнтам Міжнароднай шахматнай федэрацыі (FIDE) абралі 38‑гадовага Цімура Турлова, ураджэнца Масквы і заснавальніка фінансавай кампаніі Freedom Holding Corp. У 2022 годзе ён адмовіўся ад грамадзянства Расіі і атрымаў грамадзянства Казахстана. З 2023 года Турлоў таксама ўзначальвае Шахматную федэрацыю Казахстана.

Выбары адбыліся 26 верасня на Генеральнай асамблеі FIDE ў Самаркандзе ва Узбекістане. У першым туры разам з Турловым на пасаду прэзідэнта прэтэндавалі немцы Ян Хенрык Бютнер і Вадзім Розенштайн. Ніводзін з кандыдатаў не набраў неабходнай колькасці галасоў, таму праз дзве гадзіны правялі другі тур паміж двума ўдзельнікамі, якія атрымалі найбольшую падтрымку.
У выніку Турлоў атрымаў 110 галасоў, а Розенштайн — 85. Розенштайн нарадзіўся на тэрыторыі сучаснай Украіны, а ў дзевяць гадоў разам з бацькамі пераехаў у Германію.
З перамогай Турлова павіншаваў былы прэзідэнт FIDE Аркадзь Дварковіч, які пакінуў пасаду ў канцы ліпеня 2026 года пасля ўключэння ў санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза. Паводле яго слоў, Турлоў ужо шмат зрабіў для шахмат, а цяпер на пасадзе кіраўніка FIDE зможа зрабіць яшчэ больш. Дварковіч адзначыў, што ў новага прэзідэнта і яго каманды ёсць энергія, выразны план і рэсурсы для выканання пастаўленых задач, а вынікі выбараў сведчаць пра значную падтрымку Турлова.
У кастрычніку 2022 года Турлоў і ўкраінская кампанія міжнароднага брокера Freedom Finance, якая яму належыць, трапілі пад санкцыі Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Афіцыйныя прычыны гэтага рашэння не паведамляліся, але выказваліся меркаванні, што санкцыі маглі быць звязаныя з расійскім бізнэсам Турлова.
Сам Турлоў яшчэ ў лістападзе 2022 года назваў уключэнне яго і кампаніі ў санкцыйны спіс «механічнай памылкай» і заявіў, што фактычных прычын для санкцый супраць кампаніі няма. Кіраўніцтва ўкраінскай Freedom Finance тады паведамляла, што працуе над абскарджаннем санкцый.
Гросмайстар Дзяніс Лазавік: «Беларуская мова вымірае. Я на ёй зусім не размаўляю, ды і з кім?»
З беларускіх шахматыстаў знялі ўсе абмежаванні
Юдзіт Полгар адмовілася ад прапановы стаць прэзідэнтам Венгрыі
Расійскі гросмайстар Уладзімір Крамнік атрымаў год дыскваліфікацыі — з-за абвінавачванняў у чыцінгу памерлага гросмайстара Нарадзіцкага
Узбекістан нечакана стаў адным з сусветных лідараў у шахматах
Каментары