Вайна3131

«Шаўрон можна зняць толькі з майго халоднага цела». Добраахвотнік «Соня» — пра тое, чаму вайна для яго стала надзеяй

«Запомні, Салавей: чым больш будзеш ваяваць, тым цішэйшым і сціплейшым будзеш», — казаў яму ўкраінскі пабрацім. Уладзіслаў Салавей з пазыўным «Соня» чацвёрты год ваюе ва Украіне. Ён быў камандзірам разведгрупы, атрымаў кантузіі і аскепкі ў спіну, на паўгода страціў баяздольнасць праз псіхічнае і фізічнае знясіленне. Цяпер Салавей рыхтуецца вярнуцца на фронт, не адкладае жыццё на пасля вайны і па-ранейшаму лічыць сябе байцом Палка Каліноўскага — бо гэта больш чым падраздзяленне. «Мне важна, каб мой прыклад даваў надзею тым, хто яе страціў. Я моцна сумняюся, што сам дажыву да вызвалення Беларусі. Але вырасце наступнае пакаленне, маладыя людзі ўбачаць, што да іх нехта змагаўся, і зразумеюць: усё не безнадзейна».

Уладзіслаў Салавей «Соня». Фота тут і далей — з архіву героя

«Мышы плакалі, калоліся, але елі кактус»

Нядаўна я выбраўся ў Харкаве ў кіно — на «Адысею» Крыстафера Нолана. Я вялікі фанат кінематографа, гэта маё хобі. Уявіце: Харкаў, бомбы, абстрэлы, а IMAX працуе і ў зале аншлаг. Я ледзьве купіў білет на крайняе месца.

Фільм ішоў тры з паловай гадзіны. Праз кантузію я доўга не вытрымліваю гучных гукаў, а там усё грымела. Мне было дрэнна. Але і добра, бо фільм выдатны. Мышы плакалі, калоліся, але працягвалі есці кактус. Вось так і я.

Гэты фільм мяне моцна закрануў. Любы чалавек з адукацыяй і разуменнем жыцця ўсё адно ў душы пацыфіст. Нават калі ён бярэцца за зброю, то дзеля таго, каб абараніцца і потым больш за яе не брацца. Ён не пачынае войнаў, ён іх заканчвае.

Героі «Адысеі» самі прыйшлі ў чужы горад і знішчылі яго. Тэхнічна яны перамаглі, але насамрэч прайгралі. Увесь фільм — расплата за тое, што яны зрабілі. Гэта гісторыя пра адказнасць.

Адна знаёмая ўкраінка ўбачыла ў фільме крыху іншае. Кажа: «Дык усё ж зразумела. Мужык збег ад жонкі, дваццаць гадоў недзе цягаўся, з нейкімі жанчынамі на астравах прападаў. Потым вярнуўся, калі яна ўжо адна сына выгадавала, і пачаў расказваць казкі: дарагая, я не мог прыехаць, там то віры, то сірэны. Казачнік!» Нам, вядома, спадабалася і гэтае апісанне.

Я стараюся не забываць, што жыццё ідзе цяпер. На вайне людзі сустракаюцца з сябрамі, святкуюць дні нараджэння і Новы год, ствараюць сем'і, нараджаюць дзяцей. Я гэтым летам нарэшце пабачыў мора ў Адэсе. Чатыры гады ва Украіне — і да гэтага ні разу не бачыў мора.

У Харкаве знайшоў краму, дзе прадаюць вафлі з малінай. Іх увесь час нехта раскупляў. Я прыехаў і кажу: «Паслухайце, я люблю гэтыя вафлі, што гэта такое?» Мы дамовіліся: прадаўшчыцы вафлі хаваюць, пакідаюць мне, я прыязджаю раз на тыдзень і забіраю.

У Харкаве (злева) і на моры ў Адэсе (справа)

Дробязі ратуюць. Нават калі гэта проста вафлі.

«А мы, трыццацігадовыя быкі накшталт мяне, скардзімся, што стаміліся. Сорамна казаць, што я стаміўся»

Калі ты ўвесь час знаходзішся ў вайне, думаеш толькі пра яе, перапоўнены нянавісцю і жорсткасцю, нервовая сістэма хутка знясільваецца. Гэта як ператрэніраваць цягліцы, толькі псіхіка аднаўляецца значна даўжэй.

Няма таблеткі або залатога рэцэпта, каб хутка аднавіць ужо знясіленую нервовую сістэму. Бадай, адзіны спосаб — з'ехаць кудысьці на паўгода, есці кашку, сядзець у басейне і глядзець удалечыню. І пакрысе яна адновіцца.

Я сябе да такога ўжо давёў. Амаль два гады таму ў Запарожжы страціў баяздольнасць і каля паўгода аднаўляўся. Тады загінулі людзі, у тым ліку вельмі блізкія мне. У мяне развіўся ПТСР. Ён праяўляўся хранічнай стомленасцю, раздражняльнасцю, зніжэннем кагнітыўных здольнасцяў і стратай кантролю над эмоцыямі. Да псіхічнага і фізічнага знясілення дадалася дэпрэсія.

У рэабілітацыйным цэнтры

Я не мог нармальна працаваць, планаваць, займацца фізічнай актыўнасцю, размаўляць з людзьмі. Уявіце, што заўтра ў вас надзвычай складаны экзамен, а сёння вы захварэлі на грып, ад вас пайшоў муж ці памерла мама. Ці зможаце вы нармальна падрыхтавацца? Наўрад ці. Але, калі вы праваліце экзамен, свет не абрынецца. А калі я дрэнна падрыхтую баявую задачу, могуць загінуць людзі.

Не скажу, што цалкам выйшаў з гэтага стану. Я ўсё яшчэ залечваю раны. Мне вельмі дапамагае псіхатэрапеўт і псіхіятр з пазыўным «Флой». Яна мае каля трыццаці гадоў прафесійнага досведу, была беларускай палітзняволенай, адседзела два гады, выйшла і прыехала служыць ва Украіну. Яна займаецца рэабілітацыяй байцоў. Дарослая жанчына, мае дзяцей. А мы, трыццацігадовыя быкі накшталт мяне, скардзімся, што стаміліся. Мне нават сорамна казаць, што я стаміўся.

Цяпер я паводжу сябе крыху хітрэй. Гэта здаровы эгаізм: не адмаўляю сабе ў кіно, сябрах, сустрэчах, добрай ежы. Не хачу думаць, што сапраўднае жыццё пачнецца пасля перамогі, а цяперашняе — нейкая дэма-версія, якую трэба перацярпець. Я хачу і цяпер быць шчаслівым: схадзіць у кіно, пакаштаваць нешта новае, пайсці на спатканне з прыгожай дзяўчынай, пасядзець у парку, пацалавацца. Мы ж людзі.

«У горадзе Крапіўніцкім, выбраліся з вучэнняў павячэраць»

«Мне ўвесь час страшна. Але ёсць страх, а ёсць паніка»

Мне ўвесь час страшна. Я ж чалавек. Але ёсць страх, а ёсць паніка. Страх можна кантраляваць, паніку — не. Страх мабілізуе: ты хутчэй думаеш, рухаешся, прымаеш рашэнні. Калі ён ператвараецца ў жах і завалодвае табой, ты губляеш баяздольнасць.

Да фонавага страху я амаль прывык. Мне нават падабаецца гук паветранай трывогі, асабліва ў Харкаве. У розных гарадах сірэны гучаць па-рознаму, а харкаўская, як на мяне, гучыць найлепш. Яна мяне супакойвае.

Але дзікі страх нікуды не знікае, калі ёсць непасрэдная пагроза жыццю. Аднойчы ў лесе побач ляжаў паранены канадскі баец — яму адарвала руку. Эвакуацыйная бронемашына ехала да нас, але не бачыла, дзе мы. Трэба было сярод белага дня выбегчы на адкрытае поле, дзе навокал расіяне, і махаць рукамі, каб машына нас заўважыла. Інакш чалавек памёр бы.

Я стаяў з рацыяй, чуў гул машыны і разумеў, што трэба выбягаць. Можа, пашанцуе, і мяне не заб'юць. А можа, заўважаць і расстраляюць. Усё ўнутры сціснулася, я быў нацягнуты, як струна. Гэта як стаяць на мосце перад скачком з тарзанкай: ты застыў, але мусіш зрабіць крок. Я ўдыхнуў, вырваўся з лесу і пабег па траве, пачаў махаць рукамі. Машына заехала да нас. Байца выратавалі, руку прышылі назад, і яна працуе.

Ці быў я героем? Ды не, я проста разумеў: калі не выбегу, чалавек памрэ. Іншага варыянта не было.

«Я рабіў сур'ёзныя памылкі, з якімі мне жыць да канца і якія ўжо немагчыма выправіць»

Без гумару ў гэта ўсё лепш наогул не ўвязвацца. Гэта і разрадка, і спосаб наладзіць кантакт, і псіхалагічная абарона.

З сябе я таксама смяюся. Але на вайне я пасталеў. Мяне не вабіць таксічная мужнасць — гэтыя дужыя барадатыя мужчыны з тату, якія на справе часта аказваюцца слабымі. Даросласць для мяне — унутраны спакой і ўменне несці адказнасць.

Соня (справа) з хлопцамі з яго баявой групы, рыхтуюцца да Купянска

На адным заданні ў мяне было дзесяць чалавек, якіх праз чатыры дні трэба было вярнуць жывымі. Калі я недзе памылюся, яны ў найлепшым выпадку могуць стаць людзьмі з інваліднасцю, у найгоршым — загінуць. Гэта вісіць на табе. Я гадзінамі сядзеў перад заданнем і напружваўся, мабыць, больш, чым матэматыкі над нейкай тэарэмай: як зрабіць так, каб мы не загінулі?

Адзін вельмі мудры ўкраінскі салдат некалі сказаў мне: «Запомні, Салавей: чым больш будзеш ваяваць, тым цішэйшым і сціплейшым павінен быць. Тады ты станеш прыкладам. Людзі ўбачаць твой баявы шлях і будуць раўняцца на цябе. Ты ўжо не можаш дазволіць сабе аказацца нейкім дэгенератам».

Я не хачу ствараць з сябе бездакорнага героя. Тут я рабіў сур'ёзныя памылкі, з якімі мне жыць да канца і якія ўжо немагчыма выправіць. Пра іх я не гатовы гаварыць.

Ёсць і загінулы чалавек, з якім я ўвесь час вяду ўнутраныя размовы. Гэта вельмі асабістае. Я не разумею, навошта нейкі асобны дзень памяці. Я памятаю кожны дзень. Ён і так заўсёды са мной.

«Магчыма, я не ўбачу новай Беларусі»

Я раней не асабліва імкнуўся ў медыя, публічнасць. Адзін разумны чалавек аднойчы сказаў мне: «Ты ўсё гэта робіш, але амаль ніхто гэтага не бачыць. Так яно і застанецца толькі з табой. А калі ўбачаць іншыя, нехта зразумее, што яшчэ варта змагацца».

Мне важна, каб мой прыклад даваў надзею тым, хто яе страціў. Я моцна сумняюся, што сам дажыву да вызвалення Беларусі. Такое жыццё. Але вырасце наступнае пакаленне, маладыя людзі ўбачаць, што да іх нехта змагаўся, і зразумеюць: усё не безнадзейна. Магчыма, я не ўбачу новай Беларусі, але магу падаць прыклад. Для мяне гэта і ёсць лідарства: узяць адказнасць, захаваць надзею і перадаць яе далей.

У 2020 годзе мне было 28. 9 жніўня я выйшаў на вуліцу, куртку прапаліла светлашумавая граната, а мяне самога закруцілі ў трэцюю камеру на першым паверсе Акрэсціна. Тры дні нас збівалі, катавалі. Да таго моманту я не бачыў столькі гвалту і крыві.

Цяпер успамінаю гэта амаль без эмоцый — пасля 2020‑га прайшло ўжо некалькі жыццяў. У памяці засталося добрае: момант, калі выйшаў з Акрэсціна, маршы, неймаверная надзея.

Пасля таго, як выйшаў з Акрэсціна. Фота: ПЦ «Вясна»

У мяне няма бязмежнай нянавісці да тых, хто гэта рабіў, і няма да іх жалю. Яны павінны адказаць. Калі людзі ў камеры казалі, што пойдуць адразаць галовы дзецям суддзі, я іх спыняў: «Якія галовы дзецям? Не ператварайцеся ў звяроў». Дзеці не вінаватыя ў тым, што зрабілі іх бацькі.

Да трыццаці гадоў я жыў хутчэй паводле прынцыпу «мая хата з краю». Усё жыццё быў летуценнікам, шмат часу праводзіў у фантазіях. А потым 2020 год, вайна і сталенне наклаліся адно на адно. Летуценнасць злучылася з абставінамі і нарадзіла мэту.

Уладзіслаў Салавей да пачатку вайны

Чаму я не магу свабодна жыць у сваёй краіне, дзе нарадзіўся і вырас? Толькі таму, што нехта так вырашыў? Значыць, гэты нехта адкажа. Я перастаў уцякаць. Калі б да свабоды можна было прыйсці іншым шляхам, пайшоў бы ім. Але пакуль шлях такі.

Уладзіслаў Салавей у Беластоку перад тым як паехаць на абарону Украіны

Калісьці ў самым пачатку я называў вайну куражом, пасля — дысцыплінай і працай. Цяпер вайна для мяне — надзея. Надзея, што ўсё гэта не марна, што вайна скончыцца нашай перамогай і мы зможам жыць людзьмі, а не рабамі.

У вучэбцы, адразу пасля прыезду ва Украіну

Калі яна працягнецца яшчэ дзесяць гадоў, я гатовы наколькі хопіць сіл і здароўя. Думаю, цела падвядзе мяне раней, чым душа. Душа несмяротная, з ёй усё будзе добра. З украінскімі пабрацімамі жартую: «Я не павінен памерці! У вас адна вайна, а ў мяне дзве. Мне пасля яшчэ сваю краіну вызваляць, таму мяне трэба берагчы!»

Чаму я называю сябе байцом Палка Каліноўскага

Апошнім часам у сацсетках з'явіліся допісы пра тое, што я нібыта ўжо не баец Палка Каліноўскага. Цяпер я сапраўды рыхтуюся перайсці ў новае падраздзяленне ўкраінскіх сіл і фармую там групу. Апошнія восем месяцаў служыў у разведвальным батальёне Нацыянальнай гвардыі, выключна з украінцамі. Але

для мяне Полк Каліноўскага — шырэйшае паняцце, чым адна вайсковая адзінка са штатам і кантрактамі. Гэта рух беларусаў, якія служаць у розных украінскіх падраздзяленнях, а таксама ветэранаў і валанцёраў. Нас аб'ядноўвае мэта — вызваленне Беларусі праз перамогу Украіны.

Каля двух гадоў таму мы сабралі прадстаўнікоў падраздзяленняў і байцоў і прынялі ўнутраны дакумент. У ім запісалі, што байцамі Палка з'яўляюцца тыя, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях або забяспечваў іх, падзяляе місію Палка, а таксама рэзервісты і ветэраны незалежна ад таго, у якой вайсковай частцы яны цяпер.

Шаўрон для мяне — не лагатып канкрэтнай вайсковай часткі. Гэта сімвал прыналежнасці да руху і нашай мэты. Мне яго не выдаў нейкі канкрэтны чалавек, я не купіў яго ў кіёску. Каб яго насіць, мне давялося пабываць у пекле і заплаціць крывёю. Ніхто не будзе вырашаць за мяне, маю я права насіць гэты шаўрон ці не. Калі нехта захоча яго з мяне зняць, то зможа зрабіць гэта толькі з майго халоднага цела.

Некаторых маіх сяброў дагэтуль немагчыма пахаваць. Я ўжо год не магу забраць парэшткі аднаго з іх. Таму для мяне Полк — гэта не пра фонды, данаты або званні. Гэта пра людзей, якіх ужо няма побач.

Я разумею, што не ўсе падзяляюць такое шырокае разуменне Палка. Але не хачу рабіць з гэтага вайну ўнутры вайны. Большасць з нас нармальна служыць, сябруе, выконвае задачы. Так, у добраахвотніцкім асяроддзі здараюцца непаразуменні. Але пабрацімы, якія б яны ні былі, застаюцца нашымі беларускімі салдатамі.

Мне таксама важныя ўзнагароды. Яны дасталіся мне цяжкой крывёю. Такое не купіш за грошы: я плаціў рызыкай свайго жыцця. Узнагарода паказвае, што ўва мне яшчэ ёсць энергія і я ўсё яшчэ на нешта здольны. Для кагосьці гэта проста жалезкі, я нікога не папракну. Але для мяне яны маюць значэнне.

Медаль за адвагу

«Калі мне не хацелі выдаваць банкаўскую картку, афіцэры Нацгвардыі селі са мной у машыну і паехалі ў банк»

У беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне застаюцца прававыя праблемы. Беларусь — краіна-суагрэсарка, гэта аб'ектыўная рэальнасць: з яе тэрыторыі ішла атака на Украіну. Таму любому беларусу тут цяжка адстойваць свае правы, незалежна ад таго, ваюе ён на ўкраінскім баку ці не.

Я сам сутыкаўся са складанасцямі з банкаўскімі карткамі і дакументамі, хоць служу па кантракце і ўдзельнічаю ў баявых дзеяннях. Я прыехаў сюды паводле сваіх перакананняў і спачатку думаў: я нікому нічога не павінен, але і мне ніхто нічога не павінен.

Аднак замежны баец падпісвае афіцыйны кантракт з украінскай дзяржавай. Гэта прававыя адносіны, і яго правы, як і правы сям'і, павінны быць абароненыя законам.

Асабліва цяжка ўдовам беларускіх добраахвотнікаў. Ёсць жанчыны, чые мужы загінулі на баявых заданнях, але яны не могуць атрымаць выплаты. Сярод іх ёсць і ветэранка Інтэрнацыянальнага легіёна.

Уладзіслаў Салавей справа. З найлепшым сябрам маёрам Дэйвам Смітам

Пры гэтым асабіста я амаль заўсёды бачыў з боку ўкраінцаў вялікую павагу. Калі мне не хацелі выдаваць банкаўскую картку, афіцэры Нацгвардыі селі са мной у машыну, паехалі ў банк і сказалі: «Гэта наш баец, ён прыехаў абараняць краіну, вырашайце пытанне». Але хацелася б, каб усё залежала не ад прыстойнасці канкрэтных людзей на месцы, а ад закона.

Разам з паплечнікамі мы стварылі невялікі фонд «Булварк». Пакуль вялікіх заслуг у яго няма. Праз фонд аплачвалі рамонт аўтамабіляў для вайскоўцаў, дапамагаем з дакументамі і псіхалагічнай падтрымкай, можам афіцыйна запрашаць беларускіх валанцёраў ва Украіну.

Мы вырашылі: калі салдаты самі зарэгіструюць свой маленькі фонд для ўласных патрэб, то ўжо дакладна не змогуць падмануць саміх сябе.

«Калі спытаюць, як я памёр, лепей раскажыце, як я жыў»

Я не ведаю, колькі яшчэ працягнецца вайна. Адны кажуць — вось-вось скончыцца, іншыя — да 2030-га, да 2040-га, нехта чакае ядзернай вайны. Колькі людзей, столькі меркаванняў.

Я не жыву выключна сённяшнім днём, у мяне ёсць планы і сістэмнае мысленне. Проста не хачу ўпусціць сённяшні дзень дзеля будучыні. Павольна і цярпліва іду да мэты, але не адмаўляюся жыць. Асабістае жыццё ідзе — і ідзе выдатна. 

Я хацеў бы сям'ю і дзяцей, толькі не цяпер. Баюся, што мяне заб'юць і дзіця будзе расці без бацькі. Мая сяброўка Маргарыта Ляўчук пераехала да мужа ў Харкаў цяжарнай. Я пытаўся: «Марго, вайна, муж на фронце, ты ў Харкаве — не баішся яшчэ і нараджаць?» Яна паглядзела і сказала: «Дык што мне цяпер, не жыць, раз вайна ідзе?»

Малайчына. Я мужчын тут не баюся, а вось такіх жанчын баюся. Добра, што мы сябруем.

«Мая першая сустрэча з Маргарытай Ляўчук, мы пазнаёміліся, калі яна прыехала і дала канцэрт у школьным падвале для нашых байцоў, я гэты склеп і байцоў арганізоўваў»

Я не марыў быць вайскоўцам. Да трыццаці гадоў пазбягаў войска ўсімі спосабамі, у беларускае таксама не пайшоў. У мяне гуманітарнае, творчае мысленне. 

Не ведаю, чым буду займацца пасля вайны, але не баюся гэтага. Я знайду сябе, бо не буду баяцца шукаць. У юнацтве марыў стаць кінарэжысёрам, можа, ім і стану? Калі нейкім цудам выжыву. Цяпер не патрэбныя мільёны долараў, каб рабіць прыгожыя ролікі. Буду пісаць сцэнары. Калісьці пісаў вершы, меў ютуб-канал з аглядамі фільмаў. Можа, стану зусім іншым чалавекам.

Калі ўсё скончыцца, Беларусь будзе свабоднай і мы вернемся дадому, я акуратна складу ў сакрэтны чамаданчык форму, узнагароды, фотаздымкі і шаўроны, падораныя пабрацімамі — жывымі і тымі, каго ўжо няма. Схаваю яго на далёкую паліцу і ніколі ў жыцці больш не вазьму аўтамата.

Цяпер жа я заканчваю аднаўленне, фармую новую групу і рыхтуюся да фронту. Зіма будзе цяжкая. Папярэднюю я правёў на пазіцыі пры мінус дваццаці. Цяпер той вёскі і самой пазіцыі ўжо няма, усё знішчылі авіябомбамі.

Калі зняць з мяне форму і азначэнне беларускага добраахвотніка, то кім я буду? Проста чалавекам, грамадзянінам, Уладзіславам Салаўём, хлопцам. Не найлепшым сынам, не найлепшым братам і не найлепшым сябрам.

Я вайсковы чалавек, таму заўсёды маю некалькі планаў. Пакуль дзейнічае план А. У ім ёсць новая група, надзея вярнуцца ў Беларусь, поўная зала ў харкаўскім кінатэатры і пачак малінавых вафель, схаваны для мяне ў краме. 

Калі план А не спрацуе і вы вернецеся дадому ў Беларусь, мне б хацелася, каб журналісты расказвалі нашы гісторыі. І калі нехта спытае: «Як ён памёр?», лепей адкажыце: «Давайце я раскажу, як ён жыў». Бо як ён памёр — нікому не цікава.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары31

  • Нда
    01.10.2026
    Воюет за страну где не может сделать даже банковскую карточку.Ну норм че
  • Толькі перамога
    01.10.2026
    Сцеражы Божа яго і ўсіх абаронцаў Украіны.
  • БЕРАСЦЬ
    01.10.2026
    Дзякуй табе.

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію88

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

12 выпускнікоў ЕГУ і іх выкладчыкі стварылі ў Вільні «Тэатр 21»

«6850 рублёў — норм?» Кліентка каршэрынгу паскардзілася на велізарны штраф пасля ДТЗ. Што адказалі ў кампаніі

Рубіа: Без дапамогі ЗША Украіны не было б5

Стаць акадэмікам можна будзе толькі з дазволу Рады бяспекі21

Трагедыя на Лагойскім тракце: з акна шматпавярховіка выпаў чалавек у балаклаве і павіс на тросе4

«Абарот — каля $100 мільёнаў». Алесь Мухін расказаў пра бізнэс і заробкі на «Што? Дзе? Калі?»3

Выбухоўку для расійскіх дыверсій у Еўропе перавозілі агенты-беларусы — WSJ з крыніц у спецслужбах11

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію88

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць