У Кіеве пачалі ставіць аўтаматычныя турэлі для збіцця расійскіх рэактыўных дронаў
Украіна разгортвае новую шматзвёнавую сістэму абароны сталіцы і стратэгічных аб'ектаў ад найноўшых расійскіх беспілотнікаў. Пакуль прэзідэнт РФ заяўляе пра адсутнасць «проціяддзя», Кіеў тэстуе аўтаматызаваныя баявыя модулі, дроны-перахопнікі і мадэрнізуе ўласную ракетную праграму.

Пра стварэнне новага эшалона абароны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў падчас сумеснай прэс-канферэнцыі з федэральным канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам.
Галоўнай тэмай стала супрацьдзеянне рэактыўным дронам, якія расійская армія пачала актыўна выкарыстоўваць у апошнія месяцы. Хуткасць такіх апаратаў у 3—4 разы перавышае хуткасць звычайных беспілотнікаў тыпу «Шахед», што робіць іх знішчэнне мабільнымі агнявымі групамі (з выкарыстаннем кулямётаў і пражэктараў) практычна немагчымым.
У канцы верасня Уладзімір Пуцін сцвярджаў, што ва Украіны цяпер няма абароны ад расійскіх рэактыўных дронаў. Адказам Кіева стала маштабная праграма мадэрнізацыі СПА, якая ўключае тры кірункі.
Аўтаматычныя турэлі і дроны-перахопнікі
Першым практычным крокам стала ўстаноўка аўтаматызаваных баявых модуляў (турэляў). Паводле слоў Зяленскага, праграма толькі пачынае нармальна развівацца, але ў сталіцы ўжо разгорнута больш за 12 такіх сістэм.
Як удакладняе выданне «Українська правда», гаворка ідзе пра сучасныя аўтаматычныя турэлі, абсталяваныя кулямётамі 50‑га калібра. У бліжэйшы час плануецца ўсталяваць яшчэ як мінімум восем такіх машын у Кіеўскай вобласці, пасля чаго дзясяткі модуляў з'явяцца на розных стратэгічных аб'ектах краіны.
Другім элементам абароны стане сумесная з Германіяй вытворчасць далёкабойных дронаў-перахопнікаў «Барс», якія па сваіх характарыстыках набліжаюцца да ракет.
Зяленскі ў сваім выступленні адзначыў, што менавіта гэтыя апараты паказалі найвышэйшы працэнт эфектыўнасці падчас выпрабаванняў. Цяпер яны збіваюць каля 30% цэляў, але гэты паказчык пастаянна расце. Кіеў чакае пастаўку 2 тысяч такіх апаратаў, якія вырабляюцца сумесна з нямецкімі партнёрамі. Трэцім этапам стане праграма так званых «малых ракет», першыя практычныя вынікі якой чакаюцца ўжо ў другой палове кастрычніка.
Эскалацыя і абмен ударамі па цывільнай інфраструктуры
Абмеркаванне новых сродкаў абароны адбывалася на фоне беспрэцэдэнтнага абвастрэння канфлікту. Раніцай 4 кастрычніка расійскія войскі чарговы раз атакавалі Паўночны мост у Кіеве. Зяленскі рэзка асудзіў гэтую тактыку, нагадаўшы пра папярэднія ўдары па дата-цэнтрах, інфраструктуры мабільнай сувязі, паштовых аддзяленнях і цэнтрах лагістыкі («Новая пошта», «Укрпошта»).
Прэзідэнт Украіны адкрыта прызнаў, што Кіеў адказвае на такія дзеянні сіметрычна, згадаўшы нядаўні ўдар па расійскіх складах маркетплэйса Wildberries.
«Ідзе эскалацыя ад рускіх. Цяпер яны б'юць па мастах. Няўжо яны думаюць, што мы не будзем адказваць? Б'юць па дата-цэнтрах. Усё гэта пра людзей. Гэта дакладна не нейкая ваенная інфраструктура. Як Пуцін гэта робіць? Шчыра здзіўлены гэтым зверскім жаданнем эскаляваць кожны дзень. Ён гэтага вельмі хоча. Гэта адказ усім тым, хто лічыць, што проста трэба папрасіць Пуціна — і ён дакладна скончыць вайну. Проста не атрымаецца», — падкрэсліў Зяленскі.
Нягледзячы на жорсткую рыторыку і абмен ударамі, Украіна пакідае прастору для дыпламатыі. Падчас прэс-канферэнцыі Зяленскі пацвердзіў, што напярэдадні вёў перамовы з амерыканскай перагаворнай групай. Вашынгтон прапанаваў арганізаваць трохбаковую сустрэчу паміж Украінай і Расіяй на тэхнічным узроўні да канца кастрычніка ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах або іншай нейтральнай краіне. Украінскі бок ужо даў афіцыйную згоду і цяпер чакае адказу ад расійскага кіраўніцтва.
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары