Пад Брэстам кітайцы будуюць цяпліцу, дзе за агуркамі і памідорамі будзе сачыць штучны інтэлект
Цяпліцу пятага пакалення плошчай 1,6 гектара плануюць узвесці да канца 2026 года.

Новую цяпліцу будуюць на тэрыторыі камбіната «Берасце» ў Брэсцкім раёне, паведамляе БелТА. Праект рэалізуюць разам з кітайскімі партнёрамі паводле пагаднення, падпісанага ў снежні 2025 года ў Шанхаі.
Кампанія, якая перамагла ў тэндары, ужо выйшла на пляцоўку і пачала падрыхтоўчыя работы. Абсталяванне адправілі з Кітая.
«Падрадчыкі гарантуюць укласціся ў тэрміны. Аднак ёсць асцярогі наконт таго, як абсталяванне пройдзе межы. Калі праблем не будзе, то да канца гэтага года абяцаюць пабудаваць цяпліцу», — расказаў старшыня Брэсцкага райвыканкама Рыгор Панасюк.
Штучны інтэлект будзе сачыць за ростам раслін, тэмпературай і іншымі паказчыкамі. Праграмнае забеспячэнне стане кіраваць сістэмамі, якія падаюць раслінам неабходныя рэчывы, а таксама дадатковым асвятленнем.
У цяпліцы плануюць круглы год вырошчваць агуркі і памідоры. Аўтаматызацыя дазволіць атрымліваць больш прадукцыі з кожнага квадратнага метра і знізіць выдаткі.
Цяперашняе будаўніцтва — пробны этап праекта. Калі ён будзе паспяховым, цяплічны комплекс могуць пашырыць яшчэ на 10 гектараў. На трэцім этапе разглядаецца далучэнне пляцоўкі да свабоднай эканамічнай зоны «Брэст».
Каментары