Прадавец кітайскіх электрамабіляў, які будаваў маштабныя планы, абвясціў аб банкруцтве
Эканамічны суд Мінска 22 верасня распачаў вытворчасць па справе аб банкруцтве ТАА «7 Джы Пі». На рынку гэтая кампанія была вядомая пад брэндам SGP і пазіцыянавала сябе як буйнога імпарцёра кітайскіх электрамабіляў, піша Office Life.

Ініцыятарам банкруцтва выступіў ліквідатар таварыства ў сувязі з адсутнасцю сродкаў для пагашэння абавязацельстваў. Запазычанасць дасягнула 4,4 млн рублёў, пры гэтым актывы складаюць 266 рублёў. Ніякай іншай маёмасці, як і дэбіторскай запазычанасці, ліквідатар выявіць не змог.
Агульная сума крэдыторскай запазычанасці паводле рэестра патрабаванняў крэдытораў на 21 жніўня складала 1,68 млн рублёў, у тым ліку 3,9 млн юаняў.
Як вынікае з матэрыялаў справы, з 14 красавіка 2026 года адзіным удзельнікам і ўладальнікам кампаніі з'яўляецца Яўген Восіпаў.
У Беларусі SGP заявіла пра сябе ў маі 2023 года, адкрыўшы шоурум на праспекце Дзяржынскага ў Мінску. Кампанія спецыялізавалася на продажы кітайскіх электрамабіляў BYD.
Імпарцёр абяцаў стварыць паўнавартасную экасістэму, прапаноўваючы кліентам дастаўку машын «пад ключ» з Кітая за 60 дзён, выгадны лізінг і продаж хатніх зарадных станцый.
Планы кампаніі распаўсюджваліся і за межы Беларусі: кіраўніцтва SGP заяўляла, што ў 2023 годзе будзе пастаўляць кітайскія электрамабілі ў Расію і іншыя краіны СНД і ўжо дасягнула з вытворцамі адпаведных дамоўленасцяў. Аднак пасля з'яўлення навін у СМІ прадстаўнікі BYD афіцыйна зняпраўдзілі гэтую заяву.
Цяпер чытаюць
«З расіян-наведнікаў працэнтаў 70 аказваліся ватнікамі». Экс-гід з музея ВАВ, якога затрымлівалі яго ж экскурсанты, цяпер папулярны ў Варшаве — пагутарылі з ім
Каментары