У Гімалаях ёсць самая высокая гара ў свеце, на якую яшчэ ніхто не ўзняўся. У чым прычына?
Пакуль тысячы людзей штурмуюць Эверэст, гара Канкар-Пунсум вышынёй больш за 7500 метраў застаецца абсалютна некранутай. Справа не толькі ў смяротных абрывах і шквальным ветры.

Гара Канкар-Пунсум знаходзіцца ў Гімалаях на мяжы Бутана і Тыбета. Вяршыня ўздымаецца прыкладна на 7570 метраў над узроўнем мора і лічыцца найвышэйшай з дагэтуль непакораных у свеце. Пры гэтым нават дакладнае вызначэнне яе месцазнаходжання доўгі час было праблемай. Старыя карты рэгіёна істотна адрозніваліся адна ад адной, і першай экспедыцыі, якая збіралася падняцца на вяршыню, не ўдалося нават яе знайсці.
Як піша IFLScience, Бутан адкрыў свае горы для замежных альпіністаў толькі ў 1983 годзе. У перыяд з 1983 па 1994 год каманды альпіністаў з Японіі, Аўстраліі і Вялікабрытаніі спрабавалі пакарыць гару, аднак усе яны былі вымушаныя павярнуць назад.
Гара аказалася сур'ёзным выпрабаваннем нават для дасведчаных альпіністаў. Складаны рэльеф, снег, лёд і моцны вецер не дазвалялі групам дабрацца да вяршыні. Найвышэй паднялася японская экспедыцыя ў 1985 годзе, якая дасягнула адзнакі каля 6850 метраў.
Аднак галоўнай перашкодай для альпіністаў сталі не толькі экстрэмальныя ўмовы. У 1994 годзе ўлады Бутана забаранілі ўзыходжанне на ўсе вяршыні краіны вышынёй больш за 6000 метраў, а ў 2003 годзе цалкам закрылі краіну для альпінізму. Адной з прычын стала бяспека: у гэтым аддаленым рэгіёне не хапае выратавальных службаў, якія маглі б дапамагчы альпіністам у выпадку аварыі.
Аднак не менш важнае значэнне мае стаўленне мясцовых жыхароў да гор. У бутанскай культуры высокія вяршыні маюць вялікае духоўнае значэнне і лічацца месцам знаходжання духаў і бостваў.
Назва Канкар-Пунсум перакладаецца як «Белы пік трох духоўных братоў». Вернікі лічаць гэтыя горы домам святых духаў-ахоўнікаў і перакананыя, што прысутнасць чужынцаў, якія будуць таптаць іх святыню, прынясе бяду ўсяму рэгіёну. Гэтыя мясціны таксама ахутаныя паданнямі пра снежнага чалавека мігоі (еці) і цмокаў-грамавержцаў. Цмок займае асаблівае месца ў культуры Бутана і нават адлюстраваны на дзяржаўным сцягу краіны.
Адзіная сур'ёзная спроба абысці забарону адбылася ў 1998 годзе, калі японская каманда паспрабавала падняцца на гару з боку Тыбета, атрымаўшы дазвол ад Кітая, які меў свае тэрытарыяльныя прэтэнзіі на гэтую тэрыторыю. Аднак праз дыпламатычныя пратэсты з боку Бутана дазвол быў нечакана адкліканы.
У выніку ў 1999 годзе японцы падняліся не на Канкар-Пунсум, а на суседні Ліянканг-Кангры вышынёй каля 7535 метраў. Ад галоўнай вяршыні яго аддзяляе прыкладна двухкіламетровы горны грэбень.
Такім чынам, пакуль Бутан захоўвае забарону на альпінізм, легальна падняцца на Канкар-Пунсум з яго тэрыторыі немагчыма. І прыкмет таго, што краіна збіраецца змяніць сваю палітыку, няма.
Цяпер чытаюць
«Стрэльба калі і стрэліць, то наўрад ці кулямётнай чаргой». Максім Знак ацаніў рэальнасць пагроз беларускай прапаганды пазбавіць грамадзянства палітэмігрантаў
Каментары